Болтан і новая Рэч Паспалітая, або Чаго Масква не даруе Лукашэнку

Сакратар Савету бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, старшыня Рады бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Данілюк, кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Павэл Солёх і дарадца прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан падчас сустрэчы ў Варшаве, 31 жніўня 2019 года. Фота – Twitter.com/AmbJohnBolton

Фатаграфію, на якой дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан сустракаецца з кіраўнікамі саветаў бяспекі Беларусі, Польшчы і Украіны, адзін з расейскіх Telegram-каналаў задзірыста ахрысціў «атлантычнай дугой». Вызначэнне больш чым дзіўнае, калі прыгадаць пра ўдзел у сустрэчы сакратара Савету бяспекі Беларусі – краіны, якая ўваходзіць у АДКБ. Але, тым не менш, у геапалітычнай фантазіі Джону Болтану не адмовіш.

Пасля візітаў у Менск і Кіеў у яго не было ніякай настойлівай неабходнасці сустракацца ў Варшаве з сакратарамі ўкраінскага і беларускага саветаў бяспекі. Ён і так ужо правёў досыць грунтоўныя перамовы з першымі асобамі – Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Зяленскім, а пры неабходнасці мог дазволіць сабе дадатковыя кансультацыі з кіраўніцтвам саветаў бяспекі. У Варшаве можна было б абмежавацца дачыненнямі з кіраўніцтвам Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы.

Тым не менш, Болтан палічыў за лепшае зусім іншы фармат – сабраць за адным сталом, на адной фатаграфіі прадстаўнікоў Польшчы – краіны, якая ўваходзіць у NATO, Украіны – краіны, якая ў NATO імкнецца, і Беларусі – краіны, якая ўваходзіць у АДКБ.

Не выклік Крамлю, а грэбаванне Расеяй

Тым самым ён прадэманстраваў, што на ўсходзе Еўропы можа скласціся зусім іншая прастора бяспекі – не апендыкс Масквы, але «старая» Рэч Паспалітая (для паўнаты карціны не хапала толькі прадстаўніка Літвы). Паказаў, што сакратар беларускага Савету бяспекі Станіслаў Зась, які ў 2020 годзе стане генеральным сакратаром АДКБ, можа абмяркоўваць пытанні бяспекі сваёй краіны ў таварыстве высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка і кіраўнікоў саветаў бяспекі краін-суседзяў.

Гэта нават цяжка назваць выклікам Крамлю. Гэта – грэбаванне Расеяй і яе прадстаўленнем пра свае геапалітычныя інтарэсы. Так, вядома, трохбаковая сустрэча ў фармаце ЗША-Польшча-Украіна нікога б у Маскве асабліва не здзівіла, хіба што прымусіла б журботна ўздыхнуць праз вонкавую палітыку новага ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Але Беларусь!

Гэтага Лукашэнку доўга не забудуць

Зразумела, што гэткая сустрэча не магла б прайсці без асабістага ўхвалення Аляксандра Лукашэнкі – беларускі прэзідэнт выдатна разумеў, на якія менавіта перамовы і ў якім фармаце ён накіроўвае свайго сакратара Савету бяспекі. Зразумела, што гэта можа мець наступствы для расейска-беларускіх дачыненняў – таму што ў Маскве таксама выдатна разумеюць, што на самай справе адбылося ў Варшаве. І гэтага Лукашэнку доўга не забудуць. Гэта нават не візіт Болтана ў Менск, гэта – прэтэнзія на геапалітыку ў яе амерыканскім разуменні.

Hавiны
Беларусь абмяркоўвае бяспеку ў нашым рэгіёне разам з Польшчай, Украінай і ЗША
2019.08.31 20:35

Важна таксама іншае: у гэтым самым амерыканскім разуменні – прынамсі, калі казаць пра адміністрацыю прэзідэнта – пытанні дэмакратыі і правоў чалавека адыходзяць на другі план перад пытаннямі лаяльнасці і гатовасці лічыцца з нацыянальнымі інтарэсамі ЗША. У гэтым сэнсе вонкавая палітыка Доналда Трампа пачынае ўсё ў большай ступені нагадваць вонкавую палітыку часоў, напрыклад, Рычарда Ніксана і збліжэння з КНР, чым вонкавую палітыку Біла Клінтана і Барака Абамы. А гэта ў сваю чаргу змяняе расстаноўку сіл на постсавецкай прасторы.

Таму што можа аказацца, што зусім не абавязкова быць вялікім лібералам і дэмакратам, каб супрацоўнічаць з ЗША. І вечная праблема – калі ты не дэмакрат і не шануеш правы чалавека, то зможаш мець справу толькі з Масквой – перастае быць праблемай.

Цяпер для цябе самае галоўнае – Трамп і яго разуменне інтарэсаў ЗША, а зусім не дэмакратыя.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Мнения
Эффект Шойгу – Россия укрепляется в Молдове
2019.08.26 13:11

Віталь Портнікаў для Belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў