Больш за ўсё беларусаў не ідуць у войска праз вучобу


Адтэрміноўку паводле гэтай прычыны сёлета атрымалі 20 тыс. чалавек.

Сёння, 10 снежня ў злучэннях і воінскіх частках на вернасць Радзіме прысягнуць каля 7,5 тыс. вайскоўцаў, прызваных на тэрміновую службу, і 2 тыс. – на службу ў рэзерве.

Больш за 1800 рэзервістаў будуць праходзіць службу ў вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (прысягу сёння тут будзе прымаць міністр абароны Андрэй Раўкоў).

Маштабныя ўрачыстыя імпрэзы пройдуць у Берасцейскай крэпасці (прысягу тут прымуць 650 вайсковых службоўцаў), на плошчы Перамогі ў Віцебску, а таксама ў Горадні і Слоніме.

Атрымаць адтэрміноўку ад вайсковай службы, абавязковай для ўсіх мужчынаў да 27 гадоў, можна на падставе вучобы або атрымання вайскова-тэхнічнай спецыяльнасці, паводле стану здароўя або сямейнага становішча, а таксама ў сувязі са здзяйсненнем дэпутацкіх паўнамоцтваў.

Вызваліць ад войска можа і прэзідэнт – на падставе адмысловага ўказу.

«Інтэрфакс» падае, што падчас сёлетняй прызыўной кампаніі – са жніўня па лістапад – прызыўныя камісіі прадставілі каля 25 тыс. адтэрміновак, большую частку з якіх – больш за 80% – складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі.

ДД; фота: Bobr.by

Стужка навінаў