Больш за тысячу навучэнцаў: Беларускаму гуманітарнаму ліцэю – 30 гадоў

30-годдзе дзейнасці на ніве беларускай адукацыі ды нацыянальнага адраджэння 15 студзеня адзначае Беларускі гуманітарны ліцэй. Дзве траціны ад трох дзясяткаў гадоў Коласаўскі ліцэй змушана працуе па-за межамі дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Круглую дату ліцэісты і выкладчыкі сустрэлі ў «напалову падпольных умовах» дыстанцыйна-хатняга навучання.

У Беларускім гуманітарным ліцэі. 14 студзеня 2021 года. Фота: ЛП /«Белсат»

У ліцэйскім будынку раней вучылі, цяпер – судзяць

Кожны год 15 студзеня – у дзень заснавання ліцэю – навучэнцы ды выкладчыкі прыходзяць да будынку на вуліцы Кірава 21. Гэта даўняя традыцыя: правесці імправізаваную лінейку пад адкрытым зімовым небам і праспяваць ліцэйскі гімн – перакладзены на беларускую мову лацінскі «Gaudeamus». Калісьці гэты будынак належаў Коласаўскаму ліцэю, а цяпер яго займае суд Цэнтральнага раёну, дзе судзяць грамадска-палітычных актывістаў, у тым ліку былых выпускнікоў і нават выкладчыкаў ліцэю. Традыцыя была парушаная толькі сёлета: праз пандэмію каронавіруса і палітычную напружанасць у грамадстве юбілейная лінейка не адбылася. Аднак гэта не пагоршыла настрою ліцэістаў, а тым больш не зменшыла любові да сваёй альма-матар.

«У ліцэі мяне захапілі вучобай і навучылі вучыцца: я не ўяўляла, што гэта можа быць так цікава і захапляльна».

Штогадовая лінейка 15 студзеня, якая сёлета не адбылася. Архіўны здымак. Фота: ГА / «Белсат»

«Ліцэй – гэта асаблівая атмасфера дэмакратычнасці і павагі да асобы: вяртанне ў школу было б немагчымае».

«Ліцэй надаў мне адвагі размаўляць па-беларуску не толькі ў сваім асяродку, але ўсюды і штодня. А яшчэ тут усе аднадумцы ды сябры».

Гэта толькі некаторыя ўражанні пра ліцэй навучэнцаў-трэцякурснікаў.

У Міністэрстве адукацыі знішчалі ліцэй, каб выслужыцца

Беларускі гуманітарны ліцэй паўстаў на хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння: у 1989 годзе Таварыства беларускае мовы пастанавіла стварыць нядзельны ліцэй для вывучэння беларускае мовы, літаратуры, гісторыі ды нацыянальнае культуры. Неўзабаве заняткі сталіся такімі запатрабаванымі і папулярнымі, што грамадскасць дамаглася пастановы Савету Міністраў БССР ад 15 студзеня, якой і быў створаны Беларускі гуманітарны ліцэй. А ў 1991-м распачаліся заняткі першага набору навучэнцаў.

Беларускі гуманітарны ліцэй. 14 студзеня 2021 года. Фота: ЛП / «Белсат»

Будынак на Кірава 21 дастаўся ліцэю ў спадчыну ад былой маёмасці Камуністычнай партыі ў 1992 годзе. Але ўжо праз пяць гадоў яго забрала ва ўласнасць новая ўлада – адміністрацыя першага прэзідэнта. Ліцэісты яшчэ заставаліся ў будынку, аж пакуль у 2003-м Савет Міністраў не пастанавіў зліквідаваць ліцэй і адабраць будынак. Шматлікія пратэсты ліцэістаў, бацькоў і настаўнікаў – пікеты, мітынгі ды шэсці – не далі плёну: ліцэй пачаў працаваць па-за межамі дзяржаўнай сістэмы адукацыі, нібыта партызанская школа. Нязменны дырэктар ліцэю Уладзімір Колас мяркуе, што галоўным чыннікам наступу на ўнікальную навучальную ўстанову сталася новае кіраўніцтва ў Міністэрстве адукацыі, якое змянілася разам з прыходам прэзідэнцкай улады ў Беларусі:

«На момант стварэння ліцэю ў Міністэрстве адукацыі былі людзі, якія падтрымлівалі ідэю беларускасці, былі прафесіяналамі ў сваёй справе, якія цанілі каштоўнасць высокага ўзроўню адукацыі. Каштоўнасць беларускае мовы была важная сама сабою: ліцэй быў першай у Менску беларускамоўнаю сярэдняю навучальнай установай. Але важным было таксама, каб ліцэй быў каштоўным і высокім узроўнем адукацыі, каб навучэнцы маглі атрымоўваць якасную, на еўрапейскім і сусветным узроўні адукацыю. І нам гэта ўдалося. Але неўзабаве ў міністэрства прыйшлі чыноўнікі без якіх-небудзь нацыянальных ідэяў, маральных каштоўнасцяў і прафесійнага ўзроўню. Яны проста хацелі выслужвацца перад сваім кіраўніцтвам, наступаючы на ўстанову адукацыі, якая не ўпісвалася ў рамкі савецкага ўзору, да якіх гэтае кіраўніцтва вырашыла зноў вярнуць Беларусь».

30-годдзе дзейнасці на ніве беларускай адукацыі ды нацыянальнага адраджэння 15 студзеня адзначае Беларускі гуманітарны ліцэй. 14 студзеня 2021 года. Фота: ЛП / «Белсат»

Коласаўскія выпускнікі – цяперашнія акторы, выкладчыкі, журналісты і нават святары

Гэтак, унікальнаю каштоўнасцю коласаўскага ліцэю быў і застаецца яго навукова-выкладчыцкі склад: гэта адзіная ў Беларусі сярэдняя ўстанова, дзе навучанне праводзяць выкладчыкі доктарска-прафесарскага складу. У розныя гады ліцэістам чыталі лекцыі вядомыя літаратары, гісторыкі і лінгвісты: Пятро Васючэнка, Міхась Тычына, Захар Шыбека, Анатоль Сідарэвіч, Пётр Садоўскі, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Павел Церашковіч ды іншыя. Сярод дысцыплінаў – літаратура народаў свету і сусветная мастацкая культура. А навучальныя праграмы, распрацаваныя выкладчыкамі ліцэю, Міністэрства адукацыі прымала за аснову сістэмы нацыянальнай сярэдняй адукацыі.

Фота: ЛП / «Белсат»

«Ліцэй, дзе ў паралелі вучыліся каля 40 чалавек, пасылаў на рэспубліканскія школьныя алімпіяды сваю каманду, дзе змагалася з камандамі найлепшых вучняў вобласцяў, і перамагаў. Нашыя выпускнікі спакойна паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і да трэцяга курсу «адпачывалі», бо іхныя веды сягалі гэтага ўзроўню. Гэта была нашая галоўная адметнасць, і таму да нас ішлі вучыцца дзеці не толькі грамадска-палітычных актывістаў ды прыхільнікі беларускае мовы, але і чыноўнікаў розных узроўняў», – працягвае Уладзімір Колас.

Ліцэй таксама стаўся і пляцоўкаю для творчай рэалізацыі моладзі: дакументальныя фільмы, ліцэйская газета, калядаванні і ўнікальныя вандроўкі па гістарычных мясцінах Беларусі – сталая традыцыя па-за навучальнаю праграмаю ліцэйскага жыцця.

Валянцін Голубеў выкладае гісторыю Беларусі. Фота навучэнцаў ліцэю

Многія выпускнікі Коласаўскага ліцэю прадоўжылі ліцэйскія традыцыі беларускага адраджэння ўсім сваім далейшым жыццём: гэта цяперашнія акторы, выкладчыкі, журналісты, палітыкі і нават святары.

Жыў ліцэй і будзе жыць ды жыве Беларусь!

За трыццаць гадоў праз Беларускі гуманітарны ліцэй прайшлі больш за тысячу падлеткаў: цягам 1992–2003 гадоў пры легальным статусе з яго сценаў штогод выходзілі да 80 выпускнікоў. Цяпер нашмат менш: у сярэднім чалавек 15. Але якасная адукацыя на падмурках нацыянальных каштоўнасцяў ды пазбаўленая заідэалагізаванасці штогод знаходзіць новых прыхільнікаў, і абітурыенты зноў праходзяць конкурс. Паступаць прыходзяць дзеці дзяцей колішніх ліцэістаў, а выкладчыкамі становяцца былыя выпускнікі. І бацькі, і выкладчыкі, і дзеці вераць, што навучальная ўстанова раней ці пазней зноў верне статус дзяржаўнай навучальнай установы.

Фота: ЛП / «Белсат»

Акрамя таго, у Беларускага гуманітарнага ліцэю з’явілася «ўніверсітэцкая надбудова». Выкладчыцкі корпус пачаў рэалізоўваць новы, яшчэ больш амбітны праект: Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча.

«За трыццаць гадоў працы ліцэю, па-першае, напрацаваны карысны досвед, у тым ліку матэрыяльнага кшталту: складзена каля 30 падручнікаў і створаныя навучальныя праграмы. Напрацаваная супраца з калегамі ў Польшчы, Літве, іншых краінах. Гэты досвед не мусіць быць змарнаваны, ён абавязкова будзе выкарыстаны пры рэформе нацыянальнай адукацыі, а таксама стане асновай у стварэнні вышэйшай навучальнай установы. Бо што гэта за нацыя і што гэта за народ, які не мае свайго нацыянальнага ўніверсітэту?» – адзначае Уладзімір Колас.

Фота: ЛП / «Белсат»

Першы этап стварэння Універсітэту імя Ніла Гілевіча ўжо пройдзены: вышэйшая навучальная ўстанова прайшла дзяржаўную рэгістрацыю. Наступны этап – атрыманне ліцэнзіі ды арганізацыя навучальнага працэсу. Над гэтым цяпер і працуюць заснавальнікі – выкладчыкі-коласаўцы. А «партызанская школа» – Беларускі гуманітарны ліцэй – распачала чацвёртае дзесяцігоддзе. І коласаўцы перакананыя: жыў ліцэй і будзе жыць ды жыве Беларусь!

Фота: ЛП / «Белсат»

Галіна Абакунчык belsat.eu

Hавiны