Больш за тры месяцы бацька і сын жывуць на тэрыторыі шведскай амбасады


Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі з Віцебску ўжо больш за тры месяцы жывуць на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Менску. Каментароў журналістам яны не даюць, але кажуць, што ў іх усё нармальна. Як вырашыцца іх лёс дагэтуль невядома, але пакуль яны застаюцца там, піша TUT.by.

Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Бацька і сын прыбылі да амбасады Швецыі 11 верасня, каб папрасіць палітычнага прытулку. Калі дзверы ім не адчынілі, спаслаўшыся на тое, што ў амбасадзе не даюць палітычнага прытулку, яны пераскочылі праз плот. З таго моманту мужчыны знаходзяцца на тэрыторыі дыппрадстаўніцтва ў чаканні рашэння па іх сітуацыі.

Кузнечыкі прысутнічалі на акцыі пратэсту 6 верасня ў Віцебску, удзельнікаў якой жорстка затрымлівалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Ім удалося пазбегнуць затрымання, але з тых часоў яны хаваліся і ледзь не лясамі прыйшлі ў Менск.

«Мы сышлі, але разумелі, што можа быць пераслед. Усё, мы сваю сям’ю не бачылі, тэлефоны адразу выключылі і засталіся ў знаёмых», – сказаў Уладзіслаў.

Пазней, 15 верасня, на мужчын завялі крымінальную справу: нібыта яны ўжывалі спецсродкі і сілу ў дачыненні да міліцыянтаў на мітынгу. Аднак пра гэта іх адвакат даведаўся толькі 2 лістапада з дапамогай мясцовага юрыста.

Юрыст з Швейцарыі Вадзім Драздоў, які дапамагае віцяблянам, паведаміў, што 12 лістапада 2020 гады Кіраванне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН праінфармавала яго аб тым, што Камітэт супраць катаванняў адмовіў уладам Швецыі ў задавальненні іх запыту аб зняцці часовых мер. Гэта значыць, што Віталь і Уладзіслаў могуць і далей працягваць заставацца на тэрыторыі амбасады, паведамляе TUT.by.

Hавiны
Камітэт супраць катаванняў заступіўся за беларусаў, якія жывуць у амбасадзе Швецыі
2020.10.15 12:04

Колькі яшчэ Кузнечыкі прабудуць на тэрыторыі амбасады і як можа вырашыцца іх пытанне, пакуль сказаць складана. У падобнай гісторыі, якая здарылася ў Азербайджане ў 2014-2015 гадах, пытанне прадастаўлення палітычнага прытулку і перапраўкі чалавека з тэрыторыі амбасады ў краіну, якую яно прадстаўляе, заняло амаль год.

АД / belsat.eu

Стужка навінаў