Больш за сто беларусаў паляцяць у Паўночную Карэю чартарным рэйсам «Белавіі»


Беларуская турфірма «Мерлінтур» занялася ў «Facebook’у» «прапагандаю» адпачынку ў КНДР. «Афіша Daily» паразмаўляла з прадстаўніцаю кампаніі Ірынаю Баранавай.

Паводле журналістаў выдання «Афіша Daily», аўтары суполкі «Сардэчна запрашаем у КНДР», на якую падпісаныя ўжо восем тысячаў чалавек, распавядаюць пра Карэю так, як гэта магло б рабіць Міністэрства турызму краіны.

Для раскруткі групы быў прыдуманы персанаж Кім У До, які нібыта жыве ў Пхеньяне. Усе пасты пішуцца менавіта ад ягонага імя.

Суполку стварылі для прасоўвання тура ў КНДР, які адбудзецца ў траўні 2016 года. Яго ўдзельнікі адправяцца ў Пхеньян на самалёце Ту-154. Час падарожжа, з дазапраўкай у Новасібірску, зойме каля дзесяці гадзінаў. Каштаваць вандроўка будзе каля 2,8 тысячы еўра. На рэйс ужо зарэгістраваныя больш ста чалавек.

«Ужо даўным-даўно ў КНДР на мяжы не адбіраюць тэлефоны – фатаграфаваць можна. Ноўтбукі таксама дазваляюць увозіць. Пашпарт не трэба адпраўляць у консульства, спатрэбіцца толькі скан, таму што візы ставяць на асобных паперках, як у Савецкім Саюзе », – удакладніла прадстаўніца турфірмы.

Гэтак шматлікіх падарожжаў з Беларусі ў КНДР яшчэ не праводзілася. У снежні жыхары і госці Менску маглі пазнаёміцца з культурай Паўночнай Карэі бліжэй – у беларускай сталіцы праходзіў тыдзень КНДР.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў