Больш чым 1,1 мільёну чалавек забаронены ўезд у Беларусь. Пераважную частку ў спіс уключыла Расея


У спіс замежнікаў, якім забаронены ўезд у Беларусь, «уключана 1 мільён 142 тысячы інфармацый», заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Іван Падгурскі, выступаючы сёння ў Палаце прадстаўнікоў.

Як піша TUT.by, Падгурскі прадстаўляў змены ў закон, які рэгулюе спіс замежных грамадзянаў, чый уезд у Беларусь забаронены або непажаданы. Плануецца, што паводле новага закону адмоваў ва ўездзе стане менш.

Паводле слоў намесніка міністра, цяпер у гэты спіс «уключана 1 мільён 142 тысячы інфармацый». Большую частку асобаў туды ўключыла Расея. Больш за 138 тысяч чалавек унеслі дзяржорганы Беларусі, у тым ліку КДБ – 15 тысяч, Дзяржаўны памежны камітэт – 7 тысяч.

Пашпарт Сяргея Жадана, якога ў 2017 годзе спачатку дэпартавалі з Беларусі, а потым адмянілі дэпартацыю. Фота svaboda.org

Акрамя таго, у спісе знаходзяцца таксама 5 тысяч чалавек, якія не аплацілі штрафы на тэрыторыі Беларусі. Калі запрацуе новы закон, яны змогуць уехаць, атрымаўшы на мяжы патрабаванне аб аплаце штрафу. За першае паўгоддзе 2019 году больш за 2 мільёны замежнікаў уехала ў Беларусь, а выехала – 2,4 мільёны.

Спісы неўязных на тэрыторыю Беларусі ніколі не былі публічнымі. За апошнія гады забарону на ўезд неаднаразова атрымлівалі грамадзяне Украіны. Сярод іх – журналіст Віталь Сізоў і вядомы ўкраінскі паэт Сяргей Жадан, якіх у 2017 годзе прымусова выслалі з краіны. Пазней рашэнне аб дэпартацыі Жадана было афіцыйна скасаванае.

У 2011 годзе Расея і Беларусь стварылі супольныя спісы асобаў, якім забаронена перасячэнне мяжы Саюзнай дзяржавы. Тады ў спіс уваходзіла 400 тысяч неўязных, з якіх Расея ўнесла роўна палову.

Hавiны
Міліцыя затрымала журналіста з Данбасу і запатрабавала пакінуць Беларусь
2017.02.01 08:06

КА belsat.eu

Стужка навінаў