Бойка з бітамі паміж гарадскімі і вясковымі: загінуў грамадзянін Расеі


На беразе Цны ў Лунінецкім раёне адбылася бойка паміж гарадскімі і вясковымі, паведамляе tut.by.

На наступны дзень пасля бойкі знайшлі цела 32-гадовага мужчыны. Цяпер Следчы камітэт высвятляе прычыну ягонай смерці, а па факце бойкі распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 339 Крмінальнага кодэкса (Хуліганства, здзейсненае з ужываннем зброі, іншых прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі для нанясення цялесных пашкоджанняў).

Паводле бацькі аднаго з пацярпелых бойка здарылася 26 траўня ў вёсцы Дрэбск. Спачатку ў бойцы бралі ўдзел два вясковыя хлопцы, якія ішлі на дзень народзіна, і гарадскія хлопцы (адпачывалі ў адным з дамоў).

«Як распавядаў сын, вясковыя хлопцы пайшлі [пасля бойкі. – Заўв. Belsat.eu] на рэчку, а гарадскія выклікалі сваіх сяброў. Прыехалі а 23:00 з бітамі на пяці легкавых аўтамабілях і адным мікрааўтобусе. Паводле яго, білі ўсіх запар. У сына невялікія гематомы на галаве, ранкі на нагах, білі па рэбрах», – кажа бацька 23-гадовага Рамана (пасля бойкі яго даставілі ў лякарню).

Дзень народзінаў адзначалі 11 асобаў. Колькі было нападнікаў, Раман не ведае. Паводле хлопца, яны былі з дубінкамі і бітамі. Пасля бойкі вясковыя хлопцы выклікалі міліцыю.

«З намі за сталом быў хлопец з Расеі, я нават не паспеў з ім пазнаёміцца. Нібыта, ён прыехаў да бабулі адпачываць, на наступны дзень знайшлі яго цела», – распавядае Раман.

Загінуламу было 32 гады (ягонае цела знайшлі на наступны дзень пасля бойкі), ён прыехаў у Беларусь з Мурманска разам з сябрам, каб адпачыць. Следчы камітэт паведамляе, што грамадзянін Расеі 26 траўня ўвечары разам з кампаніяй адпачываў на беразе Цны, а потым адбылася бойка, у якой удзельнічала і кампанія расейца.

Пасля бойкі праваахоўнікі затрымалі 12 асобаў. Адзін чалавек цяпер хнаходзіцца ў лякарні.

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары