Бог хаваецца ў працэдуры? Патрыярх УПЦ супраць томаса

Калумніст belsat.eu пра чарговы «запраграмаваны» скандал ва Украіне

Ганаровы патрыярх Кіеўскай мітраполіі Праваслаўнай царквы Украіны Філарэт (Дзенісенка) ўспомніў пра свае патрыяршыя правы і абвясціў аб скліканні Памеснага сабора Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата, каб на ім адмяніць рашэнне аб стварэнні адзінай аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Украіны.

Вы што-небудзь разумееце? Не? Я таксама не гатовы ўдавацца ў тонкасці рэлігійнага жыцця ўкраінскіх праваслаўных, але вось на некаторыя палітычныя аспекты таго, што здарылася, што ўласна да рэлігіі дачынення не мае, я б ўвагу звярнуў.

Ганаровы патрыярх Кіеўскай мітраполіі Праваслаўнай царквы Украіны Філарэт (Дзенісенка). Фота Pyotr Sivkov/TASS

Яшчэ калі толькі-толькі пачыналася барацьба за томас, я пісаў пра тое, што ініцыятыва аб рашучых зьменах у рэлігійным жыцці зыходзіла, няхай можа ад вернікаў, але ўсё ж такі ад свецкіх. Прычым ад свецкіх, якія займалі сур’ёзныя дзяржаўныя пасады. Іншыя з іх, як, скажам, прэзідэнт Пятро Парашэнка, былі да таго моманту прыхаджанамі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата. Іншыя займалі менш значныя пасады, але і да праваслаўя дачынення не мелі, аддаючы перавагу малітве ў храмах і іншых малітоўных дамах, скажам, некаторых пратэстанцкіх цэркваў. Адным словам, уся інтрыга па выдачы томаса для Украіны зыходзіла ад украінскай дзяржавы, і каб не гэтая дзяржаўная ініцыятыва, падмацаваная вельмі няўдалай каляцаркоўнай дыпламатыяй Масквы, воз і цяпер быў бы там, дзе яму належала быць.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка (злева), спецыяльны пасланнік Сусветнага Патрыярха Мітрапаліт Францыі Эмануіл і кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Патрыярх Філарэт на царкоўнай радзе з нагоды стварэння незалежнай украінскай праваслаўнай царквы. Украіна, 15 снежня 2018 года. Фота Mykhailo Markiv/Ukrainian Presidential Press Service/Handout via REUTERS

Але гісторыя не прымае ўмоўнага ладу. Сусветны патрыярх Канстанцінопальскі томас вырашыў выдаць, таму адступаць не было куды. Некаторая колькасць прыходаў УПЦ Кіеўскага патрыярхата і яшчэ менш – значна менш – УПЦ Маскоўскага патрыярхата – вырашылі аб’яднацца ў гэтую самую ПЦУ пад радасны ўсплёск дзяржаўнай прапаганды аб тым, што ўжо зараз-то ўкраінскае праваслаўе ў надзейных руках.

Але выбары кіраўніка свецкай ўкраінскага дзяржавы скончыліся менавіта так, як яны скончыліся. Ганаровы патрыярх ПЦУ Філарэт дэманстратыўна прысутнічаў на з’ездзе партыі Юліі Цімашэнкі «Батькивщина», недвухсэнсоўна даючы зразумець не столькі, на чыім баку ён выступае, колькі на чыім баку не выступае. Гэта значыць, Цімашэнка – яна сама па сабе, але кандыдата ў прэзідэнты Парашэнку самая ўплывовая фігура незалежнай ад Масквы праваслаўнай царквы Украіны падтрымліваць не стала. Магчыма, таму, што дзяржава зрабіла ўсё, каб панізіць яго ўласны статус, перадаўшы стырно кіравання ПЦУ ў рукі маладога ды згодлівага іерарха.

Хто-небудзь пасля гэтага стаў бы сумнявацца ў тым, што 90-гадовы патрыярх, Герой Украіны, чалавек уладны і рашучы, паспрабуе вярнуць страчанае? Я не сумняваўся ні хвіліны. І не я адзін, зрэшты.

Парашэнка сышоў з пасады прэзідэнта – Філарэт (Дзенісенка) спрабуе вярнуцца на ранейшую пасаду. Шлях адзін: ён узяўся даказаць, што рашэння аб ліквідацыі Кіеўскага патрыярхата не было. Быў збор подпісаў за гэтае рашэнне, але Сабора – не было. Не паводле працэдуры, значыцца. Няправільна. Некананічна.

Гэты скандал будзе круцейшым за любы антыкарупцыйны скандал, звязаны з імем Парашэнкі і ягонага атачэння. Патрыярха не утаймуеш.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота REUTERS/Francois Lenoir

Праблема, аднак, нашмат больш сур’ёзная, чым можна падумаць. Незразумела, што ў гэтай сітуацыі рабіць новаму кіраўніку ўкраінскай дзяржавы. Уладзімір Зяленскі не можа перашкодзіць Філарэту ў яго дзеяннях хоць бы таму, што Філарэт ад свецкіх уладаў фармальна ніяк не залежыць. Акрамя таго, скандал падрывае аўтарытэт галоўнага апанента Зяленскага – Пятра Парашэнкі ў пытанні, якое, здавалася б, лічылася вырашаным раз і назаўжды – пытанні томаса.

Але, з іншага боку, і падтрымаць Філарэта – двойчы раскольніка ўкраінскага праваслаўя – Зяленскі не можа, паколькі эйфарыя ад атрымання томаса ахапіла ва Украіне вялікую колькасць людзей – у тым ліку тых, хто ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў галасаваў за Зяленскага.

Увогуле, куды ні кінь, усюды клін. Дрэнна.

Не варта свецкім уладам лезці ў такія далікатныя пытанні, як жыццё рэлігійных абшчын. Святары хай самі адзін з адным разбіраюцца. І Бог ім у дапамогу. А прэзідэнтам Украіны – што былому, што цяперашняму – цяпер ніхто не дапаможа. Думаць трэба.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў