23 красавіка ў Воршы ў міліцыю прыйшоў святар адной з мясцовых цэркваў. Ён паведаміў, што ўначы хтосьці разбіў шкло ў царкве і скраў грошы, якія ляжалі ў сейфе, агулам там было 3 тысячы рублёў.
Неўзабаве міліцыянты затрымалі падазраванага. Ім стаў мясцовы бяздомнік. Як высветлілася, зусім нядаўна мужчына пачаў наведваць гэтую царкву, а ў дзень перад здарэннем быў там ад самага адкрыцця. Міліцыянты падазраюць, што менавіта тады ён і падгледзеў, дзе знаходзіцца сейф і ключы ад яго.
Пасля крадзяжу бяздомнік скарыстаўся падарункам лёсу і вырашыў пачаць новае жыццё. Ён ездзіў на таксоўцы па горадзе, зняў сабе нумар у гатэлі, пахадзіў па крамах і паехаў у кавярню. Там яго і затрымалі праваахоўнікі. Шыкоўнае жыццё бяздомніка было яскравым, але не доўгім, на яго завялі крымінальную справу.
ГА, belsat.eu паводле uvd.vitebsk.gov.by