Боб Дылан пагадзіўся забраць сваю Нобелеўскую прэмію


Боб Дылан, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, цягам некалькіх месяцаў не агучваў свае намеры атрымаць узнагароду. Нарэшце, ён пагадзіўся забраць прэмію, у гэтыя выходныя ў Стакгольме, Швецыя. Аднак, без цырымоніі і святочнай прамовы.

«Усё адбудзецца ў прысутнасці невялікага складу афіцыйных асобаў. Не будзе ніякіх медыяў, толькі Боб Дылан і прадстаўніцтва Акадэміі. Так захацеў Дылан», распавядае ў сваім блогу Сара Даніус, пастаянная сакратарка Шведскай акадэміі.

У амерыканскага спевака на гэтыя даты запланаваныя два канцэрты ў Стакгольме. Свае намеры наконт атрымання Нобелеўскай прэміі ён не адкрываў да апошняга моманту, хоць Шведская акадэмія без перапынку пыталася пра іх.

Нобелеўскую прамову Дылан, верагодна, запіша на носьбіт і перадасць у Акадэмію пазней. Гэта абавязковая ўмова атрымання чэка на 10 мільёнаў крон (837 000 еўра), які, звычайна перадаецца лаўрэату пасля прамовы на цырымоніі. Але практыка прымаць ад лаўрэатаў запісаныя прамовы ў Шведскай акадэміі ўжо была.

Адзіным лаўрэатам, які адмовіўся ад Нобелеўскай прамовы і, такім чынам, не атрымаў сваёй прэміі быў француз Жан-Поль Сартр у 1964 годзе.

ВЧ, belsat.eu паводле afp.com

Стужка навінаў