Блятэра пяты раз абралі прэзідэнтам ФІФА


Ёзэфа Блятэра ў пяты раз абралі прэзідэнтам ФІФА. Ягоны адзіны канкурэнт – прынц з Іярданіі Алі бін аль-Хусейн – адмовіўся ад удзелу ў другім туры выбараў кіраўніка футбольнай федэрацыі.

Выбары прайшлі на фоне карупцыйнага расследавання, у межах якога ў сераду арыштавалі некалькі высокапастаўленых асобаў федэрацыі.

У першым туры галасавання Ёзэф Блятэр (Joseph Blatter) атрымаў 133 галасы, а прынц Алі бін аль-Хусейн (Ali bin Hussein) – 73, падае Бі-Бі-Сі.

Для перамогі патрэбныя былі дзве траціны галасоў. Але перад другім этапам выбараў прынц Алі заявіў пра адмову ад другога тура.

Прынц Іярданіі ў сваёй прамове падзякаваў «усім адважным» чальцам ФІФА, якія аддалі за яго свае галасы ў першым туры.

«Гэта была неверагодная прыгода, але я адмаўляюся ад працягу барацьбы. Я жадаю вам поспеху ў будучыні», – сказаў прынц.

Спадар Блятэр у сваёй прамове падзякаваў прынцу Алі, і адзначыў, што стаў «прэзідэнтам кожнага»: «Я віншую ўсіх, хто аддаў свае галасы за прынца Алі, гэта добры кандыдат. Але цяпер я – прэзідэнт кожнага, я – прэзідэнт ФІФА».

«Я люблю вас і люблю сваю працу, і мне хочацца быць з вамі. Я не ідэальны, але разам мы выканаем добрую працу. Наперад, ФІФА!», – падсумаваў Блятэр.

Ён таксама сказаў, што ў ФІФА ёсць «пэўныя арганізацыйныя праблемы».

«Я бяру на сябе адказнасць за вяртанне ФІФА на ранейшыя пазіцыі, і разам з вамі, не сумняваюся, мы гэтага дасягнем… Абяцаю вам, што ў канцы свайго тэрміну я перадам свайму пераемніку вельмі моцную ФІФА», – запэўніў спадар Блятэр.

Раней кіраўнік ФІФА асудзіў «дзеянні асобаў», якія прынеслі «сорам і прыніжэнне» для Міжнароднай федэрацыі футболу.

Паводле яго слоў, хоць шмат хто лічыць яго адказным за футбольную грамадскасць, ён не можа «стала ўсіх кантраляваць».

Таксама ён заявіў, што карумпаваных асоб у футболе меншасць.

У сераду ў Цюрыху арыштавалі семярых чыноўнікаў ФІФА. ЗША выставілі абвінавачванні ў рэкеце, махлярстве і адмыванні грошай 14 функцыянерам, сярод іх – двое віцэ-прэзідэнтаў федэрацыі.

Блятэра сярод абвінавачаных няма, але брытанскі прэм’ер Дэйвід Кэмэран заклікаў яго сысці ў адстаўку.

У той жа час прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін назваў арышты чыноўнікаў ФІФА спробай ЗША не дапусціць пераабрання Блятэра.

Кіраўнік УЕФА Мішэль Плятыні (Michel Platini) таксама папрасіў кіраўніка ФІФА падаць у адстаўку пасля тэрміновых перамоваў у Цюрыху, у якіх прымалі ўдзел кіраўнікі шасці міжнародных канфедэрацый.

Швейцарскія пракуроры пачалі асобнае расследаванне, ці вызначэнне ўладальнікаў Кубка свету па футболе ў 2018 і 2022 гадах прайшло згодна з законам. У 2018 годзе спартыўныя спаборніцтвы маюць прайсці ў Расеі, а ў 2022 годзе – у Катары.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў