«Bloomberg»: Захад спрабуе вырваць Беларусь з ценю Масквы, але ў Менску няма поля для манеўру


11–12 лістапада кіраўнік Беларусі наведвае Аўстрыю. Афіцыйны візіт дэманструе спробу Менску наладзіць стасункі з Захадам і памкненні Еўропы вырваць Беларусь з ценю Масквы, піша «Bloomberg».

Выданне адзначае, што Аляксандр Лукашэнка ўпершыню наведвае Еўразвяз пасля скасавання санкцыяў у дачыненні да яго ў 2016 годзе. Гэты візіт адбываецца на фоне падрыхтоўкі паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі – за тыдзень да перамоваў прэм’ераў дзвюх краін.

Як піша «Bloomberg», Захад – як Еўразвяз, гэтак і ЗША – «спрабуюць вырваць былую савецкую рэспубліку з ценю Крамля». Беларускія ўлады таксама імкнуцца палепшыць свае стасункі з заходнімі краінамі, але толькі ў той ступені, якая не пагражае кіраванню Лукашэнкі, адзначае аналітык Цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч.

Разам з тым, у той час, як Лукашэнка можа рабіць любыя жэсты, каб паказаць сваю незалежнасць, Беларусь застаецца глыбока залежнай ад Расеі эканамічна, кажа расейскі аналітык Фёдар Лук’янаў. Паводле яго, планы Саюзнай дзяржавы прадугледжваюць, што «ў Беларусі няма месца для манеўру».

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і былы Федэральны канцлер Аўстрыі Зэбаст’ян Курц падчас візіту ў Менск. 28 сакавіка 2019 г. Фота Natalia Fedosenko/TASS,

У Вене кіраўнік Беларусі сустрэнецца з прэзідэнтам, спікерам парламенту і лідарам кіроўнай партыі Аўстрыі. На сустрэчах плануецца абмеркаваць супрацу Беларусі з Еўразвязам, у тым ліку ў межах «Усходняга партнёрства». Таксама ў Вене пройдзе беларуска-аўстрыйскі эканамічны форум.

З любоўю да Вены

Кіраўнік Беларусі двойчы наведваў Аўстрыю. У красавіку 1996 года Лукашэнка ў Вене прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай чарнобыльскай катастрофе. Тады Лукашэнка яшчэ не лічыўся «апошнім дыктатарам Еўропы» і не быў пад заходнімі санкцыямі.

У сакавіку 2002 года Лукашэнка ўжо быў пад санкцыямі і не мог наведваць краінаў ЕЗ. Але тым не менш адпачыў на гарналыжным курорце ў аўстрыйскім Тыролі. Паездку ў абыход санкцыяў зарганізаваў уладальнік сеткі казіно «Casinos Austria» Леа Вальнэр, які ў той час узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Аўстрыі. Аўстрыйскія медыі высветлілі, што адпачынак Лукашэнкі з асобамі, якія яго суправаджалі, каштаваў амаль € 200 тыс. Гэтак, прыватны самалёт з Вены ў Інсбрук абышоўся ў € 30 тыс., пяцізоркавы гатэль «Klosterbräu» – у € 47 тыс. Акрамя таго, грошы пайшлі на вечарыну, гульні ў казіно, гарналыжны адпачынак, алкагольныя напоі, а таксама медычныя паслугі, бо падчас катання на лыжах Лукашэнка атрымаў траўму сцягна і верталётам паляцеў у шпіталь.

Праўда, плаціў за гэта прыймовы бок – усё той жа Леа Вальнэр. Разам з Лукашэнкам курорт наведалі ягоныя сыны Віктар і Дзмітрый, Ірына Абельская, Уладзімір Макей, Уладзімір Канаплёў ды іншыя.

Той адпачынак Лукашэнкі Леа Вальнэр аплаціў з сакрэтнага рахунку аўстрыйскага НАК у «Raiffeisenbankʼу» – гэтак званай чорнай касы. Вальнэр казаў, што дзеяў у інтарэсах аўстрыйскай эканомікі. Невядома, ці сапраўды звязаныя гэтыя факты, але пасля адпачынку Лукашэнкі ў Беларусь пачаў прыходзіць аўстрыйскі бізнес – у тым ліку і «Raiffeisenbank». Хаця ўласна бізнес Вальнэра – ягоная сетка казіно – у Беларусі не з’явіўся.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Аўстрыі Александэр ван дэр Бэлен.
Фота: president.gov.by

У 2012 годзе суд у Вене пакараў пяццю гадамі пазбаўлення волі былога генеральнага сакратара Алімпійскага камітэту Аўстрыі Гайнца Юнгвірта якраз у справе аб махінацыях з «чорнаю касай» у «Raiffeisenbankʼу». На судзе ў тым ліку фігуравала і аплата адпачынку Лукашэнкі. Юнгвірт лічыўся лабістам кіраўніка Беларусі, ён жа прымаў дэлегацыю на чале з Лукашэнкам. Што датычыць Вальнэра, то ён праходзіў у справе як сведка.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў