Bloomberg: Рашэнне Пуціна змяніць Канстытуцыю абумоўленае разладам з Лукашэнкам


Уладзімір Пуцін прапанаваў змены ў Канстытуцыю Расеі пасля таго, як яму не ўдалося дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам пра стварэнне саюзнай дзяржавы. Таму кіраўнік Крамля распачаў новы план, каб застацца пры ўладзе, пра гэта са спасылкай на крыніцы ў Маскве піша Bloomberg.

У Расеі адрэагавалі на гэтую інфармацыю. У прыватнасці прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў абверг паведамленне.

«Не. Гэта не так. Казалі пра паглыбленне інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы», – цытуе словы Дзмітрыя Пяскова «РИА Новости».

Уладзімір Пуцін абвясціў пра планы змяніць Канстытуцыю ў сярэдзіне студзеня. Ён казаў, што папраўкі «абумоўленыя проста жыццём», а не жаданнем працягнуць яго прэзідэнцкія паўнамоцтвы.

Інтэграцыя актыўна абмяркоўвалася на працягу 2019 году. Урадоўцы Расеі і Беларусі працавалі над дарожнымі мапамі. У снежні 2019 года Дзмітрый Мядзведзеў, які тады быў прэм’ер-міністрам Расеі, адзначыў, што дарожныя мапы ўзгодненыя і можна «перайсці да іх фарсіраванага прасоўвання». Паводле яго, з 31 дарожнай мапы няўзгодненая толькі адна, прысвечаная далейшай інтэграцыі, уключаючы стварэнне наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру.

Але па выніках сустрэчаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, дарожныя мапы інтэграцыі так і не былі падпісаныя.

СК belsat.eu

Стужка навінаў