Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў атрымалі 5 содняў адміністратыўнага арышту


Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў

Такое рашэнне вынеслі суддзі Ленінскага раёну Берасця Святаслаў Каліна і Зміцер Шурын. Адзначым, што пасля вынясення рашэння блогеры-актывісты не былі затрыманыя. Калі Пятрухін і Кабанаў адбудуць пакаранне, пакуль не вядома. Але вядома, што мужчыны атрымалі новыя позвы ў міліцыю на 19 кастрычніка, 16.00.

Нагадаем, што ў мінулую пятніцу Пятрухін і Кабанаў на сваім канале «Народны рэпарцёр» заклікалі берасцейцаў выйсці на мірны сход у нядзелю, 14 кастрычніка. Урэшце акцыю падтрымалі каля 120 чалавек, а Пятрухін і Кабанаў фактычна яе ўзначалілі. Яны выйшлі на акцыю з расцяжкай, на якой было напісана: «Нет заводу АКБ». Праз гадзіну пасля пачатку акцыі Пятрухіна, Кабанава ды Мікалая Статкевіча, што прыехаў падтрымаць акцыю, затрымаў АМАП і даставіў іх у Ленінскі РАУС Берасця.

Падчас затрымання людзі скандавалі «Ганьба» і «Акупанты». Пасля гэтага ў Берасці пачаліся масавыя затрыманні. У Ленінскім РАУС апынуліся 15 чалавек, 10 з іх учора пакаралі штрафамі, а Мікалай Статкевіч атрымаў 5 содняў арышту. Апошнім за акцыю 14 кастрычніка будуць судзіць праваабаронцу Рамана Кісляка, якому стала блага ў ізалятары, і яго завезлі ў шпіталь. Суд над Раманам Кісляком адбудзецца ў судзе Ленінскага раёну Берасця 18 кастрычніка а 15.00.

АС

Глядзі таксама
Каментары