Блогерку Вольгу Такарчук пакаралі штрафам і не выпусцілі з Акрэсціна


Вольга Такарчук

Сёння, 27 студзеня, адбыўся суд над Вольгай Такарчук паводле арт. 23.34 за тое, што яна выпускала паветраныя шарыкі з уласнага вакна. Вользін муж Зміцер паехаў да ізалятару часовага ўтрымання, каб забраць яе, аднак спадарыня не выйшла.

«Суд адбыўся за пяць хвілінаў», – распавёў «Белсату» Зміцер. Ён кажа, што пра паседжанне даведаўся выпадкова: «Мы з адвакатам падавалі скаргу за незаконнае затрыманне, выйшаў суддзя з нейкага кабінету і сказаў, што сёння будзе разглядацца справа Такарчук. Раней пра гэта нам ніхто не паведамляў».

Паводле прысуду Вольга мусіць заплаціць штраф памерам 30 базавых велічыняў і выйсці з ІЧУ. «Я паехаў яе забіраць. Але мне паведамілі, што ейнае затрыманне працягнулі далей. З якой нагоды, мы пакуль не ведаем», – адзначыў Зміцер.

Вольгу Такарчук затрымалі 26 студзеня, 72 гадзіны ад часу затрымання маюць скончыцца 28 студзеня аб 11-й гадзіне. Аднак муж мяркуе, што суд варта чакаць у пятніцу, 29-га.

У Вольгі ды Змітра двое непаўнагадовых дзетак, 3 і 7 гадоў. Цяпер сям’я з малымі дзецьмі і без Вольгі мусіць аплаціць штрафы, дзяржаўнае мыта, паслугі адваката, мыта ў суд ды інш. Дапамагчы ім можна, ахвяраваўшы на гэты рахунак.

МГМ, belsat

Стужка навінаў