Блогерка і стваральніца суполкі «Хватит бояться» заявіла пра пераслед і выехала з краіны


Праблемы з праваахоўнымі органамі ва ўладальніцы менскага бару «Пятніца» Таццяны Мартынавай пачаліся з правярання працаўнікамі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ) і падатковай. Сама актывістка і стваральніца групы «Хватит бояться» мяркуе, што ёй зацікавіліся праз актыўную грамадзянскую пазіцыю і аркуш А4 на манекене ў бары з надпісам «Лукашэнка не мой прэзідэнт». Жанчына распавяла belsat.eu, што за ёй сачылі і хацелі пасадзіць, таму яна была вымушаная з’ехаць за мяжу.

Таццяна Мартынаваблогерка і актывістка, неаднаразова выказвала крытыку ў бок дзейнай улады, стварыла ў Facebook суполку «Хватит бояться», якая налічвае больш 25 тыс. удзельнікаў. У выніку актыўнасці ў сацсетках на кабету пачалі ціснуць. Спачатку на яе склалі два адміністратыўныя пратаколы.

«Прыйшоў чалавек у мой бар, замовіў бутэльку «Спрайту» за 3,50. Роўна праз 5 хвілінаў заходзіць шэсць чалавек, правяраюць, што бутэлька дасюль не прабітая па касе. У мяне быў стажор. Я пагадзілася з парушэннем і гатовая аплаціць штраф. Уся дакументацыя ў парадку, ніякіх парушэнняў няма, але яны палічылі парушэннем, што кніга праверак і рэвізіяў старога ўзору. З 2013 г. не было праверак, а як пачала выказвацца, то прыбеглі. Мой бухгалтар лічыць, што гэта неправамерна, таму што кнігу выдаюць і на ёй стаіць пячатка, што яна сапраўдная», – кажа Таццяна.

Таццяна Мартынава. Фота facebook.com/tatiana.martynova.35

Таццяна ўпэўненая: правяраць прыйшлі пасля скаргі, што ў ейным бары на манекене быў аркуш паперы з надпісам «Лукашэнка не мой прэзідэнт» і «Мы – 97 %».

Фота: belsat.eu

1 ліпеня мянчанку, а дакладней ейнае аўта спрабавалі затрымаць інспектары ДАІ недалёка ад дому.

«У аўце быў мой муж. Яго спынілі з мігалкамі. Мяне загадзя папярэдзілі, што будуць спрабаваць арыштоўваць. Гэта быў цяжкі выбар, я з’ехала не таму, што спалохалася, а таму, што лічу: на свабодзе буду больш карысная радзіме», – распавяла Таццяна.

Блогеры па ўсёй Беларусі зазнаюць пераслед. 1 ліпеня ў Горадні Сяргея Ціханоўскага асудзілі на чарговыя 15 содняў за непадпарадкаванне міліцыянтам. Таксама блогер Зміцер Казлоў («Шэры кот») стаў фігурантам крымінальнай «справы Ціханоўскага». За кратамі знаходзяцца блогеры MozgON Уладзімір Цыгановіч, Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Уладзімір Няронскі, адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» Ігар Лосік. Паводле стану на 2 ліпеня ў Беларусі за кратамі застаюцца 19 палітвязняў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў