Блогера Сяргея Пятрухіна выпісалі са шпіталя пасля лячэння каронавіруса

Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: Белсат

Берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна выпісалі са шпіталя пасля двухтыднёвага лячэння каронавіруса. Цяпер блогер на самаізаляцыі, чакае вынікаў тэсту. Сяргей Пятрухін распавёў «Белсату» як яго лячылі ад інфекцыі і як ён сябе цяпер адчувае.

Каронавірус у блогера Сяргея Пятрухіна пацвердзіўся 14 траўня. Блогера паклалі ў Цэнтральную гарадскую больніцу. Раней каронавірусная інфекцыя пацвердзілася ў іншага блогера – аўтара каналу «Народны рэпарцёр» Аляксандра Кабанава.

Цяпер Сяргей Пятрухін ужо дома. Два тыдні ён праляжаў у шпіталі, а цяпер на самаізаляцыі.

«Адчуваю ўжо добра сябе. У шпіталі быў два тыдні. На працягу лячэння ў шпіталі мне давалі лекі ад кашлю, антыбіётыкі, нейкія лекі на страўнік. У мяне сімптомаў амаль не было ніякіх, проста знайшлі ў мазку каронавірус. У нас у палаце ўсе былі лёгкія, таму я не бачыў цяжкіх выпадкаў. Лячылі аднолькава ўсіх. А вось цяпер на самаізаляцыі, чакаю вынікі тэсту», – распавёў «Белсату» Сяргей Пятрухін.

Штрафы, содні ды каронавірус – пакаранне за грамадскую актыўнасць у Берасці

Блогер удакладніў, што яго выпісалі са шпіталя 26 траўня. Неўзабаве павінныя прыйсці аналізы яшчэ аднаго тэсту на каронавірус. Сяргей Пятрухін кажа, што лекарам прыходзіцца цяпер працаваць надзвычай шмат.

«Лекары ў ахоўных касцюмах, але дакладна, не супрацьчумных. Лёгкія касцюмы, празрысты пластык на твары, бахілы. Стаўленне было даволі добрае. Многія лекары пазнавалі мяне. Цікава, што лекары казалі пра салідарнасць, выказвалі падтрыманне. Але на мае пытанні яны не адказвалі. Я запытваўся пра даплаты, пра працу, пра заражэнні. Лекары казалі, што праблемаў у іх няма, вось толькі я ім не паверыў. Мне падаецца, што людзі запалоханыя», – выказвае меркаванне Сяргей Пятрухін.

Таксама, на думку блогера, нельга лічыць дакладнай афіцыйную статыстыку па інфікаваных і памерлых ад каронавірусу, якую агучвае Мінаховы здароўя.

«Адзін лекар мне распавёў, што кожны дзень у Берасці ад запалення лёгкіх памірае каля 70 чалавек. Гэты лекар акцэнтаваў увагу, што ў шпіталі, дзе я ляжаў, усе пацыенты з лёгкімі сімптомамі. А вось у іншых – проста жах. Агулам уся Цэнтральная больніца Берасця цалкам выдзеленая пад інфікаваных каронавірусам. Былі сярод пацыентаў шпіталя і лекары таксама».

У Берасці зноў судзяць праціўнікаў акумулятарнага заводу

Выбары і выбарчая кампанія

«Мне падабаюцца Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Яны кажуць пра тое, што дзяржава не мусіць умешвацца ў эканоміку. Падабаецца што робіць Сяргей Ціханоўскі. Ён падымае і аб’ядноўвае грамадства. А гэта як раз вельмі неабходнае цяпер.

Сяргей Ціханоўскі на акцыі 24 траўня. Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Ціханоўскі ездзіць па гарадах і вёсках краіны. І сёння ён даволі моцная фігура. Увогуле, на мой погляд, прэзідэнтам мусіць быць такая асоба, як Цапкала, або Бабарыка, але ў парламенцкай рэспубліцы», – кажа Сяргей Пятрухін.

Пра акумулятарны завод

«Мне падаецца, што завод перапрафілююць, бо актыў з такой рэпутацыяй, дзе ўлады дыскрэдытавалі сябе, не можа пачаць працаваць. Акрамя таго, народ не супакоіцца і будзе надалей пратэставаць», – лічыць Сяргей Пятрухін.

Саўладальнікам заводу АКБ стаў трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі

CK belsat.eu

Hавiны