Блогера Пятрухіна прызналі вінаватым у абразе міліцыянтаў


Традыцыйна яшчэ да пачатку паседжання судовая зала запоўненая міліцыянтамі ў цывільным. Фота belsat.eu

Блогер, прыхільнік Руху «За Свабоду» Сергей Пятрухін прызнаны вінаватым у абразе і паклёпе і пакараны вялікім штрафам у памеры 9180 рублёў. З улікам выплат пацярпелым яму даведзецца заплаціць больш за 17 680 рублёў. Такі прысуд раніцай 18 красавіка вынес суд Ленінскага раёну Берасця, перадае карэспандэнт belsat.eu.

На выплату ўсёй сумы Сяргею Пятрухіну далі адзін месяц. Да гэтага часу ён будзе знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд, а на яго маёмасць будзе накладзены арышт.

У каментары belsat.eu Сяргей Пятрухін заявіў, што прыемна здзіўлены прысудам, бо «рыхтаваўся да горшага».

«На маім прыкладзе хочуць сказаць грамадству яны хочуць паказаць, што і з блогерамі зробяць усё, што ім заўгодна, а пра вас [звычайных грамадзян. – Заўв. belsat.eu] увогуле няма чаго казаць – толькі рыпніцеся і ўсё», – заявіў блогер.

Пры гэтым ён адзначыў, што збіраецца абскарджваць вынесены яму прысуд, які на яго думку, ёсць палітычна матываваным. «Гэта ганьба свабоды слова, гэта наступ на ўсіх актыўных людзей, чые інтарэсы я асвятляю», – падкрэсліў Сяргей Пятрухін і дадаў, што будзе працягваць сваю дзейнасць надалей.

Блогера вінавацілі паводле ч. 2 арт. 188 («Паклёп») і ч. 2 арт. 189 («Абраза») Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Семянчук. У якасці пацярпелых выступалі міліцыянты Ленінскага РАУС Сяргей Ігнацюк, Дзмітрый Якушэвіч, Ігар Галянціч і Сяргей Такун. Падставай для распачынання справы сталі відэаролікі Пятрухіна, у якіх ён заявіў пра дачыненне шэрагу берасцейскіх міліцыянтаў да збіцця ў 2016 годзе грамадзяніна Паўла Камінскага.

У судзе Ленінскага раёну Берасця суддзя Александр Семянчук абвяшчае прысуд блогеру. Фота belsat.eu

Cяргей Пятрухін вядомы дзякуючы шматлікім відэаролікам, у якіх ён крытыкуе дзейнасць прадстаўнікоў мясцовай улады, у тым ліку і сілавікоў. Акрамя таго ён ёсць нязменным удзельнікам акцыяў пратэсту супраць будаўніцтва экалагічна шкоднага акумулятарнага заводу ў Берасці.

Пракурор прасіў суд пакараць блогера двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпа (так званая «хімія»).

МГ belsat.eu

Стужка навінаў