Блогера і аператара «Белсату» Міхаіла Аршынскага двойчы пакаралі соднямі


12 траўня аператара Міхаіла Аршынскага, які супрацоўнічае з «Белсатам», ужо другі раз судзілі за вядзенне стрымаў з несанкцыянаваных акцыяў у Магілёве.

11 траўня Міхаіл Аршынскі ўжо атрымаў 10 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 5 траўня ён здымаў, як міліцыя затрымала аўтадом блогераў «Краіны для жыцця» на Віцебскім праспекце ў Магілёве. Суддзя Кастрычніцкага суду Таццяна Міхайлава прызнала, што Аршынскі браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і прысудзіла аператару 10 содняў арышту.

Міхаіл Аршынскі.
Фота: Belsat.eu

12 траўня ў судзе Ленінскага раёну працягнуўся разгляд аналагічнай справы Аршынскага – за стрым з-пад ІЧУ, дзе 6 траўня сабраліся людзі ў падтрымку затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага. Тады каля 100 чалавек прыйшлі да ізалятару, каб высветліць лёс Ціханоўскага. 8 траўня на першым паседжанні па справе Міхаіл Аршынскі заявіў хадайніцтва, каб яму далі час знайсці адваката. Суддзя Аксана Ратнікава дала час да 16:00 12 траўня. Але адразу пасля суду Аршынскага зноўку затрымалі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання – адваката ён сабе знайсці проста не мог.

Гэта помста з боку міліцыі

«Чарговая палітычная справа. Усіх нас судзяць, нібыта мы вінаватыя. Гэта ў прынцыпе чакана, калі ўлічыць тую краіну, дзе мы жывем. Мне даюць суткі, я расцэньваю гэта, як і свае штрафы за супрацу з «Белсатам», выключна, як палітычны ціск. Магчыма, гэта помста МУС. Ажно вельмі ім было балюча, калі яны зганьбіліся і ў гэтай справе [калі спынялі аўтадом «Краіны для жыцця» на Віцебскім праспекце ў Магілёве. – Belsat.eu]. Я вельмі шмат відэа наздымаў асабліва з іх удзелам», – сказаў Міхась Аршынскі.

Міхась Аршынскі быў затрыманы ўвечары 7 траўня. З таго часу ён знаходзіцца на соднях у ізалятары. На сённяшняе паседжанне сябры і паплечнікі Аршынскага прынеслі яму перадачы з печывам, вадой і кнігамі.

Фота: Belsat.eu

На судзе 12 траўня Міхась Аршынскі заявіў, што ля ізалятара часовага ўтрымання 6 траўня ён выконваў рэдакцыйнае заданне для сайту 6tv.by. Першапачаткова суддзя адхіліла хадайніцтва Аршынскага выклікаць рэдактара сайту ў якасці сведкі па справе. У якасці сведкі заслухалі толькі міліцыянта.

Намеснік старшыні аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Павал Башарымаў на судзе сведчыў, што Аршынскі з’яўляецца відэаблогерам і асвятляе апазіцыйныя мерапрыемствы. Башарымаў бачыў Аршынскага ля будынку ІЧУ 6 траўня, дзе адбыўся мітынг.

«Людзі хацелі бачыць начальніка ІЧУ, пасля прыехалі міліцыянты і папрасілі людзей разысціся. Аршынскі задаваў грамадзянам пытанні і здымаў усё гэта на камеру», – сказаў на судзе Башарымаў.

Аршынскі патлумачыў, што знаходзіўся 6 траўня пад ІЧУ, як журналіст. На відэа чутны яго каментары «людзі пайшлі», «грамадзяне звярнуліся» і яны былі адрасаваны не ўдзельнікам, а гледачам. Але суддзю цікавіла толькі тое, ці быў Аршынскі ў той дзень пад ІЧУ.

Міхаіл Аршынскі ў судзе.
Фота: Belsat.eu

Аршынскі яшчэ раз падаў хадайніцтва выклікаць у якасці сведкі рэдактара сайту 6tv.by, і на гэты раз атрымаў згоду. Зміцер Салаўёў, рэдактар 6tv.by, засведчыў, што 6 траўня Аршынскі здымаў падзеі пад ІЧУ у Магілёве па ягонаму рэдакцыйнаму заданню, як пазаштатны журналіст сайту.

Сваю віну аператар не прызнаў. На думку Аршынскага, ніякага мітынгу і шэсця ля ІЧУ не было, а пасля папярэджання з боку міліцыі людзі адразу разышліся. Міхаіл лічыць, што ўлады бачаць у журналістах пэўную пагрозу і масавымі судамі з суткамі намагаюцца збіць чарговы пузыр незадаволення людзей.

Суддзя Аксана Ратнікава прызнала Аршынскага вінаватым і прысудзіла яму 11 содняў адміністрацыйнага арышту.

Усяго ў Магілёве за акцыі сустрэчы і падтрымкі блогера Сяргея Ціханоўскага затрымана 18 чалавек, сярод якіх журналісты, блогеры, актывісты і простыя жыхары Магілёва. Суды Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Магілёва разглядалі справы паводле артыкулу 23.34 КаАП 3 дні і ўсіх абвінавачаных прызналі вінаватымі. Пакаранне для затрыманых было адно – содні. Акрамя Таццяны Сівачэнка – ёй далі 25 базавых штрафу (Br 675), хаця перад судом яна таксама адседзела 3 сутак у ізалятары.

Фота: Belsat.eu

Неразгледжанай на сёння застаецца толькі справа жыхара Магілёва Ігара Шчамялёва. Яго затрымалі нібыта за ўдзел у сустрэчы аўтадома «Краіны для жыцця», але ён сустракаў яго не фізічна, а віртуальна. 5 траўня, калі на Віцебскім праспекце ў Магілёве міліцыя спыніла аўтадом з блогерамі і да машыны пачалі падцягвацца людзі, Ігар Шчамялёў, паводле яго, знаходзіўся дома з сямʼёй і глядзеў стрымы праз інтэрнэт. 11 траўня на суд над Шчамялёвым сведкі так і не зʼявіліся, ніякія доказы яго віны агучаны не былі, разгляд справы перанесены на 14:30 14 траўня.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў