Блогера Андрэя Павука затрымалі за супрацу з «Белсатам»


Цяпер Андрэй Павук знаходзіцца ў аддзяленні міліцыі. На яго складаюць пратакол.

Блогера выклікалі праз смс-паведамленне для дачы паказанняў у справе «магчымай супрацы з Белсатам». Ён адмовіўся даваць тлумачэнні.

«За што выклікалі – да канца не зразумела. Відаць, за сюжэт пра майку з чыноўнікамі, у якім я быў героем. Калі я прыйшоў, у мяне захацелі забраць тэлефон. Я запытаў, ці затрыманы, мне сказалі, што не. Тады я папрасіў кнігу скаргаў, пасля чаго мяне затрымалі за тое, што не захацеў аддаць тэлефон. Цяпер сяджу чакаю, пакуль складаюць пратакол», – распавёў belsat.eu блогер.

Справа вядзецца пра цішотку з выяваю намесніка старшыні Акцябрскага райвыканкаму Уладзіміра Елісеева і кіраўніцы справамі Валянціны Шлапаковай ды надпісам «Яны любяць цябе». Мясцовы аддзел міліцыі распачаў супраць Павука адміністратыўны працэс па заяве Елісеева. Чыноўнік сцвярджае, што блогер абразіў ягоны гонар і зганьбіў пачуцці сям’і. 25 ліпеня Павука чакае папярэдняе паседжанне.

На пачатку ліпеня Андрэй Павук апрануў гэтую майку і выйшаў распытаць мясцовых жыхароў: ці абразліва насіць выявы чыноўнікаў на адзенні?

Сёння актывіст збіраўся весці стрым з выязднога паседжання чыноўнікаў Акцябрскага райвыканкаму ў мясцовыя вёскі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў