Блогер, які паведаміў пра смерць Марадоны, выплаціў яму кампенсацыю


Марадона ў Берасці

Адвакат кіраўніка берасцейскага «Дынама» Д’ега Марадоны Матыяс Морля паведаміў, што чалавека, які распаўсюдзіў чуткі пра смерць былога спартоўца падчас чэмпіянату свету па футболе ў Расеі, удалася знайсці. Яго прымусілі выплаціць кампенсацыю.

Юрыст адзначыў, што аўтара аўдыёзапісу, у якім гаварылася пра смерць Марадоны, знайшлі з дапамогай IT-спецыялістаў. Той, хто распаўсюдзіў чуткі, прызнаў сваю віну, дадаў Матыяс Морля. Пасля бакі падпісалі пагадненне аб урэгуляванні канфлікту.

Морля адзначыў, што Марадону была выплачаная грашовая кампенсацыя, якую, паводле юрыста, кіраўнік «Дынама» збіраецца накіраваць на дабрачыннасць. Сума кампенсацыі невядомая.

26 чэрвеня падчас матчу ЧС-2018 паміж Аргентынай і Нігерыяй Марадону стала кепска, яго шпіталізавалі. Амаль адразу ў сеціве з’явіўся аўдыёзапіс, на якім сцвярджалася, што чэмпіён свету па футболе 1986 года памёр. Тады ягоны адвакат заявіў, то Марадона гатовы заплаціць 300 тыс. песо (каля $ 10,8 тыс.) таму, хто дасць дакладную інфармацыю пра аўтара запісу.

Шэраг замежных медыяў паведамілі, што Д’ега Марадона, які 15 траўня заключыў кантракт з берасцейскім «Дынама», можа пакінуць клуб. Ад моманту падпісання кантракту Марадона толькі адзін раз прыязджаў у Беларусь. На пытанне Belsat.eu прэс-сакратарка «Дынама» Вольга Хіжанкова заявіла:

«Мы не каментуем чуткі».

Але журналісты прызвычаіліся, што афіцыйны каментар ад клубу часам з’яўляецца, калі чуткі становяцца фактамі.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары