Блогер-трактарыст з Хойнікаў папрасіў палітычнага прытулку ў Латвіі


Механізатар Яўген Васількоў з Хойніцкага раёну трапіў пад палітычны пераслед і разам з сямʼёй зʼехаў з Беларусі. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Яўген Васількоў папрасіў у Латвіі палітычнага прытулку, хаця спачатку не хацеў пакідаць радзіму.

«Але ў мяне не было выбару… Міліцыя склала пратакол за экстрэмізм. Пагражалі мне за тое, што я здымаю ролікі пра бардак у Хойніцкім раёне. Міліцыянты сказалі, што праз такую дзейнасць у нас могуць забраць дзіця, якое мы ўсынавілі, бо яна сірата, і ёй няма яшчэ і пяці гадоў», – распавёў Яўген Васількоў.

У Латвіі ён атрымаў падтрымку – і ад уладаў, і ад беларускай дыяспары.

Трактарыст Яўген Васількоў з Хойніцкага раёну вёў youtube-каналы «Хронікі механізатара» і «Хойнікі для жыцця». Шырокую вядомасць ён набыў пасля роліку, у якім разважаў пра несумленныя выбары з пункту погляду вяскоўца.

Яшчэ да выбараў яго затрымалі, абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і пакаралі 10 соднямі адміністратыўнага арышту. Пазней Васількоў страціў працу праз сваю грамадскую актыўнасць.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў