Блогер «Шэры кот» і два актывісты «Еўрапейскай Беларусі» атрымалі содні


Яны атрымалі ад 17 да 25 содняў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі. У пятніцу 12 чэрвеня чарговыя 20 содняў атрымаў Дзмітрый Казлоў, больш вядомы як блогер «Шэры кот». Таксама адміністрацыйны арышт атрымалі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Арцём Чарняк (25 содняў) і Міхаіл Бандарэнка (17 содняў).

Дзмітрый Казлоў, блогер Шэры кот на акцыі 21 снежня ў Менску. Фота belsat.eu

Праваабаронцам вядома, што Чарняка і Бандарэнку судзілі ў судзе Савецкага раёну Менску па артыкулах 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).

Яны былі затрыманыя супрацоўнікамі АМАПу 10 чэрвеня.

Дзмітрый Казлоў летась за ўдзел у снежаньскіх акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй атрымаў 120 содняў адміністрацыйнага арышту.

Раней беларускія праваабаронцы неаднаразова выступалі з заявамі аб недапушчальнасці рэпрэсіяў у дачыненні да актывістаў падчас выбарчай кампаніі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў