Блогер Максім Філіповіч адседзеў 14 сутак – і яму далі яшчэ 15


Гомельскі блогер Максім Філіповіч мусіў вызваліцца з ізалятара часовага ўтрымання пасля 14-содневага арышту, але замест вызвалення яго прывезлі ў суд Савецкага раёну Гомля, дзе асудзілі яшчэ на 15 содняў.

Максім Філіповіч правеў за кратамі 14 содняў за дробнае хуліганства. Гэтак кваліфікавалі канфлікт у краме, удзельнікам якога быў блогер. Увесь тэрмін ён трымаў галадоўку, падае «Радыё Свабода».

Новую адміністрацыйную справу супраць блогера таксама распачалі за дробнае хуліганства.

Максім Філіповіч у судзе. Фота – «Радыё Свабода»

28 лістапада Максім Філіповіч здымаў стрым пра пажар на гомельскім прадпрыемстве «Лінія зносу». У час здымак паміж блогерам і намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргеем Новікам здарыўся канфлікт. Філіповіч патрабаваў, каб супрацоўнік МНС прадставіўся. Калі той адмовіўся, блогер сказаў «Ідзі гуляй, сынок».

Паводзіны Філіповіча абурылі частку інтэрнаўтаў. Яны нават склалі петыцыю аб прыцягненні блогера да адказнасці за хамства ў дачыненні да ратавальнікаў.

«Гэта расправа і страх уладаў перад новымі пратэстамі. Пачалася перадвыбарчая кампанія, і яны баяцца паўтарэння таго, што было ўвесну мінулага года », цытуе блогера канал Беларускага нацыянальнага кангрэсу ў «Тэлеграме».

Блогер на судзе не прызнаў віну.

ДД

Стужка навінаў