У артыкуле «Беларусь – наступная» фатограф разважае пра тое, што цяпер пачынаецца новы раўнд абвастрэння адносінаў паміж Беларуссю і Расеяй.
«Украіна ўсім надакучыла, Оўбама ўжо не той і ўвогуле сыходзіць на адпачынак, пра Мэркель толькі Жырыноўскі і распавядае анекдоты, геі ўсе зʼехалі, ліберастаў даўно не чуваць… Як тут не засмуткаваць?
Але не адчайвайцеся, усё не так дрэнна! У нас зʼявіўся новы, асабліва небяспечны вораг!» – іранізуе Варламаў.
І прыводзіць у прыклад падборку загалоўкаў з расейскіх газет і сайтаў.
«Іду сёння па набярэжнай у Еўпаторыі, гляджу на свежую прэсу ў газетным кіёску, а там паведамляюць, што беларусы ва ўсім вінаватыя!!! Я ледзь не падавіўся чэрствым крымскім абаранкам», – піша ён.
Варламаў задаецца пытаннем, ці хутка натоўпы закрычаць «Бабруйск наш!», вітаючы «ветлівых людзей»?
«Але не забывайце, што спачатку павінен быць Майдан. Месца добрае ёсць – Плошча Незалежнасці ў цэнтры Менску. А натоўп на ёй хутка збярэ наша прапаганда.
Сёння складана паверыць, што братэрскі беларускі народ заўтра можа стаць галоўным ворагам… Але хто мог 3 гады таму выказаць здагадку, што рускія і ўкраінцы будуць забіваць адзін аднаго?» – піша ён у блоге.
ДР belsat.eu паводле varlamov.ru