Блогер і палітвязень Ігар Лосік абвесціў бестэрміновую галадоўку. Ягоная жонка далучылася на знак салідарнасці


15 снежня Ігар Лосік, які знаходзіцца ў турме ў Жодзіна, абвесціў галадоўку. Ён стаў фігурантам новай крымінальнай справы. Пра гэта паведаміў блогер Антон Матолька. Дар’я Лосік, жонка Ігара, напісала ў сваім Instagram, што на знак салідарнасці з мужам таксама абвяшчае галадоўку.

Ігар Лосік. Фота з Facebook

25 снежня мусіў завершыцца тэрмін ўтрымання Ігара пад вартай. Але яму высунулі новыя абвінавачванні. Цяпер справа распачатая ня толькі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку»), але і паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Ігар Лосік сваю віну не прызнаў і адрэагаваў на новы ціск аб’яўленнем бестэрміновай галадоўкі да зняцця ўсіх абвінавачванняў або змены меры стрымання.

ВІДЭА
Жонка затрыманага блогера Лосіка: «Казалі, што калі не адчынім дзверы, іх узарвуць»
2020.06.25 17:09

Ён лічыць свой крымінальны пераслед палітычна матываваным. Праваабаронцы лічаць так жа, яны прызналі Ігара Лосіка палітычным вязнем.

У лістах знаёмым Ігар пісаў, што ніякія следчыя дзеянні з ім не праводзяць. «Такое адчуванне, што проста «мурыжаць», – паведамляў ён.

Ігар і Дар’я Лосікі. Фота з Facebook

Дар’я Лосік, жонка Ігара, напісала ў сваім Instagram, што на знак салідарнасці далучаецца да галадоўкі.

«Супраць нашай сям’і абʼяўлены генацыд, што вымушае нас ісці на крайнія меры», – напісала яна.

Адміністратар папулярнага тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года пасля вобшуку ў ягонай кватэры ў Баранавічах.

АВ, belsat.eu

Стужка навінаў