Бландзінка за стырном. Як Алена Басякова пяты год вучыць кіраваць аўтамі


Пра стэрэатыпы дзяўчат за стырном і тое, чым адрозніваюцца інструктары-жанчыны ад інстурктараў-мужчынаў, belsat.eu паразмаўляў з дырэктаркаю менскай аўташколы «Элегія».

Стваральніца адзінай жаночай у Менску аўташколы Алена Басякова мае педагагічную адукацыю. Яна прызнаецца: больш за ўсё на свеце любіць кіраваць аўтам і выкладаць. Доўгі час была інструктаркаю кіравання ў адной з менскіх аўташколаў. Шмат якія студэнты, калі даведваліся пра існаванне інструктара-жанчыны, запісваліся адразу да яе. З часам колькасць ахвочых расла. Гэтак у жанчыны нарадзілася ідэя стварыць уласную аўташколу, дзе толькі інструктаркі кіравання аўтам.

Тлумачым проста

«Мы тлумачым даступна, мужчына-інструктар можа, безумоўна, растлумачыць, але не так, каб зразумела жанчына. Нам важна, каб вучаніцы зразумелі агульны прынцып, навошта ім ведаць глыбока, яны ж не будуць рамантаваць машыны», – распавядае дырэктарка школы.

У школе перакананыя, што стыль выкладання ў мужчынаў і жанчын адрозніваецца: жанчыны больш цярплівыя. А вось стыль кіравання адрозніваецца паводле характару, не полу.

Выязджаем з аўтадрому і едзем па вузкай вуліцы ў Грушаўцы: наперадзе мінівэн, з якім доўга не можам раз’ехацца. За стырном машыны мужчына сярэдніх гадоў запытальна глядзіць на легкавушку, поўную дзяўчат.

«Не хвалюйся, больш газу дай, націскай. Ён павінен быў нас прапусціць, перашкода ў яго на паласе. Разгубілася? Ну, нічога», – цярпліва кажа Алена вучаніцы.

Да касых позіркаў мужчын-кіроўцаў Алена ўжо прызвычаілася. На жарты і насмешкі наконт полу ды колеру валасоў – у яе свой адпор – веды і практыка: за стырном жанчына ўжо больш за 15 гадоў.

«Гэта не залежыць ад колеру валасоў. Калі чалавек мямля, бландзінка ці брунетка, яму цяжка паўсюль, не толькі ў кіраванні аўтам, у прынцыпе ў дасягненні сваіх мэтаў», – перакананая жанчына.

«Смяяліся, маўляў, ну, пакажыце, чаму вы там навучылі»

Алена прызнаецца, што на пачатку працы школы было нялёгка: скептычна ставіліся ў ДАІ, смяяліся, маўляў, ну, пакажыце, чаму вы там навучылі. Цяпер школа – у сярэдзіне рэйтынгу. Але агулам іспыт ДАІ з першага разу здаць вельмі складана: агульнагарадскі паказнік нездавальняльных здачаў з першай спробы складае больш за 70 %.

У школу часта прыходзяць сталыя жанчыны, ёсць таксама і хлопцы. Жанчын-інструктарак робіцца ўсё больш, але ў грамадстве яшчэ застаюцца пэўныя гендарныя стэрэатыпы.

«Хто вызначыў, што жаночае, а што мужчынскае? Я не люблю гатаваць, не люблю прыбірацца, па крамах хадзіць не люблю. Гэта ўсё залежыць ад характару чалавека, а не ад полу», – адзначае напрыканцы нашай размовы Алена.

НР, фота Ірыны Арахоўскай, belsat.eu

Стужка навінаў