«Бландзінка біла мужчын у асноўным паміж ног – ёй гэта вельмі падабалася». Сябра штабу Ціханоўскай пра катаванні на Акрэсціна


Вольга Паўлава ў студыі праграмы «Шчыра кажучы»

Вольга Паўлава падчас выбарчай кампаніі была сябрам перадвыбарчага штабу Святланы Ціханоўскай. Увечары 9 жніўня яна ў якасці медыка-валанцёра пайшла да Стэлы на плошчы Пераможцаў. Там Вольга была затрыманая, прайшла праз здзекі і катаванні. Яна правяла за кратамі пяць дзён без адміністратыўнага пратакола і без адпаведнага судовага рашэння. Вольга распавяла belsat.eu гісторыю свайго затрымання, якое было больш падобна на выкраданне.

32-гадовая Вольга Паўлава загадзя рыхтавалася да таго, каб падчас пратэстаў быць гатовай аказаць першую дапамогу пацярпелым. Увечары 9 жніўня яна даведалася, што ў раёне Стэлы гучаць выбухі і паехала туды. Каля 23:00 Вольга дайшла да царквы Пакрову Найсвяцейшай Багародзіцы на праспекце Пераможцаў, спусцілася з узгорку і апынулася ў буфернай зоне паміж сілавікамі і мірнымі дэманстрантамі. АМАП страляў гумовымі кулямі і закідваў людзей святлошумавымі гранатамі, пратэстоўцы разбягаліся. Пасля такой «артпадрыхтоўцы» сілавікі перайшлі ў наступ: АМАП пабег на пратэстоўцаў і пачаліся затрыманні.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu / Vot-tak.tv

Вольга на той момант ужо атрымала раненне: аскепкамі гранаты ёй пашкодзіла нагу. Калі пачалася атака, адзін з АМАПаўцаў штурхануў Вольгу так, што яна ўпала і рассякла руку, а яшчэ некалькі сілавікоў пацягнулі жанчыну ў аўтазак. Там Вольгу кінулі ў «стакан» – маленькую адзіночную камеру. Пры гэтым сумку, дзе былі медыкаменты, у яе адабралі.

«У выніку ранення ад выбуху гранаты ў мяне пачаўся крывацёк. Я прасіла аказаць мне першую медычную дапамогу або проста перадаць мне з сумкі перакіс вадароду. Натуральна ніхто на гэтыя просьбы не рэагаваў», – кажа яна.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Праз некаторы час затрыманым сказалі выходзіць на вуліцу, прагналі іх праз калідор сілавікоў і зацягнулі ў бусік.

«Я нават не ведаю, што гэта быў за бус, бо нам не давалі падняць галаву. Толькі падымаеш – і хтосьці цябе адразу б’е па галаве. Крычаць: галаву ў пол, на твары не глядзець, хутчэй, хутчэй… На просьбы патлумачыць прычын затрымання была адна рэакцыя: «Заткні рот, шалава!»

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Няма ў цябе ніякіх канстытуцыйных правоў, с..а!»

Затрыманых прывезлі на Акрэсціна і выстраілі ўздоўж калідора на першым паверсе. На адным баку знаходзіліся жанчыны, на іншым – мужчыны. Паводле Вольгі, найбольш агрэсіўна паводзіў сябе міліцыянт з густымі чорнымі бровамі (паводле нашай суразмоўцы, ягонае імя – Яўген Урублеўскі) і доўгавалосая бландзінка.

«Яны былі галоўнымі агрэсарамі, якія кіравалі збіваннем людзей. Бландзінка біла мужчын у асноўным паміж ног – ёй гэта вельмі-вельмі падабалася…. Я спрабавала сказаць, што яны парушаюць мае канстытуцыйныя правы, у адказ на што Урублеўскі падышоў і некалькі разоў ударыў мяне галавой аб сцяну. «Што ты, бл…, самая разумная, выдатніца? Няма ў цябе ніякіх канстытуцыйных правоў, с..а!» – закрычаў ён. І яшчэ раз ударыў мяне галавой аб сцяну».

Яўген Урублеўскі. Паводле Вольгі Паўлавай, менавіта ён катаваў людзей на Акрэсціна.
Фота: narushitel.org

Сярод затрыманых у тым ліку была грамадзянка Расеі, якая патрабавала пазваніць амбасадару.

«Урублеўскі збіў яе гумовай дубінкай і пачаў крычаць, што «ніякага амбасадара не будзе і яна проста здохне ў камеры, бо ніхто не даведаецца, што яна тут».

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Усіх затрыманых паставілі на расцяжку, а бландзінка хадзіла і выбівала берцамі ногі, каб расцяжка была яшчэ шырэй. Такім чынам вельмі балюча расцягваліся пахвінныя мышцы.

«Увесь гэты час збівалі мужчын. Збівалі да хрыпаты. Прымушалі крычаць «Я люблю АМАП». Аднаму мужчыне адбілі ныркі і ён ужо мачыўся крывёю. Тады амапаўцы пачалі крычаць на яго: прыбяры за сабою! Чалавек казаў: хлопцы, я ж голы, у мяне нічога няма. І яму сказалі, каб ён выціраў сваім целам».

Hавiны
ААН мае звесткі пра 450 выпадкаў катаванняў пратэстоўцаў у Беларусі
2020.09.01 18:20

«Я стаяла на каленях і чытала ўслых верш»

Жанчын распіхалі па камерах. Камера, дзе апынулася Вольга, была прадугледжана на 4 чалавек, але туды ўціснулі 19 затрыманых. Пасля гэтага адкрылася «кармушка» і адна з супрацоўніц пачала перапісваць асабістыя дадзеныя затрыманых, а таксама пытала пра месца і час затрымання. У Вольгі гэтыя пытанні выклікалі падазрэнне: яна вырашыла, што сілавікі будуць фабрыкаваць пратаколы як раз зыходзячы з яе словаў. Таму акрамя прозвішча і імя Вольга адмовілася нешта называць пакуль міліцыянты самі не прадставяцца і не патлумачаць прычыну затрымання.

Праз адмову адказваць на пытанні Вольгу вывелі ў калідор, дзе знаходзіліся некалькі сілавікоў.

«Жанчына-бландзінка пачала біць мяне аб сцяну галавой, выкручваць рукі, спрабавалі ламаць пальцы, – распавядае Вольга, – Мяне пасадзілі на калені, прыціснулі нагой галаву да зямлі і крычалі: «Кажы, с..а, свае дадзеныя!» Пагражалі, што на мяне распачнуць крымінальную справу за непадпарадкаванне міліцыі. Я сказала гэтай бландзінцы, што я – медык і магу афіцыйна паставіць ёй дыягназ: яна сацыяльна адаптаваная псіхапатка. Пасля гэтага яна адскочыла і мяне пакінулі ў такой позе на паўгадзіны, каб я падумала. Я стаяла на каленях і чытала ўслых верш Ёвана Змая пра гонар. Іх на доўга не хапіла: яны адчынілі дзверы ў камеру са словамі «запаўзай, пачвара».

Hавiны
Парвалі бялізну, палохалі згвалтаваннем, а следчы пытаў пра выбары. Мянчанка – пра падзеі апошняга месяца
2020.09.07 13:14

«Газавая камера»

Снайперы на даху ЦІП на вул Акрэсціна ў Менску.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

«У камеры было вельмі-вельмі горача. Вакно было адчынена літаральна на два пальцы. Нас было шмат і мы крычалі, каб адчынілі хаця б «кармушку», каб было чым дыхаць. У адказ на нас вылілі вядро вады. І потым яшчэ прывялі затрыманых. У выніку нас стала 36 чалавек у камеры на 4-х», – распавядае Вольга.

Жанчыны ў камеры былі вельмі напалоханыя, для большасці гэта было першае затрыманне ў жыцці. У адной з затрыманых дзяўчат пачалася панічная атака, яе пастаянна ванітавала, яна гатовая была страціць прытомнасць. Жанчын з дыябетам безвынікова прасіла ў міліцыянтаў прынесці ёй таблеткі. Медычную дапамогу нікому не аказвалі, ежы не давалі. Ваду можна было піць толькі з крану.

«Потым наступіла ноч і пачалося самае жахлівае: дыхаць стала зусім няма чым. Я разумела, што мы страчваем прытомнасць ад недахопу кіслароду. Людзі ўжо нават баяліся прасіць аб дапамозе. Але я разумела, што горш ужо ня можа быць і пачала біць у дзверы. Прыйшоў дзяжурны, які толькі заступіў на змену. Я сказала, каб ён перадаў начальству, што я дам усе дадзеныя і ўсё падпішу. Я яму пачала тлумачыць, што гэта сапраўдная газавая камера, што мы задыхаемся, што раніцай проста не ўсе могуць прачнуцца, а адказнасць будзе на ім».

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Праз 15 хвілін дзяжурны сапраўды адчыніў камеру і загадаў выходзіць у калідор да сцяны. Ад рэзкага паступлення кіслароду дзяўчына, якая мела інваліднасць, страціла прытомнасць і ўпала.

«Гэта вельмі напалохала дзяжурнага. Ён пагадзіўся праветрыць камеру, пакінуў адчыненую «кармушку» і мы дамовіліся, што праз гадзіну ён нас выведзе падыхаць яшчэ. Так і адбылося. Перад сканчэннем сваёй змены ён выбачыўся і сказаў, што больш не можа нам нічым дапамагчы».

«Калі яна назвала дату – суддзя скаланулася»

На Архэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

На наступны дзень на Акрэсціна пачаліся суды над затрыманымі. Жанчын выводзілі з камеры па адной. Некаторыя дзяўчаты потым вярталіся ў слязах: АМАПаўцы, прымушаючы падпісваць пратаколы, абяцалі, што іх толькі аштрафуюць, але гэта быў падман – суды каралі затрыманых адміністратыўным арыштам.

Справу Вольгі Паўлавай разглядала суддзя Маскоўскага раённага суду Таццяна Матыль – сумна вядомае неаднаразовым вынясеннем палітычна матываваных рашэнняў.

«У пакоі – суддзя, сакратарка і ўключаны дыктафон. У суддзі на стале ляжаў штодзённік, куды яна ўпісвала дадзеныя. Яна папрасіла мяне прадставіцца і назваць дату нараджэння. І калі назвала дату – яна скаланулася».

Справа была ў тым, што ў дакументах, паводле якіх збіраліся судзіць Вольгу Паўлаву, былі дадзеныя іншага чалавека. Але пра гэта яна даведалася ўжо потым.

«Атрымалася, што паколькі ў міліцыі не было поўных маіх дадзеных (толькі імя і прозвішча), то яны знайшлі ў базе МУС маю поўную цёзку, але з іншым годам нараджэння і іншай прапіскай. Там і фота было іншае – мы нават не падобныя. То бок суддзя зразумела, што ў яе дэталізацыя на аднаго чалавека, а перад ёй стаіць зусім іншы чалавек».

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

З дакументаў, па якім збіраліся судзіць Вольгу Паўлаву, вынікала, што яе нібыта затрымалі на праспекце Незалежнасці ў 21:00. Але гэта была няпраўда: у гэты час яна была ў іншай кропцы гораду і мела сведкаў. Суддзя адмовілася выклікаць сведкаў, аднак і рашэнне выносіць не стала, а загадала вярнуць Вольгу Паўлаву ў камеру.

Больш да суддзі яе не выклікалі. Пазней у камеру зайшоў супрацоўнік РУУС са спісам пакаранняў для затрыманых: ён паведаміў, што Вольга атрымала 15 содняў арышту.

«Пасля Акрэсціна турма ў Жодзіна здавалася пяцізоркавым гатэлем»

Ночы на Акрэсціна праходзілі пад крыкі затрыманых мужчынаў, якіх моцна збівалі сілавікі.

«Я чула як мужчын вывелі ва двор, збілі, потым аблілі вадой пад напорам, потым зноў збілі. Бандыты (то бок сілавікі – заўв. belsat.eu) пры гэтым смяялісь, ім было весела. Яны прыдумалі такую гульню для збітых мужчынаў: мы, маўляў, зараз адчынім браму і ў вас будзе паўхвіліны на тое, каб вы збеглі. А праз паўхвіліны мы выедзем за вамі на машынах. І хто не паспее – тых будзем расціскаць. Ім вельмі смешным здаваўся гэты план».

Днём затрыманых жанчын вывелі ва ўнутраны дворык ЦІП, дзе стаяла шмат АМАПаўцаў з аўтаматамі. АМАПаўцы абражалі жанчын, казалі што яны праплачаныя і што яны прадалі Радзіму за адзін долар. «А цяпер падумай: як лічыш, за 2 рублі тут нехта б стаяў?» – спытала Вольга. Чамусьці гэтыя словы жанчыны паўплывалі на міліцыянта: ён дазволіў ім папіць і прысесці на зямлю тым, хто ўжо не мог стаяць.

Пасля гэтага затрыманых пагрузілі ў аўтазак і павезлі ў Жодзіна.

На Архэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Менавіта ад супрацоўніцы жодзінскай турмы, якая праводзіла дагляд затрыманых і перапісвала дадзеныя, Вольга даведалася, што справа была складзена не на яе, а на зусім на іншага чалавека.

«Яна мяне паклікала да стала і паказала маю справу. Кажа, ты разумееш, што там не ты? І ў гэты момант я нарэшце зразумела, чаму так псіхавала Матыль. Таму што там сапраўды была дэталізацыя на іншага чалавека. Нават пратакола не было: было проста два лістка, на адным з якіх хтосьці асадкай напісаў «15 содняў».

Вольга спрабавала патлумачыць гэта іншаму супрацоўніку ізалятара і той звярнуўся да свайго начальніка. Але безвынікова. «Пох…, пасадзі да ўсіх астатніх», – сказаў начальнік.

Людзі сустракаюць тых, каго ўжо вызвалілі з СІЗА ў Жодзіна. Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Пасля Акрэсціна турма ў Жодзіна здавалася пяцізоркавым гатэлем, бо ў камеры на 8-х нас было толькі 23! Мы хоць і ляжалі на падлозе, але хаця б змаглі выцягнуцца ўпершыню за трое содняў».

Наступныя два дні Вольга скардзілася дзяжурным на тое, што яе фактычна выкралі. Нагадвала, што яны здзяйсняюць крымінальнае злачынства і кожны з іх цяпер будзе фігурантам гэтай справы. Спачатку скаргі жанчыны ігнаравалі, але 14 жніўня яна ўсё ж дагрукалася да чарговага дзяжурнага. «Ён схадзіў за справай, пераканаўся, што я сапраўды тут знаходжуся незаконна і, відаць, спалохаўся», – распавядае яна. Вольга павялі да начальніка, які нарэшце загадаў адпусціць яе, а справу парваць.

«Мае рэчы не знайшлі – сказалі, што, імаверна, засталіся на Акрэсціна. Без даведак, без якіх-небудзь дакументаў, мяне проста вывелі з ізалятару і сказалі – усё, давай, ідзі».

Каля Жодзінскай турмы.
Фота: «Белсат»

Да Менску яе давёз адзін з валанцёраў, што дзяжурылі пад сценамі ізалятара. Тыдзень пасля гэтага Вольга правяла за горадам – спрабавала прыйсці ў сябе пасля ўсяго, што адбылося.

Hавiны
«Яны білі мяне як мяса». Напалі на машыну, катавалі, зрабілі фігурантам крымінальнай справы
2020.08.19 15:59

«Па факце мяне проста выкралі нейкія бандыты»

Такім чынам, Вольга Паўлава правяла 5 дзён за кратамі нават без фармальных юрыдычных падставаў.

Даведка з ЦІП на Акрэсціна

У ЦІП на Акрэсціна Вользе далі даведку, што яе выпусцілі 12 жніўня «ў сувязі з завяршэннем адміністратыўнага затрымання».

Даведка з Жодзіна

У жодзінскім ізалятары ёй выдалі даведку, што яна там знаходзілася з 12 па 14 жніўня, бо адбывала адміністратыўнае пакаранне. Аднак не існуе ніводнага дакумента, дзе б тлумачылася, чаму яна трапіла за краты.

Адказ з суду Маскоўскага раёну Менску

«З суду Маскоўскага раёну прыйшоў адказ, што супраць мяне ніякага адміністратыўнага працэсу не вялося. Аднак пакаранне я адбывала! За ўвесь гэты час я ніводнага разу не пачула прычыну затрымання, нават ад суддзі! Па факце мяне проста выкралі нейкія бандыты, пратрымалі 5 содняў, а потым сказалі: усё, ідзі», – канстатуе Вольга.

***

Гэтае інтэрв’ю карэспандэнт belsat.eu запісаў яшчэ 2 верасня. А 6 верасня Вольгу Паўлаву зноў затрымалі па невядомых прычынах.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў