Блакітныя азёры ў Любанскім раёне дастануцца інвестару з Егіпту


Прыватная кампанія атрымала ў арэнду крэйдавыя кар’еры побач з вёскай Хацінава, што на Любаншчыне.

Шмат гадоў купанне тут было забароненае, але людзі ўсё роўна прыязджалі. Як піша «СБ. Беларусь сегодня», у выходныя на кар’ерах збіраюцца тысячы чалавек.

Гісторыя незвычайнага ландшафту з вадой яскрава-бірузовага колеру пачалася 20 гадоў таму, калі Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў спыніў тут здабычу вапны.

Папулярны ў народзе вадаём не прыстасаваны для адпачынку: тут няма ні ўладкаванага пляжу, ні ратавальнікаў. А ў некаторых месцах – рэзкія перапады глыбіняў і тэмператур, нават летам вада не выграваецца глыбей за два метры. Іншымі словамі, купанне ператвараецца ў рускую рулетку. За апошнія гады тут патанула 10 чалавек. Па патрабаванні ўладаў на беразе ўсталявалі знак, які папярэджвае аб адказнасці за купанне. Міліцыя рэгулярна праводзіць рэйды па «блакітных крыніцах», парушальнікаў штрафуюць.

Яшчэ адна праблема: вакол карʼера шмат адкідаў. Лясгас прыбірае, але намаганняў яго супрацоўнікаў недастаткова.

«Дзікай тэрыторыі патрэбны гаспадар», піша друкаванае выданне адміністрацыі кіраўніка Беларусі. І адразу дадае, што два месяцы таму прыватная кампанія ТАА «Пирамида-Групп», зарэгістраваная ў пасёлку Урэчча, праз аўкцыён атрымала ў арэнду крэйдавыя карʼеры. Галоўным інвестарам стане бізнесовец з Егіпту, імя якога не называецца.

Дамова аб арэндзе разлічаная на пяць гадоў, пазней інвестар будзе мець першачарговае права падаўжэння арэнды.

Намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы Любанскага райвыканкаму Наталля Раменчык распавяла пра планы новых уладальнікаў:

«У будучыні збіраюцца ўладкаваць на берагах базу адпачынку: гасцявыя дамкі, рэстаран, лазня, кемпінг. Праўда, пакуль у арэнду аддалі толькі водную роўнядзь. Для атрымання зямлі інвестары павінны падрыхтаваць спецыяльны праект і зацвердзіць яго ў аблвыканкаме».

У сваю чаргу ў ТАА «Пирамида-Групп» распавялі, што пасля добраўпарадкавання пляжу купацца дазволяць усім, а вось рыбалка стане платнай.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў