Бізнесовец з топ-100 назваў абаронцаў Курапатаў «швондзерамі»


Аркадзь Ізраілевіч (у капялюшы). Фота – facebook.com/arkadiy.izrailevich

Прадпрымальнік Аркадзь Ізраілевіч, які ўваходзіць у сотню самых паспяховых бізнесменаў Беларусі, заявіў у размове з svaboda.org, што не мае дачынення да «рэстарана на костках».

Нагадаем, што 13 чэрвеня газета «Новы час» апублікавала расследаванне пра ўладальнікаў і інвестараў рэстарану «Поедем поедим». У публікацыі сцвярджаецца, што кампанія «ІВ», якая належыць Аркадзю Ізраілевічу, звязаная з кампаніяй «БелРестИнвест» (забудоўнік рэстарану «Поедем поедим»).

«Мая кампанія ня мае да гэтага ніякага дачынення. Ды палова з гэтага спісу ня мае. Сяргей Левін (уладальнік фабрыкі «Сонца». – Заўв. svaboda.org) таксама, – кажа Аркадзь Ізраілевіч. – Тыя, хто гэта пабудаваў, – мае сябры, але юрыдычна мы не звязаныя. І я маўчаў, пакуль з мяне не зрабілі верхавода габрэйскай мафіі».

Паводле бізнесоўца, у скандале вакол рэстарану побач з Курапатамі вінаватая дзяржава.

«Ва ўсім свеце ёсць святыні. Але чаму тады дзяржава ня возьме і не адгародзіць гэта? Чаму ня зробленыя ахоўныя зоны? – задае ён пытанні. – Вы там бачылі шыльды, што тут ахоўныя зоны і што там нельга? У горадабудаўнічых дакументах не было ахоўнай зоны! Дык давайце на гэтых памылках вучыцца і паважаць інвэстара», – кажа бізнесовец.

Да пратэстоўцаў, якія штодня пікетуюць рэстаран, Аркадзь Ізраілевіч ставіцца негатыўна. Мяркуе, што пратэсты носяць «замоўлены» характар, а сярод пікетоўцаў – «дэкласаваныя элементы», піша svaboda.org. Бізнесмен таксама рэзка крытыкуе ідэю пратэстоўцаў зрабіць на месцы пабудаванага рэстарану музей.

«Вам жа прапаноўвалі дамкі пад музей, і ў вас не хапіла арганізаванасці іх узяць на сябе, а вы хочаце такую будыніну?! – кажа ён. – Гэта «швондзеры» [Швондзер – герой аповесці Міхаіла Булгакава «Сабачае сэрца». – Заўв. Belsat.eu], я па-іншаму не скажу. Гэта людзі, якія нічога не ствараюць, але гатовае хочуць забраць і пераразмеркаваць».

18 чэрвеня інтэрнэт-выданне dev.by папрасіла пракаментаваць сітуацыю вакол рэстарану «Поедем поедим» уплывовага беларускага IT-прадпрымальнікам Віктара Пракапеню.

«Рэстаран у Курапатах павінен быць зачынены, прычым не дзяржавай, а ўладальнікамі бізнесу. Пакуль гэта не зроблена, прапаную ўсім сацыяльна адказным беларусам байкатаваць рэстараны групы: The View, «Гранд Кушавэль» і, вядома, рэстаран «на касцях», – сказаў Пракапеня.

Бестэрміновая акцыя пратэсту побач з рэстарацыяй «Поедем поедим» ля ўрочышча Курапаты працягваецца ўжо дзевятнаццаты дзень.

Абаронцы Курапатаў звярнуліся з адкрытым лістом да замежных лідараў. Яго падпісалі нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, паэты Уладзімір Някляеў і Алесь Пашкевіч ды іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там былі расстраляныя ад 30 да 250 тысяч чалавек.

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org, dev.by, ej.by

Стужка навінаў