Экс-уладальніка «Мотавела» Аляксандра Мураўёва прысудзілі да 11 гадоў калоніі


11 гадоў турмы строгага рэжыму. Гэткі вырак суд Фрунзенскага раёну агучыў сёння Аляксандру Мураўёву – у скандальнай справе «Мотавела».

Аляксандра Мураўёва прызналі вінаватым па ўсіх складах злачынстваў, якія яму інкрымінавалі: махлярства (ч. 4 арт. 209), раскраданне (ч. 4 арт. 210), ухіленне ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243), арганізацыя і пасобніцтва ў здзяйсненні злачынстваў (арт. 16). Канчатковы прысуд – 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нагадаем, дзяржабвінавачванне прасіла 12. Акрамя таго, суд забараніў Мураўёву займаць пэўныя абавязкі цягам 5 гадоў і канфіскаваў маёмасць – у тым ліку акцыі «Мотавела».

Экс-дырэктар «Мотавела» Казімір Мароз прызнаны вінаватым у службовай нядбайнасці (арт. 428), а таксама раскраданні (ч. 4 арт. 210). Марозу далі 5 гадоў «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) з канфіскацыяй маёмасці і 5-гадовай забаронай займаць пэўныя пасады.

У чым сутнасць абвінавачання?

Мураўёў нібыта не выканаў умоваў інвестыцыйнай дамовы, паводле якой дзяржава прадала яму менскі завод «Мотавела».

«Пакупнік – аўстрыйская кампанія павінна была выканаць шэраг умоваў дамовы. Адной з такіх умоваў з’яўлялася інвеставанне ў развіццё таварыства сумы ў абʼёме $ 20 мільёнаў», – даводзіла пракурор Крысціна Асран.

Кампанія «АТЭК Гоўлдынг», чые інтарэсы ў Беларусі рэпрэзентоўваў галоўны падсудны, патрабаваныя грошы ўклала, але не ў станкі, а проста перавяла на рахунак заводу.

«У ходзе разбіральніцтва ўстаноўлена, што грашовыя сродкі на суму $ 20 мільёнаў у 2007-2012 гадах, сапраўды, пералічаныя на рахунак Мотавела, але цягам наступных некалькіх дзён пералічваліся на іншыя падкантрольныя абвінавачанаму фірмы», – дадала спадарыня Асран.

Мураўёў у сваёй апошняй прамове заявіў, што набываць новыя станкі не мела сэнсу

Як пачыналася справа «Мотавела»

Ён палічыў патрэбным сканцэнтравацца на тым, каб вывесці завод у прыбытак. У 2012-м годзе гэта атрымалася за кошт ператварэння айчынных матацыклаў «Менск» у прадукт адкрутачнай зборкі з імпартаваных кітайскіх дэталяў. Частку тэрыторыі заводу бізнесовец адрамантаваў і здаў у арэнду. Мураўёў настойваў, што рабіў слушна.

У 2012-м годзе ўлады палічылі такія змены ў бізнес-план апраўданымі

На падставе справаздачы аб выкананні інвестыцыйнай дамовы ўлады перадалі пакет акцыяў заводу ва ўласнасць аўстрыйскаму інвестару. Але праз тры гады – перадумалі, справаздачу назвалі сфабрыкаванай, акцыі заводу запатрабавалі назад, а ў дадатак наклалі штраф $ 7 мільёнаў.

«Гэта такі пасыл інвестарам будучым, якія збіраюцца несці сюды ў Беларусь грошы. То бок, вы можаце прынесці, можаце стаць уладальнікам прадпрыемства, але ў любы момант дзяржава можа прыйсці і сказаць. Мы яго назад адбіраем», – мяркуе аглядальнік «Белгазеты» Віктар Федаровіч».

У 2015 годзе, пасля арышту Аляксандра Мураўёва, завод вярнулі пад кіраванне дзяржавы

Паказнікі прыбытковасці тут жа зноў спаўзлі ў мінус. Па выніках першага паўгоддзя летась страты склалі амаль $ 40 мільёнаў.

У 90-х гадах «Мотавела» выкупіў канадскі інвестар, а ў 2004-м – хацеў набыць італьянскі вытворца скутэраў «Каджыва». Але профільнаму заходняму інвестару Лукашэнка пастанавіў прадпрыемства не прадаваць. Замест гэтага – спачатку нацыяналізаваў завод, потым аддаў яго афшорнай аўстрыйскай кампаніі, а затым зноў забраў назад.

Чытайце таксама:

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Стужка навінаў