Бізнес жонкі, «прэм’ерства» і сяброўства з Лукашэнкам. Як Юрый Лужкоў быў звязаны з Беларуссю


У Мюнхене 10 снежня ва ўзросце 83 гадоў памёр Юрый Лужкоў, які быў мэрам Масквы з 1992 па 2010 год. Расейскі палітык неаднойчы наведваў Беларусь, Аляксандр Лукашэнка называў яго асабістым сябрам. Belsat.eu сабраў топ фактаў пра тое, як Лужкоў быў звязаны з Беларуссю.

Сябра Лукашэнкі

Лужкоў і Лукашэнка, 2005 год.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова называў былога мэра Масквы сваім сябрам.

«Юрый Міхайлавіч Лужкоў – мой сябар. Мы з ім сябры даўнія. І ад таго – быў ён мэрам, а сёння не – нашыя стасункі не зменяцца», – казаў ён ужо пасля адстаўкі Лужкова.

Сам Лужкоў казаў, што яны з Лукашэнкам аднадумцы.

«У падыходах да вырашэння галоўных праблемаў мы аднадумцы, мы таксама аднадумцы ў жыццёвай філасофіі. Гэта адразу робіць простым усё, што складваецца ў стасунках Беларусі і Масквы», – адзначаў ён у 2006-ым.

Лукашэнка распавядаў, што Лужкоў у свой час прывучыў яго да гульні ў тэніс. Потым беларускі лідар хваліўся, што заўсёды перамагаў мэра Масквы. «Ельцын са мной на корце не спраўляецца, Каржакоў не спраўляецца, Лужкоў прайграў тры разы», – прыгадваў ён.

Калі Лужкова адправілі ў адстаўку, Лукашэнка заступаўся за былога мэра і напісаў яму ліст у падтрымку. 1 кастрычніка 2010 года ў гутарцы з расейскімі журналістам Лукашэнка заявіў, што нельга звальняць на падставе страты даверу (з гэтай фармулёўкай Лужкова звольніў Дзмітрый Мядзведзеў, тагачасны прэзідэнт РФ) чалавека, які «зрабіў столькі для краіны». «Нельга выгнаць з працы, нават не сказаўшы яму дзякуй», – дадаў ён.

Лабіяваў пабудову Дома Масквы

Менавіта пры падтрымцы Лужкова і за расейскія грошы ў Менску ў 2009 годзе быў пабудаваны Дом Масквы. Агульны аб’ем інвестыцыяў у праект склаў амаль 536 млн расейскіх рублёў.

Пісьменнік-сталініст Мікалай Старыкаў у Доме Масквы.
Фота: Belsat.eu

Будынак вядомы тым, што ў ім праводзяцца шматлікія расейскія культурніцкія і прапагандысцкія імпрэзы. Напрыклад, у 2015 годзе там адбывалася скандальная імпрэза ідэолага «рускага свету», пісьменніка-сталініста Мікалая Старыкава, а ў 2016-ым – прэс-канферэнцыя адыёзнага прапагандыста Дзмітрыя Кісялёва.

Жонка Лужкова мела бізнес-інтарэсы ў Беларусі

Лужкоў і Батурына.
Фота: Global Look Press/Anatoly Lomokhov

Лужкоў таксама лабіяваў у Беларусі бізнес-інтарэсы сваёй жонкі. У 2006 годзе мэр ініцыяваў забудову мікрараёнаў «Маскоўскі» і «Лебядзіны» у Менску сіламі «Маскоўскай інвестыцыйнай будаўнічай кампаніі». Паводле СМІ, буйным акцыянерам кампаніі была фірма «Інтэка», якой валодала жонка Лужкова Алена Батурына. Тады Лукашэнка публічна заявіў, што будаўнічыя праекты расейскай мэрыі ў Менску будуць рэалізоўвацца ў «прыярытэтным парадку».

У Расеі Лужкова часта вінавацілі ў карупцыі і злоўжываннях, праз што ягоная жонка стала найбагацейшай жанчына краіны. Але Лукашэнка да бізнесу жонкі Лужкова ставіўся пазітыўна.

«Вы яму ў віну ставілі бізнес яго жонкі…, – казаў Лукашэнка расейскім журналістам. – Ну не будзе ягоная жонка бізнесам займацца, будзе жонка іншага займацца бізнесам. Хочаце спыніць – зрабіце гэта заканадаўча».

Праўда, часам Лукашэнка іранізаваў над відавочна завышанымі коштамі будаўніцтва ў Маскве (нагадаем, жонка Лужкова лічылася галоўным забудоўнікам расейскай сталіцы).

«Калі Лужкоў прыехаў і паглядзеў Нацыянальную бібліятэку, шэпча мне на вуха: «Колькі гэта каштуе?» Я яму назваў лічбу. «А мне за гэтыя грошы пабудуеш?» Я кажу: «Табе ў 2 разы даражэй». «Чаму?» – «Таму што гэта ўсё роўна будзе ў 2 разы танней, чым цяпер у цябе будуецца», – распавядаў ён журналістам.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Калі Лужкова знялі з пасады мэра і хадзілі чуткі, што Батурына трапіць пад крымінальны пераслед, Лукашэнка заявіў, што гатовы прыняць прадпрымальніцу ў Беларусі.

«Я не супраць буду, калі і Алена прыйдзе з грашыма і тут уладкуецца на працу. Зусім не супраць. Мы дамо ёй вельмі вялікі фронт працы. Хай жыве і працуе», – адзначыў ён.

Хадзілі чуткі, што Лужкоў стане прэм’ерам Беларусі

Восенню 2010 года Лужкова адправілі ў адстаўку, яму пагражаў крымінальны пераслед. Тады ў расейскіх СМІ з’явіліся чуткі, што ён схаваецца ад пераследу ў Беларусі і нават узначаліць беларускі ўрад. Адзначым, што восень 2010 года – гэта перыяд аднаго з самых моцных крызісаў у стасунках Беларусі і РФ, менавіта тады на расейскім тэлебачанні выходзілі стужкі «Хросны бацька».

Праўда, беларускія эксперты адназначна лічылі такі сцэнар нерэальным: яны адзначалі, што Лукашэнку не патрэбная такая моцная фігура ва ўладзе, тым больш, што нават фармальных умоваў для гэтага няма – прэм’ер мусіць быць грамадзянінам Беларусі.

Каментуючы гэтыя чуткі, Лукашэнка заявіў, што ніколі не кідае сяброў, але сумняецца, што праца ў Беларусі зацікавіць Лужкова.

«Не думаю, што ён папросіць працу і пойдзе на дзяржслужбу», – падкрэсліваў Лукашэнка ў кастрычніку 2010 года. «Калі ён нешта ў мяне папросіць, і я буду ў стане штосьці для яго зрабіць, я абавязкова зраблю», – дадаў ён.

Наагул Лужкоў шмат разоў наведваў Беларусь і сустракаўся з Лукашэнкам. У 2006-ым ён нават выступіў з лекцыяй перад студэнтамі БДУ. Але пасля адстаўкі ў Беларусь не пераехаў, а жыў у асноўным на Захадзе.

ВІДЭА
Лукашэнка павіншаваў алігарха Гуцэрыева з юбілеем. Топ-7 фактаў пра расейскага сябра кіраўніка Беларусі
2018.03.09 13:33

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў