Бізнес у рэанімацыі. Для часткі прадпрымальнікаў пытанне прыбыткаў ужо не стаіць


Сотні мільёнаў людзей па ўсім свеце ўжо страцілі працу, або страцяць яе неўзабаве. Толькі ў адных Злучаных Штатах па дзяржаўную дапамогу па беспрацоўі ад пачатку каранціну звярнуліся 22 мільёны грамадзянаў. Беларусь агульнай статыстыкі не паказвала, але прыватнаю нашыя прадпрымальнікі падзяліліся з чытачамі «Белсатам».

Цікава, як у нас? У суседняй Польшчы – траціна польскіх фірмаў дэкларуюць зніжэнне заробкаў для супрацоўнікаў, кожная сёмая кампанія рыхтуецца да звальнення часткі персаналу – гаворыцца ў даследаванні Польскага Эканамічнага Інстытуту. Беларускія ўлады працоўных абмежаванняў не ўводзілі, прынамсі афіцыйна, але беларусы таксама адчулі на сабе наступствы пандэміі-2020.

Бізнес як сям’я, распусціць складана

Ксенія Фёдарава, стваральніца Лофт-прасторы «Месца» у Менску. Фота суразмоўцы

У Ксеніі Фёдаравай з Менску працуюць больш чым трыццаць асобаў. Яна валодае двума салонамі манікюру і педыкюру, барам «Сіняя Каза» у цэнтральнай частцы сталіцы ды Лофт-прастораю «Месца». Менавіта з апошняй распачаўся адток кліентаў – адмаўляцца ад усіх івентаў яны пачалі напрыканцы лютага.

«Людзей можна было зразумець, ды і нам не хацелася стацца месцам, дзе наведнікі могуць заразіцца. Калі вакол Беларусі ўсе пачалі закрывацца, я чакала, што і ў нас на дзяржаўным узроўні прымуць нейкія захады. Чаканні і рэальнасць разышліся. Але незалежна ад дзеянняў уладаў, плынь кліентаў знізілася на 60-70%. Івент-прастору я закрыла яшчэ ў сакавіку, бар і адзін з салонаў – 1 красавіка, хоць і тады яшчэ было не ясна, наколькі ўсё ў Беларусі сур’ёзна».

Лофт-прастора «Месца» у Менску чакае заканчэння эпідэміі. Фота з акаўнту ў сацыяльнай сетцы

Частка персаналу ў сакавіку перайшла на рэжым самаізаляцыі, частка рабочых хварэла на сезонныя рэспіратарныя хваробы. За сакавік і красавік працадаўца яшчэ выплаціла ўсім заробак. У траўні – давядзецца задумацца над гэтым пытаннем. У размовы ўраду на конт прыняцця шэрагу захадаў эканамічнае падтрымкі – верыцца з цяжкасцю:

«Я сачу за сітуацыяй у іншых краінах, дзе атрымліваюць субсідыі. Калі думаю пра нас, то нават фантазіяў пра такую дапамогу не маю. Мару, каб хаця б не перашкаджалі. Падаткі, у выпадку майго малога бізнесу, мяне хвалююць менш… Было б цудоўна, каб увялі мараторый на арэндную плату і тарыфы. Мы тады маглі хаця б выжыць, бо пытанне прыбыткаў ужо не стаіць».

Прадпрымальніца цягам вельмі доўгага часу шукала і збірала каманду, у якой бы ўсе падзялялі філасофію і каштоўнасці бізнесу, таму складана ўявіць, што гэтую каманду давялося б распускаць.

«Малы і сярэдні бізнес – гэта ж такая малая сям’я, гэта не вялікі завод, дзе мала хто каго ведае. З майго пункту гледжання, для нашай невялікай краіны – гэта лакаматыў эканомікі. Чым больш людзі будуць зарабляць самастойна і не прасіць дапамогу ў дзяржавы, тым той жа дзяржаве лепш! Калі я не змагу ўтрымліваць супрацоўнікаў, то мы ўсе будзем звяртацца па сацыяльную дапамогу».

Лофт-прастора «Месца» у Менску чакае заканчэння эпідэміі. Фота з акаўнту ў сацыяльнай сетцы

На памяці ў прадпрымальніцы не адзін крызіс, пачынаючы 90-мі гадамі.

«Але цяпер адчуванне, што вакол вайна, канца якой ня бачна. Пачынаем узгадваць пра свае сялянскія карані, і што недзе ёсць домік у вёсцы. І дай божа, каб не скончылася ўсё гэта раскулачваннем і нейкай нацыяналізацыяй. Спачатку спадзявалася, што ўсё хутка адновіцца і адпрацуем страты. Але з кожным днём надзеі ўсё мнеш», – рэзюмуе суразмоўца.

На дарозе таксама крызіс

Чарга на мяжы. Фота belsat.eu

Аляксандр (імя змененае на просьбу суразмоўцы), кіроўца-дальнабойнік. Больш за 10 гадоў мае кантракт у фірме, якая месціцца ў адной з заходніх краінаў-суседак. У гэтай транспартнай кампаніі працуе больш за сотня грамадзянаў Беларусі. Калі пачалі закрываць межы еўрапейскіх краінаў, фірма прыняла рашэнне паставіць на стаянку больш за палову сваіх аўтамабіляў, таму і палова кіроўцаў засталіся без працы.

«Усе разʼехаліся па дамах, я таксама вярнуўся ў свой горад у Гомельскай вобласці. Мы працуем вахтавым спосабам 2 месяцы працы – 4 тыдні дома. Кіраўніцтву не прыйшлося выбіраць – дамоў вярнуліся тыя, у каго скончылася змена. Наконт заробкаў нам сказалі так – фірма губляе грошы, а значыцца і вам плаціць няма з чаго», – кажа Аляксандр.

Шукаць новую працу Аляксандр не наважыўся. Бо ведае, колькі часу зойме разгляд ягоных дакументаў, суразмоўе, чытанне і падпісанне кантракту. Падумаў – цягам гэтага часу ягоная фірма ўжо вернецца да звычайнага тэмпу працы.

«Я ўжо два месяцы сяджу дома, але нам абяцаюць, што праз два тыдні частка працаўнікоў змогуць вярнуцца да працы. Рыхтуюся. Раней адкладаў грошы, зараз прыйшлося адкрыць кубышку і выдаткоўваць. Да свайго шэфа прэтэнзіяў не маю, хоць ён мог бы нам нейкім чынам дапамагчы. Пазней усё роўна з нас гэтыя грошы зняў бы. Таму добра, што зараз за свае жыву».

З размоваў з калегамі і прагнозаў кіраўніцтва вядома, што транспартная галіна будзе скарачацца, але на колькі, кампанія мяркуе зрабіць высновы да канца лета.

Эпідэмія без дэкарацыяў

Дэкаратарка Яна Ласка на час эпідэміі засталася без працы. Фота з акаўнту Yana Laska ў Фэйсбуку

Свята на адпаведным узроўні – галіна дзейнасці дэкаратаркі Яны Ласкі – кіраўнічкі і інструктаркі Школы Аэрадызайну «Balloon masters». Яна працуе з балонікамі, аздабляе імпрэзы: святы, адкрыцці гандлёвых кропак. Здараецца супраца з індывідуальнымі кліентамі. Працоўны графік змяніўся маланкава ў сярэдзіне сезоннага часу. Апошняе свята, якое ўпрыгожыла – 8-га сакавіка.

«У другой палове сакавіка людзі ўжо асэнсавалі, што адбываецца. І хоць тады нават яшчэ не было рэкамендацыі ўладаў аб адмене масавых мерапрыемстваў, кліенты самі пачалі адмаўляцца ад святкаванняў. Уся івент-індустрыя трапіла ў кому. Раней я працавала для 8-10 івентаў штомесяц, цяпер іхная колькасць – нуль».

Разам з тым у апошні час беларусы актыўна цікавяцца паслугамі, хоць ніякіх канкрэтных замоваў не робяць. Тое самае ў выкладанні дэкаратарства. Спн. Яна дадаткова навучае людзей, як аздабляць івенты.

«Раней рабіла адзін-два семінары на месяц, зараз працую над тым, як навучаць праз інтэрнэт. Хоць гэта складана, усё ж такі гэта праца рукамі, і яна вымагае прысутнасці ментара. З тымі, каго вучыла, падтрымліваю сувязь, ведаю, што ў ва ўсіх аднолькавая сітуацыя. Лепш пачуваюцца толькі тыя, хто працаваў больш для індывідуальных кліентаў – на дні народзінаў, вяселлі».

Дэкаратарка Яна Ласка на час эпідэміі засталася без працы. Фота з акаўнту Yana Laska ў Фэйсбуку

Дэкаратарка пагаджаецца з адмыслоўцамі, якія кажуць, што паўза ў ейным бізнесе расцягнецца на год. Гэта імаверны час на вяртанне людзей да фінансавай нармальнасці і стабільнага псіхалагічнага стану.

«Зараз усе напалоханыя. І я не ўпэўненая, што ў маёй галіне публічныя імпрэзы будуць адноўленыя ў поўным аб’ёме. За гэты год шмат хто прызвычаіцца да, напрыклад, інтэрнет-гандлю, а значыцца традыцыйны гандаль можа не вярнуцца да тых жа аб’ёмаў», – мяркуе прадпрымальніца.

Тым не менш сп. Яну крызіс закрануў у крыху меншай ступені, бо ў яе няма вялікіх выдаткаў на арэнду майстэрні і няма працаўнікоў. Таму няма прыбыткаў, але і стратаў – таксама.

«Дапамогі я не чакаю ўжо даўно – ні ад дзяржавы, ні ад некага іншага. Калі размаўляць пра ўзаемадачыненні беларускай дзяржавы і бізнесу, ці дзяржавы і народу, то ніякіх ілюзіяў у мяне няма. Я вельмі даўно жыву ў стане глыбокай унутранай эміграцыі, і разлічваю толькі на ўласныя сілы».

Ігар Кулей Belsat.eu

Стужка навінаў