Бізнес сям’і Лукашэнкі развальваецца


З трапа самалёта ў Сочы кіраўнік Беларусі спускаўся ў добрым настроі. Акрамя амбасадара Расеі ў Беларусі, у аэрапорце Аляксандра Лукашэнку сустракаў губернатар Краснадарскага краю і мэр гораду Сочы. На наступны дзень кіраўніка Беларусі чакала супольнае катанне на лыжах з прэзідэнтам Расеі.

«Наагул гэта дзіўны выпадак, калі прэзідэнт Расеі вылучыў для перамоваў з Лукашэнкам цэлы дзень», – адзначае маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

На меркаванне палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, Масква ў гэтай сітуацыі гуляе «ў доўгую», тады як кіраўнік Беларусі мае ўсё менш часу на развязанне канфлікту з Расеяй.

«Аляксандр Лукашэнка ўжо зараз хацеў бы паставіць усе кропкі над «і» з улікам выбарчага года, з улікам эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, з улікам таго, што пытанне з падатковым манеўрам так і нявырашанае», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Генпракурор Украіны: Пуцін зможа паглынуць Беларусь

Падатковы манеўр – адзін з асноўных яблыкаў разладу на лініі Масква–Менск. З гэтага года Расея плануе паэтапнае ануляванне экспартных мытаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на яе здабыванне. Для Беларусі гэта азначае вышэйшыя кошты на сыравіну і мільярдныя страты.

«Развальваецца бізнес сямʼі – нафтавы. Зразумела, у гэтым годзе невялікая сума – 300 мільёнаў, пазней – ужо пад мільярд. То бок Беларусь выводзяць на сусветныя кошты на нафту. Натуральна, следам пойдзе і газ. Нафта і газ, якія ёсць асноваю бізнесу сямʼі Лукашэнкі. Ён знікае, гэты бізнес», – адзначае Суздальцаў.

Менск запатрабаваў кампенсацыі падатковага манеўру, апелюючы да дамовы аб Саюзнай дзяржаве, дзе хаўруснікі абавязаліся не пагаршаць наўзамен эканамічнага стану. У адказ Масква прапанавала вярнуцца да падставаў дамовы, то бок да стварэння агульнага парламенту, сімволікі і адзінай валюты.

«Яна бачыць зараз, што ў Лукашэнкі козыраў менш. І яна бачыць, што залежнасць ягоная большая, чым калі-кольвек. Таму яна выстаўляе свае прапановы. Аляксандр Лукашэнка, як мы бачым, на іх ужо неаднаразова не пагаджаецца. Але яна кажа: мы пачакаем, калі плод саспее і, магчыма, сам упадзе да яе ног», – зазначае Віталь Цыганкоў.

Эксперт: Лукашэнка і Пуцін павінныя пагаварыць «па паняццях»

Прынамсі перад камерамі Аляксандр Лукашэнка моцна трымаўся на нагах. А падчас перамоваў нават дазволіў сабе выказванні, якія больш нагадвалі шпількі ў бок Расеі.

«Якія б ні былі канфлікты і скандалы, памятайце, што мы ніколі расейцам не будзем пастаўляць ні кепскай гарэлкі, ні кепскай закускі. Вы гэта мусіце дакладна разумець», – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

«Разумееце, як атрымалася? Гэта было сказана прэзідэнту Пуціну! Які зусім нічога не п’е. То бок атрымліваецца, што ўсе расейцы – гэта алкаголікі. Вось вам, падавіцеся. Грэбліва так, маўляў, будзе вам гарэлка і закуска. Ведаеце… Гэта абраза», – абураецца Суздальцаў.

Зрэшты, Пуцін не прымусіў чакаць адказу, заявіўшы пра развіццё фінансавых дачыненняў паміж краінамі. Паводле прэзідэнта Расеі, гэтае развіццё палягае на… вылучэнні вялікіх пазык Беларусі. Так ці іначай, канкрэтных вынікаў сочынскіх перамоваў эксперты не прагназуюць.

«Сапраўды, увесь гэты антураж – горныя лыжы, Сочы – надае ёй пэўны арэол несурʼёзнасці і прадугледжвае, што, маўляў, калі нічога не будзе абʼяўлена па выніках сустрэчы, то потым можна будзе сказаць, што гэта было гэткае спалучэнне сустрэчы з адпачынкам, а сапраўдныя вынікі мы абвесцім пазней. Напрыклад, можна прызначыць новую сустрэчу на 2 красавіка, гэта гадавіна ўтварэння гэтак званага саюзу Беларусі і Расеі», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Пуцін назваў Беларусь стратэгічным партнёрам Расеі

Галоўны козыр Лукашэнкі ў гэтых перамовах – інтэграцыйны. І гэта, паводле экспертаў, адзінае, што можа змусіць Расею пайсці на саступкі.

«Але калі гэтыя саступкі Расея робіць, яна фактычна адкрывае яму дарогу да шостага тэрміну. Ён дэманструе, што калі Расея саступае, то яна падтрымлівае яго. То бок ён пераабіраецца натуральна. І ён пераседжвае Пуціна. Пуцін сыходзіць у 2024 годзе, натуральна, Лукашэнка разлічвае яго перасядзець. То бок перамовы насамрэч ключавыя, але ёсць адчуванне, што яны не скончацца нейкімі выключнымі прарывамі», – адзначае Андрэй Суздальцаў.

Прынамсі скончацца выдатным адпачынкам у Сочы. Дзень закаханых Аляксандр Лукашэнка правёў у кампаніі Пуціна, а таксама прэзідэнтаў Турцыі ды Ірану. За гарбатай у санаторыі «Русь» кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі ўрэгуляванне сірыйскага канфлікту.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Вольга Жарнасек, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары