Бізнес на Мальце, сямейныя актывы ў Аўстрыі і санкцыйны манеўр. Распавядаем пра алігарха Вараб’я


Алігарх Мікалай Варабей, які трапіў пад санкцыі ЕЗ, перапісаў свае ключавыя актывы ў Беларусі на іншых асобаў. У сваім расследаванні belsat.eu высвятляў, каму дэ-юрэ перадалі кантроль над часткай бізнесу алігарха, якія актывы ў Вараб’я застаюцца ў краінах Еўразвязу і з якімі вядомымі бізнесоўцамі ён звязаны.

Санкцыі Еўразвязу супраць бізнесоўца Мікалая Вараб’я і ягонага даўняга партнёра ў бізнесе Аляксандра Шакуціна ўвялі 17 снежня. Паводле афіцыйнага часопісу ЕЗ, Варабей падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі і адначасова з’яўляецца ягоным бенефіцыярам, бо атрымлівае ад уладаў разнастайныя ільготы.

Мікалай Варабей. Фота – TUT.by

Як стала вядома belsat.eu, праз чатыры дні пасля ўвядзення санкцыяў Мікалай Варабей перадаў свой базавы актыў – ТАА «Чырвоны Бор» – іншым асобам. «Чырвоны Бор» з’яўляецца 100-адсоткавым уласнікам найбуйнейшага прыватнага беларускага нафтатрэйдэра «Інтэрсэвіс», а ўжо на «Інтэрсэрвіс» запісана 99,94% ЗАТ «Абсалютбанка», 100% «Нафтабітумнага заводу» і 75% спецэкспарцёра нафтапрадуктаў «Новай нафтавай кампаніі». Такім чынам, выйшаўшы са складу ўласнікаў «Чырвонага Бору», Варабей дэ-юрэ вывеў з-пад санкцыяў свае ключавыя актывы ў галіне нафтагандлю і банкаўскай сферы.

Як змянілася структура ўласнікаў актываў Вараб’я на прыкладзе “Абсалютбанка”, Скрыншот – absolutbank.by

Раней уласнікамі ТАА «Чырвоны Бор» з’ўяўляўся Мікалай Варабей і ягоная жонка Тамара Варабей. Але 21 снежня актывы сям’і Вараб’я былі перапісаныя на Алесю Беражную (40%), Вячаслава Атрахімовіча (30%) і Ірыну Панкратаву (30%).

Скрыншот выпіскі з kartoteka.by

Пра Ірыну Панкратаву вядома толькі тое, што яна жыве ў Наваполацку, а ў пачатку 2010-х была індывідуальным прадпрымальнікам. Як яна звязаная з Вараб’ём высветліць не атрымалася. Аднак вядома, што астатнія новыя саўладальнікі «Чырвонага Бора» ўжо даўно працуюць у бізнесе Вараб’я.

Вячаслаў Атрахімовіч у 2000-2013 гг. быў галоўным бухгалтарам «Інтэрсэрвісу» – кампаніі, падкантрольнай алігарху. Вясной 2013 года Атрахімовіч увайшоў у савет дырэктараў «Амкадора», найбуйнейшым акцыянерам якога на той момант быў як раз «Інтэрсэрвіс».

Алеся Беражная цяпер прызначаная дырэктаркай «Інтэрсэрвісу» (раней гэтую пасаду займаў асабіста Варабей). Таксама яна да нядаўняга часу была ўласнікам расейскай кампаніі «Рэсурс Танкер», якая валодае дзвюма нафтаперапрацоўчымі заводамі ў Маскоўскай і Свярдлоўскіх абласцях. Кампанія ў 2019 годзе ўвайшла ў топ-50 самых прыбытковых бізнесаў з беларускім капіталам у РФ . «Рэсурс Танкер» у 2015 годзе заснавала кампанія Вараб’я «Чырвоны Бор». У 2018 годзе актыў быў перапісаны на Алесю Беражную, а ў 2019-м – на бізнесоўца Раўфа Рафіка аглы Аліева, які таксама мае беларускі пашпарт. Той жа Аліеў да нядаўняга часу быў генеральным дырэктарам растоўскай фірмы «Палмалі Каспійскія марскія праекты», уласнікам якога была адна з даччыных структураў буйнога суднаходнага холдынгу Palmali, які належыць турэцка-азербайджанскаму алігарху Мубарызу Мансімаву.

Турэцкі алігарх і актывы на Мальце

Між тым сувязі Вараб’я з холдынгам Palmali прасочваюцца не толькі праз растоўскую фірму, але і праз актывы на Мальце. Інфармацыя пра гэтыя актывы трапіла ў вядомае дасье Paradise Papers, прысвечанае афшорным кампаніям. Гаворка ідзе пра дзве фірмы – Pristine Trading Company LTD і Stork Alliance Holding LTD, зарэгістраваныя ў 2014 і 2012 годзе адпаведна.

Адзіным заснавальнікам і ўласнікам Pristine Trading Company Limited з’яўляецца сам Мікалай Варабей, пра дзейнасць фірмы нічога невядома.

Структура сувязяў Pristine Trading Company LTD. Крыніца – offshoreleaks.icij.org

Значна больш цікавай выглядае кампанія Stork Alliance Holding Limited – разам з Вараб’ём яе саўладальнікамі з’яўляюцца беларускі алігарх Аляксандр Зайцаў, турэцкі бізнесовец Аллацін Айкач і нейкая Еurope Consulting Group Inc, зарэгістраваная ў Панаме (інфармацыя пра яе ўласнікаў закрытая).

Структура сувязяў Stork Alliance Holding LTD. Крыніца – offshoreleaks.icij.org

Аляксандра Зайцава лічаць асобай, набліжанай да Віктара Лукашэнкі. Паводле TUT.by, Зайцаў раней нават працаваў памочнікам у старэйшага сына кіраўніка Беларусі. Разам з Мікалаем Вараб’ём і Аляксеем Алексіным Зайцаў з’яўляецца саўладальнікам кампаніі «BreMiNo-Group», якая займаецца развіццём мульцімадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша». Праз розныя прывілеі, атрыманыя ад дзяржавы, СМІ называюць гэты комплекс «аршанскім афшорам».

Але калі шчыльныя бізнес-сувязі Вараб’я і Зайцава былі вядомыя даўно, то кантакты беларускіх алігархаў з Аллацінам Айкачам раней у СМІ не фігуравалі. Айкач працяглы час быў уплывовым прадстаўніком холдынгу Palmali Group of Companies.

Мубарыз Мансімаў. Фота – facebook.com/MubarizMensimov

Уласнік холдынгу Мубарыз Мансімаў уваходзіў у топ-10 самых багатых бізнесоўцаў Турэччыны і меў добрыя стасункі з кіроўнымі элітамі (прычым як у Турэччыне, так і ў Азербайджане), але ў апошнія гады Palmali апынулася на мяжы банкруцтва, а сам алігарх трапіў у апалу. У сакавіку 2020 года Мансімаў быў арыштаваны турэцкай паліцыяй паводле абвінавачвання ў датычнасці да FETO – арганізацыі апазіцыйнага прапаведніка Фэтхулаха Гюлена, якую ўлады Турэччыны прызналі тэрарыстычнай і абвінавацілі ў спробе вайсковага перавароту 16 ліпеня 2016 года. (Праўда, Захад не прызнаў Гюлена экстрэмістам, Інтэрпол адмовіўся абвесціць яго ў вышук). Ужо знаходзячыся ў турме, Мансімаў абвінаваціў Айкача ў махлярстве, ілжэсведчаннях і тым, што ён працуе на ягонага ворага – ўплывовага азербайджанскага бізнесоўца Анара Алізадэ (Аліева).

Дагэтуль невядома, якія сумесныя праекты беларускіх алігархаў і прадстаўніка Palmali Аллаціна Айкача рэалізоўваліся праз Мальту. Улічваючы спецыфіку дзейнасці Palmali (холдынг займаўся пераважна танкернымі перавозкамі) і той факт, што ў Беларусі Варабей валодае найбуйнейшым прыватным нафтатрэйдарам, можна выказаць здагадку, што гаворка ідзе пра бізнес у сферы нафтагандлю. Хутчэй за ўсё, другая мальційская фірма Вараб’я – Pristine Trading Company Limited – таксама выкарыстоўвалася для сумесных праектаў з Palmali. Прынамсі яе дырэктарка Наталля Аліева працяглы час займала розныя пасады ў холдынгу Мансімава.

У апошнія гады Palmali неаднаразова вінавацілі ў кантрабандзе нафты ў Еўропу з Блізкага Усходу, у тым ліку з ахопленых вайной тэрыторыяў Сірыі і Іраку. Урад Іраку нават уводзіў санкцыі супраць турэцкага бізнесоўца і ягонага холдынгу. Аднак Мансімаў зняпраўджваў усе абвінавачванні на свой адрас.

Бізнес ў Аўстрыі і сяброўства кланаў

Кацярына Смушковіч, дачка Вараб’я. Фота – facebook.com/barabe24

Калі «Чырвоны Бор» Варабей перапісаў на іншых асобаў толькі цяпер, то свае аўстрыйскія актывы ён перадаў дачцэ яшчэ некалькі гадоў таму. У Вене на дачку алігарха Кацярыну Смушковіч зарэгістраваныя кампанія Power Chemical Trading, якая займаецца гандлем нафтапрадуктамі. Таксама да нядаўняга часу Смушковіч была ўласніцай венскай фірмы Devana Services, што займалася прыцягненнем еўрапейскіх турыстаў у Чырвоны Бор.

Кацярына Смушковіч і яе маці Тамара Варабей на свецкай імпрэзе ў Вене. Фота – lofficiel.at

У адрозненні ад свайго бацькі, які публічна не выказваўся наконт падзеяў 2020 года ў Беларусі, Кацярына Смушковіч не хавае свае палітычныя погляды – пасля выбараў яна ў сацсетках актыўна посціла допісы супраць пратэстаў у Беларусі. У тым ліку, уласніца бізнесу ў Аўстрыі распаўсюджвала петыцыю ў падтрымку Лукашэнкі «Мызабацьку».

Вядома, што дачка алігарха скончыла прыватны амерыканскі ўніверсітэт у Вене (Webster Vienna Private University). А ў 2017-м выйшла замуж за Яўгена Смушковіча – расейскага грамадзяніна, кіраўніка падраздзялення швейцарскага банку Julius Baer па Расеі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Швейцарскае фінансавае выданне Inside Paradeplatz летась пісала пра тое, што расейскі банкір нібыта наўпрост звязаны з алігархам Вараб’ём, хаця характар іх стасункаў журналісты не патлумачылі.

Аналіз старонак Смушковіч у сацсетках паказвае, што дачка Вараб’я і ягоная жонка Тамара сябруюць з малодшым пакаленнем клана Галдоўскіх – сям’і расейскага алігарха, уласніка аўстрыйскай інвестыцыйнай кампаніі Petrochemical Holding GmbH Якава Галдоўскага. Пасля прыходу Пуціна да ўлады ў Расеі, Якаў Галдоўскі трапіў за краты праз канфлікт з «Газпрамам». Ён правёў у Бутырскай турме 7 месяцаў, быў вымушаны прадаць «Газпраму» нафтахімічны холдынг «Сібур», а потым эміграваў.

Спецыфіка камерцыйных інтарэсаў Галдоўскага (нафтахімія) дае падставы выказаць здагадку, што сем’і Вараб’я і Галдоўскага могуць аб’ядноўваюць не толькі сяброўскія стасункі, але і бізнес-інтарэсы. Аднак пацверджанняў гэтай інфармацыі belsat.eu не мае. Пры гэтым вядома, што Галдоўскі ў пачатку 90-х меў бізнес у Беларусі.

Як вынікае з аналізу старонак у Фэйсбуку, Кацярына Смушковіч сябруе з Віталём і Вікторыяй Галдоўскімі. Напрыклад, летась яны (а таксама Тамара Варабей) разам адпачывалі ў Чырвоным Бару – турыстычным комплексе Мікалая Вараб’я. Крыніца – forbes.ru

Самога Галдоўскага ў сваю чаргу звязваюць шчыльныя стасункі з Рыгорам Лучанскім – скандальна вядомым расейскім алігархам, якога заходнія СМІ падазравалі ў сувязях з мафіяй (гэтую інфармацыю ён зняпраўджваў). Паводле Forbes, Лучанскі і Галдоўскі ў 90-х мелі сумесны бізнес у Беларусі. І менавіта пад уплывам Лучанскага, як прызнаваўся Якаў Галдоўскі, ён перавёз сям’ю ў Аўстрыю. Дарэчы, паводле СМІ, у 90-х Лучанскі меў дачыненне да заснавання беларускага прадпрыемства «Белтехэкспарт», што займаецца рэалізацыяй праектаў у вайскова-тэхнічнай сферы.

Эстонія, Украіна і расейскі вугаль

Па тым жа венскім адрасе, дзе знаходзіцца офіс Power Chemical Trading, зарэгістраваная кампанія Eolinus Beteiligungsverwaltung – менавіта яна замаўляла прыватны бізнес-джэт з бартавым нумарам EW-001PJ, які выкарыстоўвала сям’я Лукашэнкі. Падрабязней пра гэтую гісторыю можна прачытаць тут.

Уласнікам Eolinus Beteiligungsverwaltung з’яўляецца малавядомы бізнесовец Аляксей Лысенкаў – сузаснавальнік і дырэктар некалькіх фірмаў у Расеі. Адна з гэтых фірмаў – маскоўскае ТАА «Юларус», 99% якой належыць эстонскай NT Marine. Паводле РБК, NT Marine у сваю чаргу нібыта звязана з Мікалаем Вараб’ем. Хаця фактычна кампанія знаходзіцца ва ўласнасці вядомага эстонскага бізнесоўца Аляксея Чульца, які валодае Паўночным портам Палдыскі. У снежні 2019 года NT Marine нечакана атрымала права на пастаўку расейскага вугалю ва Украіну, а манапольны кантроль над транзітам вугалю праз Беларусь быў перададзены кампаніі Вараб’я «БелКазТранс».

Аляксей Чулец. Фота- dv.ee, Andras Kralla

Эстонскі журналіст-расследавальнік Койт Брынкманн з газеты Äripäev распавёў у інтэрв’ю belsat.eu, што, паводле ягонай інфармацыі, Варабей у вугальнай схеме выконваў толькі ролю пасярэдніка. Насамрэч гэты бізнес належыць «Газпрамнафце», з якой у сваю чаргу мае шчыльныя стасункі NT Marine. Пра іншыя сувязі Чульца і Вараб’я нічога невядома.

«Чулец не мае наўпроставых дзелавых стасункаў з Беларуссю праз эстонскія фірмы, але Чулец выкарыстоўвае шмат афшораў у сваім бізнесе, і я не выключаю, што праз іх супрацоўнічае з Мікалаем Вараб’ём», – адзначае Койт Брынкманн.

Дарэчы, з Украінай Вараб’я звязвае не толькі ўдзел у вугальным бізнесе. Летась Варабей набыў украінскі нафтаправод «Прыкарпазахадтранс». Фармальна нафтаправод раней належыў швейцарскай кампаніі International Trading Partners AG. Але, паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, гэты актыў быў звязаны з прарасейскім палітыкам Віктарам Мядзведчуком, якога называюць кумам Уладзіміра Пуціна.

Мядзведчук і Лукашэнка, студзень 2019 года. Фота – president.gov.by

Здзелка наконт нафтаправода была праведзена вясной 2019 года, да таго Мядзведчук двойчы наведваў Менск, дзе сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. А ў верасні Мядзведчук атрымаў 2,3 млн грыўняў (каля $ 100 тысяч) ад «Абсалютбанка» Вараб’я ў якасці «ганарару». За што быў выплачаны гэты «ганарар» у падатковай дэкларацыі кума Пуціна не тлумачылася. Акрамя таго, паводле ўкраінскага выдання «Новое время» Віктар Мядзведчук і ягоная жонка Аксана Марчанка маюць рахункі ў беларускім «Абсалютбанке», на якіх знаходзіцца каля 24 тысячы рублёў і 4,9 млн еўра. Раней некаторыя СМІ называлі Мядзведчука і Варабʼя партнёрамі па вугальным бізнесе.

У канцы 2020 года Варабей нацэліўся на яшчэ адзін актыў ва Украіне – «БТА Банк». 23 лістапада Антымапанольны камітэт Украіны афіцыйна даў дазвол беларускаму бізнесоўцу набыць ААТ «БТА Банк». Як паўплывае на гэтую здзелку ўвядзенне санкцыяў супраць Вараб’я – невядома.

Падчас працы над гэтым артыкулам belsat.eu спрабаваў звязацца з Мікалаем Вараб’ём, ягонай дачкой, кампаніяй «Чырвоны Бор» і яе новымі ўласнікамі, а таксама накіроўваў запыт у холдынг Palmali. Ва ўсіх выпадках адказаў мы пакуль не атрымалі.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў