Біскуп Касабуцкі пажадаў беларусам здароўя і шчодрага добраслаўлення людзям добрай волі


Генеральны вікарый Менска-Магілёускай архідыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі біскуп Юрый Касабуцкі павіншаваў вернікаў з надыходам свята Божага Нараджэння:

«Дарагія браты і сёстры, сёння мы перажываем вялікае свята – нараджэнне Ісуса Хрыста.

Раство Хрыстова паказвае нам бязмежную любоў Бога да чалавека. Нягледзячы на тое, што людзі выбралі сабе шлях, які адрозніваўся ад Божага плану даць чалавеку бязмернае шчасце, Бог працягвае любіць чалавека і прыходзіць у гэты свет у выглядзе маленькага дзіцяткі для таго, каб прайсці ўвесь жыццёвы шлях, прынёсшы сябе ў ахвяру за збаўленне кожнага.

Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Мінска-Магілёва. Снежань, 2020.
Фота: ТК / Белсат

Гэтая бязмежная любоў праяўляецца і ў жыцці кожнага чалавека, калі Бог прыходзіць да нас, стукаецца ў нашае сэрца, як Марыя з Юзафам, якія прыбылі ў Бэтлеем, каб прыняць удзел у перапісе насельніцтва, стукаліся ў адзін, другі, трэці дом, каб знайсці сабе прытулак. Але не змаглі знайсці сабе там месца, таму Езус нарадзіўся ў сараі, у бядоце, у нястачы. Але гэта не змагло развеяць той радасці, якую перажывалі Марыя і Юзаф з нараджэння дзіцятка.

Падобна і сёння Марыя з Юзафам стукаюцца ў кожнае чалавечае сэрца, якое нагадвае той бэтлеемскі дом двухтысячагадовай даўнасці. Яны стукаюцца ў гэтыя сэрцы і хочуць прынесці Ісуса Хрыста.

Я жадаю ўсім нам супакою. Бо сапраўды, калі ў сэрцы ёсць супакой Божы, то мы здольныя адкрыць гэтыя сэрцы для прыняцца Бога. Я хачу пажадаць усім гэтай сапраўднай хрысціянскай радасці з нагоды нараджэння Божага сына, богаўцелаўлення.

Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Мінска-Магілёва. Снежань, 2020.
Фота: ТК / Белсат

Я хачу пажадаць усім нам міру, дабрабыту. Я хачу пажадаць усім нам хутчэйшага пераадолення тых праблемаў, з якімі мы сустракаемся. Гэта, перш за ўсё, праблема пандэміі ды каронавіруса. Хачу пажадаць здароўя ўсім тым людзям, якія хварэюць.

Хачу пажадаць хутчэйшага сканчэння гэтага грамадска-палітычнага крызісу, у якім апынулася нашая краіна. І пажадаць згоды і ўзаемапаразумення паміж усімі жыхарамі нашай добразычлівай Беларусі.

Няхай Ісус Хрыстос, які нараджаецца, удзеліць шчодрае добраслаўленне ўсім людзям добрай волі».

Hавiны
Арцыбіскуп Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь
2020.12.24 14:56

Запісала Марыя Грыц belsat.eu

Стужка навінаў