«Білі тварам аб асфальт, вынікаў судмедэкспертызы пакуль няма». У СК менчуку адказалі, што не ведаюць, ці мае сэнс да іх звяртацца


Аляксей.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«9 жніўня мне якраз споўнілася 24 гады», – кажа наш суразмоўца Аляксей. Ён працуе IT-спецыялістам у Менску. Актыўна цікавіцца грамадска-палітычнымі навінамі пачаў пасля таго, як пра ўдзел у выбарах заявіў Віктар Бабарыка.

Пасля ўтрымання ў ЦІП на зав. Акрэсціна Аляксей прайшоў судмедэкспертызу, размаўляў са следчымі СК, але ніякіх зрухаў па заяве ў справе збіцця і незаконнага затрымання няма. Паводле следчых, яны самыя не ведаюць, ці мае сэнс звяртацца да іх для абароны правоў.

Далей мы даем слова нашаму суразмоўцу.

Пераблыталі антысептык з бензінам

«Затрымалі мяне 11 жніўня, было каля 21:00. Да моманту затрымання мы нават не бачылі на вуліцы ніводнага працаўніка міліцыі. Нас з братам затрымалі каля гатэлю «Еўропа» ў месцы, дзе не было ніякіх пратэстаў. Была пустая вуліца, мы былі ўдваіх з братам, да нас падышлі людзі ў цывільным і папрасілі прайсці з імі, мы ўжо зразумелі, што нас затрымліваюць. Мяне павялі першым, брат пайшоў за мною, каб мяне не забралі аднаго. Мы не супраціўляліся, на просьбу назвацца яны не адрэагавалі. Пасля падбеглі два чалавекі ў балаклавах, заламалі «ластаўкай» і павялі ў звычайны рэйсавы аўтобус.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Нас паклалі тварам у падлогу, мяне пачалі даволі моцна біць. Запытвалі, колькі нам заплацілі, адкуль мы, хто нам плаціць… Пасля з мяне сарвалі заплечнік, там былі бінты, антысептык (хлоргексідын) і бутэлька вады. Яны, напэўна, падумалі, што я сабраўся рабіць кактэйль Молатава ці нешта падобнае, бо пачалі на мяне крычаць, што я падпальшчык, пачалі таптацца берцамі па галаве, некалькі чалавек пачалі збіваць дубінкамі. Пасля я чую, што адзін з іх кажа: бля, мужыкі, гэта проста антысептык. Яны супакоіліся на некалькі секундаў, а пасля кажуць: ах ты, сука, сабраўся лячыць фашыстаў – і пачалі зноўку біць.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Чытаеш Nexta – каардынатар

Калі нас затрымалі, я адправіў родным сігнал SOS з тэлефона, і ён чамусьці не заблакаваўся. Калі ў мяне забралі тэлефон, то пачалі глядзець мой «Тэлеграм», убачылі, што я падпісаны на Nexta, а там яшчэ апошняе паведамленне прыйшло «план дзеянняў» ці нешта такое – амапаўцы кажуць: ты каардынатар. Знайшлі ў SMS-паведамленні, што мне прыйшоў аванс з працы, кажуць, значыць яму яшчэ заплацілі, і пачалі збіваць яшчэ мацней.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Пасля ў аўтобус пачалі заводзіць новых затрыманых, і нас біць перасталі. Складвалі ўсіх адзін на аднаго, мы ляжалі першым узроўнем, на нас клалі другіх, пасля быў яшчэ трэці ўзровень. Далей мы праехалі на аўтобусе максімум 10 хвілінаў, і нас перагрузілі ў аўтазак.

Партызанскі РУУС

Калі нас пераводзілі ў аўтазак, адзін з міліцыянтаў сарваў у мяне з рукі белы бранзалет, некалькі разоў ударыў мяне па сківіцы, у мяне пачалі падкошвацца ногі, мяне падхапілі пад рукі, зацягнулі ў аўтазак, і мы паехалі ў Партызанскі РУУС. Цікава, што нас затрымлівалі ў Цэнтральным раёне, але адвезлі ў Партызанскі РУУС, магчыма, у Цэнтральным не было месца, не ведаю.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

У двары РУУС нас паставілі на калені лбом у асфальт, людзей было шмат. Хадзілі, запытвалі імя, прозвішча, дзе працуеш, месца жыхарства. Я называю месца працы, назву фірмы, мяне ў адказ запытваюць: форма ўласнасці? Бяруць за валасы на галаве і бʼюць аб асфальт. Я кажу: не ведаю. Яны зноўку галавою аб асфальт. Я кажу: няхай будзе ААТ. Яны зноўку бʼюць і запытваюць: няхай будзе ці дакладна? Я кажу: дакладна. Мяне чацвёрты раз цюк аб асфальт.

Пасля паднялі і павялі ў РУУС, у нейкае сутарэнне. У гэтым сутарэнні нас зноўку агледзелі, ад страсення галавы я пачаў траціць прытомнасць, мяне пачало ванітаваць. Працаўнікі міліцыі далі мне папіць, дазволілі крыху пасядзець.

«Забудзь, супакойся, будзь цішэйшы»

Далей нас павялі на вопіс рэчаў і дактыласкапію, запісалі на камеру, мы казалі, дзе жывём, колькі гадоў, на белым фоне сфатаграфавалі… Я некалькі разоў прасіў медычнай дапамогі, прасіў зафіксаваць пабоі. Увесь час мне адказвалі: забудзь, супакойся, будзь цішэйшы і г. д. А ў мяне гематома была на правай руцэ даволі сурʼёзная, і нямелі пальцы, я думаў, што ўсё…

У сутарэнні РУУС мы сядзелі да 12:00 наступнага дня, і на наступны дзень нас павезлі на Акрэсціна. Там нас пасадзілі ў дворыку для прагулак 5 на 5 метраў пад адкрытым небам. Там нас было 90 чалавек.

Інтэрв’ю
Завезлі ў Следчы камітэт як сведку, адтуль – на Акрэсціна як злачынцу. Студэнтку БДЭУ абвінавачваюць у масавых беспарадках
2020.09.09 18:53

Цягам дня, то бок з 12:00 да 24:00, з розных прычынаў забралі чалавек 20. Кагосьці проста выклікалі. Кагосьці хуткая забрала, напрыклад, у аднаго хлопца нават твару не было бачна. Ён быў з пераломаным носам, пабітай губою. Яго, калі затрымлівалі, проста збілі з ног і ўпячаталі тварам у асфальт, яго забрала хуткая. Трэба сказаць, што не вельмі ахвотна аддавалі людзей у хуткую. У іх быў свой фельчар, які вельмі сумнеўна ўсё ацэньваў, казаў: зажыве, супакойцеся. Я прасіў хуткую, мне ніякай дапамогі не аказалі, сказалі: усё з табою ў парадку, жыць будзеш.

20–30 грамаў хлеба

Нас там не кармілі. Нам далі спачатку адзін кавалак хлеба і пасля, на другія содні, яшчэ адзін кавалак хлеба. Гэтыя кавалкі хлеба былі па 20–30 грамаў. Яшчэ прыносілі нейкую катлету, але яна была проста жудасная, з нейкіх костак. Піць не давалі. Першы раз ваду далі а 2–3-й гадзіне ночы. У прыбіральню не выводзілі. Замест прыбіральні нам закідвалі вядро са словамі: вось сюды хадзіце, скаты. Уначы нас звадзілі ў прыбіральню адзін раз кожнага.

На вуліцах пастаянна кагосьці збівалі. Было чуваць, што аднаго з хлопцаў збівалі некалькі міліцыянтаў, прычым збівалі проста пад нашымі дзвярыма. Крычалі яму: ты будзеш помніць, што такое АМАП, на ўсё жыццё. Разоў 8 яго прымусілі крыкнуць «я люблю АМАП», пакуль ён вельмі моцна не закрычаў.

Аляксей.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Ужо брат распавядаў, што іх, калі пераводзілі з вуліцы ў камеры, бліжэй да вечара – яны бачылі гэтага хлопца, ён быў увесь у крыві.

Вызваленне і рэакцыя следчых

Вызвалілі нас 13 жніўня недзе паміж 22:00 і 23:00. Проста прыйшоў працаўнік міліцыі, забраў брата і мяне, вывелі з ЦІП. Ніякіх абвінавачанняў, ніякіх позваў у суд. На наступны дзень мне аддалі рэчы, і пасля я паехаў у больніцу. Пасля больніцы мне пазваніў следчы з Першамайскага аддзялення Следчага камітэту, запрасілі даць паказанні. Недзе 2,5 гадзіны я даваў паказанні. Старэйшы следчы маёр Шалкоўская ў мяне брала паказанні. Яна, трэба адзначыць, паводзілася карэктна, у мяне склалася ўражанне, што следчыя на маім баку, што яны супраць збіцця. Прынамсі, у СК казалі, што гэта ненармальна, што гэта парушэнне заканадаўства, склалі пратакол апытання па фактах збіцця і незаконнага затрымання. Але разам з гэтым сказалі: «Мы самыя не ведаем, ці гэта мае нейкі сэнс, але спадзяемся, што робім гэта недарэмна».

Фота прадстаўлена рэдакцыі
  • За час пратэстаў з 9 жніўня ў Беларусі затрымалі больш за 10 тыс. чалавек. Некалькі тысячаў затрыманых звярнуліся ў Следчы камітэт з заявамі на супрацьпраўныя дзеянні працаўнікоў МУС. Следчы камітэт не завёў ніводнай крымінальнай справы па фактах зваротаў грамадзянаў.

НА belsat.eu

Стужка навінаў