«Білі на вачах у дзяцей». Хто такі Міхаіл Сімакоў, якога вінавацяць у фінансаванні пратэстаў


Міхаіл Сімакоў. Фрагмент эфіру тэлеканалу «Беларусь-1»

11 жніўня прыблізна а 21:45 менскага прадпрымальніка Міхаіла Сімакова жорстка затрымалі ды моцна збілі асобы ў цывільным – на ўваходзе ў пад’езд, за некалькі метраў ягонай кватэры, на вачах суседзяў, жонкі і дзяцей. Раніцай 12 жніўня Міхаіла паказалі ў навінах дзяржаўных тэлеканалаў, назваўшы меркаваным спонсарам пратэстаў. Як звычайны прадпрымальнік апынуўся ў шэрагах «спонсараў рэвалюцыі?» Мы паразмаўлялі з жонкаю Міхаіла – Кацярынай Сімаковай, а таксама са сведкамі падзеяў.

– Што адбылося ўвечары 11 жніўня?

У той вечар я была дома з дзецьмі, гатавала вячэру. Мы жывем недалёка ад станцыі метро «Усход». Міхаіл вярнуўся з працы, ноччу мы планавалі выехаць з гораду на дачу да бацькоў, але спачатку мужу трэба было сустрэцца з суседам Андрэем, перагаварыць пра нешта аб працы. Міхаіл выйшаў з хаты, зайшоў у бліжэйшую краму па нейкую дробязь і вярнуўся да падʼезду чакаць суседа. Тэлефон мужа быў разладаваны, і мне патэлефанавала ягоная мама. Я сказала, што Міша стаіць ля падʼезду і хутка падымецца. Ён патэлефанаваў у дамафон, і я адкрыла дзверы падʼезду…

Момант затрымання. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Маю ўвагу прыцягнуў рэзкі гук тармазоў (у нас двор ціхі, усё вакол чуваць), а потым крык мужа: «Што адбываецца?! Дапамажыце, рабуюць! Каця, на дапамогу…» Я выглянула ў акно, ля ўваходу ў падʼезд стаяла цёмная машына з адкрытымі дзвярыма, а чацвёра невядомых хлопцаў з крыкамі выскачылі з машыны і павалілі майго мужа на зямлю. І тады я выбегла на двор у чым была: у шортах, майцы, у адных шкарпэтках. Пакуль спусцілася з пятага паверха нашай хрушчоўкі, Міхаіла ўжо павалаклі да машыны трое. Кіроўца сядзеў у машыне, я падышла да яго з пытаннем: «Што тут адбываецца? Хто вы такія?». Ён акна не адчыніў, не адказаў. Тады я падбегла адцягваць ад мужа гэтых невядомых асобаў, пачалася валтузня, потым ужо двое трымалі мяне, а двое паклалі мужа галавой на асфальт, круціліся каля яго, цягнучы па зямлі да машыны, заломваючы яму рукі, пры гэтым націскаючы каленам на шыю так, што мужу не было чым дыхаць. Першыя думкі былі пра тое, што гэта рабаўнікі яго вылічылі, ведаючы пра тое, што ў мужа была буйная сума грошай. Я спрабавала забраць у Міхаіла гэтую сумку, ён хрыпеў: «Каця, сумка…» Але як толькі я паспрабавала наблізіцца, адчула моцны ўдар зверху. Ужо потым аказалася, што ў мяне рассечаны лоб, галава была залітая крывёю, ЧМТ, удары і гематомы верхніх і ніжніх канцавінаў. Я зафіксавала пабоі, двойчы звярталася да медыкаў. На маіх вачах наносілі пабоі і Міхаілу, я прасіла іх не біць, з вокнаў за ўсім назіралі нашы маленькія дочкі (2 і 9 гадоў). Але тыя працягвалі біць. Падралі на ім усю адзежу на кавалкі: майку, шорты…

Гэтыя чацвёра маладых людзей паведамлялі вам, што яны з міліцыі?

Да апошняга моманту я не магла падумаць, што гэтыя чацвёра – міліцыянты. Я думала, што майго мужа проста выкралі бандыты. Яны ж не назваліся, нічога мне не сказалі, проста скруцілі мужа і ўсё. Калі б яны назваліся, сказалі б, што з міліцыі, нічога б не было, а так атрымалася нейкая жудасная блытаніна, дзе чыя рука, дзе чыя нага, нейкі клубок…

Сямейнае фота

Як толькі я трохі прыйшла ў сябе, села ў аўта і паехала ў Першамайскае РУУС пісаць заяву аб выкраданні чалавека, з грашыма: сапраўды падумала, што мужа выкралі. Толькі калі я пісала заяву і паведаміла нумар машыны, на якой гэтыя людзі павезлі майго мужа (суседзі выбеглі на шум і паспелі сфатаграфаваць дзяржнумар), у аддзяленні прабілі яго па базе і сказалі, што ён лічыцца ў МУС. І толькі тады я даведалася, што гэта былі іх супрацоўнікі.

У відэасюжэце на першым канале дзяржаўнага тэлебачанне гаворыцца, што ваш муж раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Гэта адпавядае рэчаіснасці?

Гэта так. Толькі чамусьці ніхто не ўдакладняе, што гэта адбылося больш за 15 гадоў таму, судзімасць пагашаная. І з таго часу ніякіх прэтэнзіяў да Міхаіла не выстаўлялася. Гэта была памылка маладосці.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Калі вы даведаліся пра тое, што ваш муж «каардынуе ці аплочвае пратэсты»?

А 7-й раніцы наступнага дня ўключыла тэлевізар, майго скатаванага мужа паказвалі па дзяржаўным тэлебачанні ў кампаніі нейкіх замежнікаў, шмат бруду вылілі. Сказалі, што пры ім знайшлі буйную суму грошай, нібыта прызначаную на аплату пратэстаў, якія ў гэтыя дні ахапілі краіну. Але ж гэта не так! Мой муж займаецца аўтабізнесам, у яго аформленае ІП, раніцай 11 жніўня Міхаіл прадаў аўтамабіль «Opel Zafira» 2016 года за 10 000 долараў, гэта адлюстравана ў дакументах куплі-продажу, гэта можа пацвердзіць ягоны кампаньён Сяргей Ёрш. (Праверана. – Рэд.)

Гэта ягоныя сумленна заробленыя грошы. Муж афіцыйна займаецца аўтабізнесам, у нас маленькія дзеці, старэйшая ходзіць да рэпетытара, малодшую мы ўладкоўваем у садок. Хутка збіраліся рыхтавацца да школы, а цяпер вымушаныя выдаткоўваць усе грошы на адвакатаў…

Ці будзеце вы выстаўляць пазовы да дзяржаўных медыяў, якія сказілі факты, зганілі добрае імя мужа?

Так, думаю, гэта трэба зрабіць абавязкова. Інакш як мне глядзець цяпер людзям у вочы? Для прыгожай карцінкі абгаварылі чалавека на ўсю краіну. Гэта зусім не па-чалавечы.

Нумар машыны, у якую пасадзілі Міхаіла

«Белсат» таксама паразмаўляў са сведкам падзеяў. Сусед Анатоль распавёў, што падʼехаў у двор у той момант, калі прадпрымальніка ўжо скруцілі і паклалі на зямлю, зафіксаваўшы яму рукі ззаду. «У двары было цёмна, я падʼязджаў з ўключанымі фарамі і спачатку ня зразумеў, што ўвогуле адбываецца. Нас было шмат суседзяў, хто бачыў, як скручваюць Міхаіла. Напачатку было зусім незразумела, хто там і што робіць. Было вельмі цёмна, і я магу дапусціць, вядома, што чалавек, які меў пры сабе грошы, мог прыняць гэта за рабаванне».

Супраць Міхаіла, на момант публікацыі, заведзеныя дзве крымінальныя справы, непадпарадкаванне і нанясенне цялесных пашкоджанняў пры затрыманні.

Рэдакцыя будзе сачыць за развіццём падзеяў.

Стужка навінаў