«Білет на той свет». Акцыя Моладзі БНФ ля Генштабу супраць дзедаўшчыны ў войску працягвалася некалькі секундаў


Фота ПЦ «Вясна»

Лідараў Моладзі БНФ Дзяніса Мандзіка і Ганну Смілевіч затрымалі ў цэнтры Менску, каля будынку Генштабу Узброеных сіл Беларусі.

Маладзены планавалі перформанс ў межах кампаніі «Білет на той свет», якую Моладзь БНФ распачала сёлета ў кастрычніку з мэтай прыцягнуць увагу грамадства да дзедаўшчыны і смерцяў у беларускім войску. Фактычна акцыя не распачалася, актывістаў затрымалі побач з будынкам Генштабу УС.

Паводле актывістаў, «неабходна паказаць людзям, што насамрэч адбываецца ў нашым войску, спыніць дзедаўшчыну». Таксама аўтары кампаніі настойваюць на неабходнасці ўвядзення службы на кантрактнай аснове.

«Колькі яшчэ павінна загінуць хлапцоў, пакуль людзі перастануць маўчаць?» – сказаў старшыня Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.

У адказ сайт Мінабароны апублікаваў артыкул, у якім палкоўнік Уладзімір Макараў у тым ліку крытыкуе асабіста Мандзіка. Ён сцвярджае, што «юнакі з Моладзі БНФ не хочуць стаць сапраўднымі мужчынамі», здзекліва называе іх «свядомымі«, спекулюе на тэме здароўя некаторых актывістаў.

***

Нагадаем, праблема гвалту ў войску набыла рэзананс пасля смерці Аляксандра Коржыча ў Печах мінулай восенню. Пачала з’яўляцца інфармацыя пра іншыя выпадкі гібелі жаўнераў.

Цягам году 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў апыталі на прадмет нестатутных дачыненняў падчас службы У 2018 годзе 28 асобаў былі асуджаныя паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах і перавышэнні паўнамоцтваў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары