Бібліятэкі Гарадзеншчыны адмовіліся ад Алексіевіч па-беларуску


Чытачы Гарадзенскай вобласці не змогуць пазнаёміцца з найноўшымі перакладамі нобэлеўскай лаўрэаткі ў бібліятэках: тыя адмовіліся ад бясплатных экзэмпляраў поўнага збору твораў «Галасоў утопіі» на беларускай мове.

Пра гэта распавёў старшыня праўлення Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка распавёў «Еўрарадыё».

«У Гарадзенскай вобласці ўвялі паняцце дастатковасці кніг і заявілі, што ў іх бібліятэках кніг дастаткова. Але ж гэта пераклады кніг Алексіевіч, якіх раней не было! А гэта значыць, што дастатковасць кніг Алексіевіч у Гарадзенскай вобласці – нуль?», – здзіўляецца банкір.

Абласная навуковая бібліятэка імя Карскага і цэнтральная гарадская бібліятэка імя Макаёнка пацвердзілі «Белсату», што апошніх перакладаў Алексіевіч у іх няма, прапанаваўшы перакладзеныя на беларускую мову ў 90-я гады «Чарнобыльскую малітву», «Цынкавых хлопчыкаў» і «У вайны не жаночае аблічча», а таксама пераклад «Час сэканд-хэнд» 2013 года.

У іншых абласных бібліятэках Беларусі «Белсат» таксама не знайшоў новага пяцітомніка.

У Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы «Белсату» распавялі, што «нават калі кнігу прынясуць і падараць ім сёння, у каталогу яна з’явіцца праз два або тры тыдні».

«Тэхнічнае апрацаванне кнігі і ўключэнне ў каталог можа заняць нават месяц», – дадалі ў бібліятэцы.

Прэзентацыя «Галасоў утопіі» па-беларуску адбылася ў Менску 25 чэрвеня. Грошы на выданне кнігі беларусы збіралі талакою праз краўдфандынг. Падчас кампаніі Белгазпрамбанк размясціў замову на друк дадатковага накладу у 3000 экзэмпляраў – для раздачы беларускім бібліятэкам. Віктар Бабарыка заклікае гарадзенскія бібліятэкі звяртацца па кнігі Алексіевіч ў абласное прадстаўніцтва банку ў прыватным парадку.

ДД

Стужка навінаў