Журналіст «Белсату» пераклаў раман, які намінаваны на прэстыжную ўзнагароду


automat_fb-1024x1024

15 кастрычніка ўва Вроцлаве літаратурнай прэміяй «Ангелус» узнагародзяць пісьменнікаў з Цэнтральнай Еўропы. Сярод сямі вылучаных сёлета твораў раман Уладзіміра Някляева «Аўтамат газіроўкай з сіропам і без» у перакладзе Якуба Берната, рэдактара польскай версіі нашага сайту.

biernat

Як у журналіста, які займаецца навінамі, зʼявілася ідэя для перакладу мастацкай літаратуры і, як трэба падыходзіць да перакладу кнігі былога палітвязня?

У сваёй працы я мноства часу прысвячаю перакладам, між іншага, з беларускай мовы, таму вырашыў паспрабаваць. Спачатку я хацеў перакласці кнігу «След матылька. Освальд у Менску» Аляксандра Лукашука – лаўрэата прэміі імя Ежы Гедройца. Я звярнуўся да саліднага выдавецтва, дырэктарка якога вельмі зацікавілася і папрасіла, каб я даслаў 20 старонак пробнага перакладу. Потым наступіла цішыня. Хіба нават не прачыталі.

Але калі ўжо ты распачаў ісці ў гэтым кірунку, то вырашыў давесці справу да канца?

Праца не знікла дарэмна. Я выйшаў на Яна Дамброўскага, шэфа Калегіум Усходняй Еўропы з Вроцлава, які займаецца перакладамі літаратуры Усходняй Еўропы. Даслаў ім тэставы варыянт, і яны неспадзявана прапанавалі мне перакласці кнігі Уладзіміра Някляева, таксама, дарэчы, лаўрэата прэміі Гедройца.

«Аўтамат з газіроўкай і без» – раман, аўтар якога – паэт. Апроч гэтага, выдавецтва піша ў анатацыі, што перакладчык тлумачыў з двух моваў – беларускай і расейскай. Гэта было, напэўна, вялікім выклікам?

Я ніколі не вывучаў філалогію, а беларускую вывучыў, працуючы на «Белсаце». Уладзімір Някляеў – сапраўды, паэт, і мае вельмі паэтычны стыль, які надзвычай цяжка перакласці ў той жа форме. Таму я вырашыў яго зрабіць больш простым, каб добра чыталася польскай аўдыторыі, не прызвычаенай да паэтычнай натуры аўтара.

Найгоршым было тое, што ў кнізе ёсць таксама паэзія аўтара, якую таксама трэба было перакладаць – тады я пытаў у Някляева наўпрост, што ён меў на ўвазе. На шчасце, я штодня працую з беларускамоўнымі беларусамі, і часта прасіў іх дапамагчы.

Сапраўдным шчасцем была таксама рэдактарка Магдалена Янкоўская, якая цудоўна выяўляла незразумелыя месцы і папраўляла іх. У перакладчыцкай працы важна ведаць гістарычны, геаграфічны і культурны кантэкст, які заключаецца ў кнізе, каб пазбегнуць прыкрых памылак.

Пазбегнуць іх табе дазволіла тое, што ты часам бываеш у Беларусі? Як для журналіста, а таксама для перакладчыка, выглядае сутыкненне «менскай аповесці» з менскай рэчаіснасцю?

Самае сумнае для перакладчыка з беларускай – тое, што ў Беларусі вельмі цяжка знайсці людзей, якія карыстаюцца ім на вуліцы.

Ты сказаў, што прасіў дапамагчы ў аўтара. Як выглядала гэтая супраца?

Раней я не ведаў Уладзіміра Някляева асабіста, таму вельмі ўсхваляваўся, калі ён прапанаваў мне сустрэцца асабіста, каб пазнаёміцца.

Падчас сустрэчы ён запытаўся, колькі я ўжо пераклаў. «Бо хацеў б зрабіць некалькіх заўвагаў, як трэба тлумачыць». Я сказаў, што амаль скончыў. А ён на гэта: «Ага, ну тады заўвагаў няма».

Пераклад, відаць, спадабаўся чытачам, бо я прачытаў некалькі рэцэнзіяў, дзе кніжку хвалілі, і гэта не былі людзі, якіх я ведаю (смяецца).

Застаецца толькі чакаць, што яго ацэніць журы… Нагадаю, што ўзнагарода за найлепшую кніжку, выдадзеную па-польску летась – статуэтка аўтарства Евы Розано і 150 тыс. злотых (каля $ 40 тыс.). Таксама 20 тыс. злотых (каля $ 5260) атрымоўвае перакладчык кнігі, якая перамагла.

Так, паралельна з літаратурным конкурсам журы будзе прысуджаць прэмію за найлепшы пераклад. Калі перамагае замежная кніжка, яе перакладчык аўтаматычна становіцца лаўрэатам. Калі польская – журы выбіраюць лаўрэата з усіх перакладчыкаў. Таму ёсць за што біцца.

А калі «Аўтамат з газіроўкай» выйграе?

Думаю, не варта дзяліць шкуру незабітага мядзведзя, але як выйграю, то напʼюся. Але я ўжо нават цяпер вельмі задаволены, бо мне падаецца, што мой пераклад прывёў да таго, што кніга патрапіла ў шорт-ліст.

Трымаем кулакі, каб было першае месца!

Размаўляў Цэзары Галіньскі


«Ангелус». Фінал. Шорт-ліст:

1. Мацей Хэн (Hen Maciej), «Сольфатара», выдавецтва «W.A.B.»

2. Ганна Янко (Janko Anna), «Маленькі халакост»,  выдавецтва «Literackie»
3. Уладзімір Някляеў,  «Аўтамат з газіроўкай і без», пераклад на польскую Якуб Бернат, выдавецтва «Kolegium Europy Wschodniej»
4. Крыстына Сабаляўскайтэ (Sabaliauskaité Kristina), «Silva rerum» , пераклад Ізабэла Карыбут-Дашкевіч, выдавецтва «Znak»
5. Альвыдас Шлепікас (Alvydas Šlepikas), «Мяне завуць Марытэ», пераклад Паўліны Цюцкай, выдавецтва «Kolegium Europy Wschodniej»
6. Крыстыян Тэадарэску (Teodorescu Cristian), «Медгідыя, горад на мяжы», пераклад Радаславы Яноўская, выдавецтва «Amaltea»
7. Варуян Васгаян (Vosganian Varujan), «Кніга шэптаў», пераклад Ёаны Корнась-Варвас, выдавецтва «Książkowe Klimaty»

Сёлетніх фіналістаў выбрала журы, у якое ўвайшлі Станістаў Бэрэсь, Пётр Кэмпіньскі, Рышард Крыніцкі, Томаш Любеньскі, Кшыштаф Маслонь, Міхал Ногась, Мікола Рабчук (старшыня), Юстына Сабалеўская і Міраслаў Спыхальскі.

Пераможцу абвесцяць на ўрачыстай цырымоніі, якая адбудзецца 15 кастрычніка у Музычным тэатры Капітоль ува Вроцлаве.

Літаратурная прэмія Цэнтральнай Еўропы «Ангелус» – узнагарода ў галіне прозы для пісьменнікаў з 21 краіны рэгіёну: Албаніі, Аўстрыі, Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіне, Венгрыі, Латвіі, Літве, Македоніі, Малдавіі, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сербіі, Славаччыне, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Эстоніі.

ЦГ, ДД

Стужка навінаў