Падчас канцэрту каля Тэатру оперы і балету было скрадзена некалькі дронаў, з дапамогай якіх медыі і прыватныя асобы вялі трансляцыю і запіс імпрэзы. Дзе знаходзяцца прылады – невядома.
Дрон, які павінен быў здымаць для нашага каналу, перахапілі адразу пасля таго, як яго паднялі ў паветра.
Паводле прадстаўніка «Белсату» у Беларусі Аляксея Мінчонка, наступствамі здарэння займаецца ўладальнік дрона, а не рэдакцыя (дроны арандуюцца разам з аператарам, які нясе адказнасць за прыладу). Міліцыя паведаміла, што трэба пісаць заяву аб крадзяжы ў Цэнтральны РУУС.
«Калі дрон не знойдзецца, будзем думаць, што рабіць далей», – сказаў Аляксей Мінчонак.
Антон Матолька, адзін з арганізатараў, паведаміў «Белсату», што дроны страцілі таксама партал TUT.BY і радыё «Свабода».
Ад дзеянняў зламыснікаў пацярпелі таксама некалькі прыватных асобаў.
Палёты дронаў у Беларусі не забароненыя. Ёсць адмысловая мапа, дзе пазначаныя аб’екты, над якімі дроны лётаць не могуць. Але Тэатр оперы і балета, а таксама пляцоўка над ім, у гэтую мапу не ўключаныя.
Перахапіць дроны можна з дапамогай адмысловай тэхнікі, якая збівае сігнал з зямлі і перадае яго іншаму аператару.
Беларускае канструктарскае бюро «Радар» распрацавала такія комплексы – «Навальніца-С» і «Навальніца-Р».
«Навальніца-Р» пабудаваная на базе мікрааўтобуса. Станцыя дазваляе назіраць за эфірам і выяўляць каналы радыёсувязі беспілотных авіяцыйных комплексаў. Аператары «Навальніцы-С» могуць умешвацца ў працу і цалкам пераймаць кантроль над ім.
Гэтыя сістэмы афіцыйна не стаяць на ўзбраенні беларускага войска, але, хутчэй за ўсё, іх мае КДБ і МУС.
Галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава ў размове з прэс-службай БАЖ выказала ўпэўненасць, што за ўгонам дронаў стаяць спецслужбы.
ДД