БХД у сёмы раз адмовілі ў рэгістрацыі


Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Адпаведны адказ з ведамства атрымала сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

На афіцыйным сайце партыі адзначаецца, што сярод падставаў для адмовы ў рэгістрацыі – адсутнасць хатніх ці працоўных нумароў у некалькіх заснавальнікаў. Апроч таго, улады палічылі прычынай для адмовы памылкі ў датах нараджэння двух заснавальнікаў. Таксама ў Мінюста ўзніклі пытанні адносна памяшкання, якое было прадастаўленае ў якасці юрыдычнага адрасу.

«На мой погляд гэтыя ўсё памылкі носяць юрыдычны характар і маглі быць выпраўленыя ў Міністэрстве юстыцыі, калі б яны гэтага захацелі. Зразумела, што гэта палітычнае рашэнне, яно не прымаецца Мінюстам. Мы будзем працягваць сваю дзейнасць і будзем абскарджваць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе», паведаміла belsat.eu сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Вольга кажа, што гэта не самыя абсурдныя прычыны адмовы ў рэгістрацыі. Маладым хрысціянскім дэмакратам адмаўлялі па прычыне, што слова «хрысціянскі» было напісана з вялікай літары.

Гэта не першы выпадак, калі Мінюст адмаўляе ў рэгістрацыі партыі або арганізацыі з палітычных прычынаў.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў