«Безыменныя людзі». Беларуска зняла мастацкі фільм пра бесхацінцаў


Фатографка і рэжысёрка з Менску Ціма Цімашкова з актывістамі кампаніі «Ежа замест бомбаў» хадзіла карміць бяздомнікаў, рабіла фотапраект пра новыя стрыжкі для іх. А цяпер за свае грошы зняла пра бесхацінцаў фільм.

Ідэя зняць кароткаметражнае кіно ўзнікла, калі Ціма Цімашкова гэтай зімой у межах праграмы абмену знаходзілася ў Берліне, дзе вучылася здымаць сацыяльныя кароткаметражкі.

Падчас здымак фільму.
Фота: facebook.com/liza.timashkova

«Там вельмі шмат бесхацінцаў. Яны паўсюль ляжаць на вуліцах. Проста ў спальных мяхах спяць. Калі ў нас пачалася навучальная праграма і абмяркоўваліся сацыяльныя тэмы, усе пачалі казаць пра дыскрымінацыю ЛГБТ, жанчын, хатні гвалт – усякае такое. І мне падалося дзіўным, што ёсць вялікая праблема бяздомнасці, і пра яе ніхто не кажа. Усе кажуць толькі пра тое, пра што кажуць іншыя», – распавяла Ціма Цімашкова карэспандэнту «Белсату».

Каб бліжэй пазнаёміцца з праблемай, аўтарка фільму падчас напісання сцэнару ўдзельнічала ў акцыях «Ежа замест бомбаў», калі грамадскія актывісты кормяць бесхацінцаў.

Адзін з актораў фільму.
Фота: facebook.com/liza.timashkova

Галоўную ролю ў фільме выканаў калега Цімы Цімашковай – таксама фатограф. У другой галоўнай ролі зняўся прафесійны актор, які адгукнуўся праз абвестку ў сацыяльнай сетцы.

Зараз фільм яшчэ мантуецца. У планах аўтаркі зладзіць два яго паказы ў Менску. Адзін паказ мае прайсці ў якой-небудзь публічнай прасторы, а другі запланаваны падчас сацыяльнага фэсту для бесхацінцаў, дзе будуць бясплатны кірмаш, раздача вопраткі і ежы. У якасці забаўляльнай праграмы арганізатары мяркуюць паказаць фільм.

Здымачная група.
Фота: facebook.com/liza.timashkova

Суразмоўца таксама збіраецца даслаць фільм на разнастайныя кінафестывалі. Апроч таго, кінастужка з’явіцца і ў «Youtube».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў