Пакуль Юрый Чыж за кратамі, на ягонай радзіме – заняпад


Лядовы палац без ільда – і не лядовы, і не палац. У Бярозе, што ў Берасцейскай вобласці, лядовая арэна не мае грошай, каб заліць лёд і аплочваць электрычнасць. Палац зачынены амаль усё лета, бо вінен энергетыкам паўмільярда недэнамінаваных рублёў.

«Кепска, што зачынілі. Пабудавалі такі прыгожы будынак, а цяпер ён пустуе. Дзеці бегаюць па школьным стадыёне, а трэба, каб у хакей гулялі», – мяркуе жыхар Бярозы.

«У нас і так у горадзе амаль нічога такога няма. А так быў Лядовы палац, людзям хоць было чым займацца», – дадае мінак.

Калі да 1-га верасня з пазыкаю не разбяруцца, паспяховая бярозаўская хакейная каманда юніёраў прапусціць гэты сезон. А Лядовы палац будзе стаяць пусты.

«Ён увогуле не наш. Я вам нічога пра яго не скажу, ніякай інфармацыі. Ён нават не ў нашым падпарадкаванні, разумееце? Сёння не ў кампетэнцыі аддзелу адукацыі вырашаць гэтае пытанне. І сёння мы проста чакаем, якія захады будуць зробленыя, і мы хуценька аформім. Калі скажуць нам яго на наш баланс узяць – мы яго возьмем», – тлумачыць Таццяна Брэнько, кіраўніца аддзелу адукацыі ды спорту Бярозаўскага райвыканкаму.

«Чыж хацеў стварыць гістарычны ландшафт, у якім жылі шмат гадоў беларусы»

І Лядовы палац, і мясцовы футбольны клуб «Бяроза-2010», які зачынілі гэтай зімой, былі на балансе групы кампаніяў «Трайпл», што належыць алігарху Юрыю Чыжу. А Чыжа ды іншых кіраўнікоў «Трайплу» у сакавіку арыштавала КДБ паводле абвінавачання ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. Чыж нібыта выводзіў капіталы ў Расею і перад затрыманнем спрабаваў з’ехаць з краіны.

Група кампаніяў «Трайпл», што належыць Чыжу, мае актывы ў розных сферах бізнесу: нафтахімія, будаўніцтва, імпарт алкаголю, вытворчасць вады і напояў, гатэлі ды рэстарацыі. Але на пачатку года Юрый Чыж пачаў пазбаўляцца ад стратнай часткі актываў. Штосьці прадалі, а штосьці проста стаіць у заняпадзе. Напрыклад, этнаграфічны комплекс «Наш родны кут Сабалі» пад Бярозай, непадалёк ад «алімпійскай» трасы М1. У Сабалях жыла калісьці і сям’я Чыжоў.

«Адзін з іх – Юра – якраз захацеў стварыць нешта такое, што дапамагло б яго землякам існаваць, па-першае, а па-другое, хацеў нешта кшталту комплексу ў Дудутках, стварыць той гістарычны ландшафт, у якім жылі-існавалі шмат гадоў беларусы», – распавядае Валянцін Лазарэнкаў, кандыдат у дэпутаты.

Можа быць, калі-небудзь тут будзе штосьці…

Комплекс з гатэлем, фермай і рэстаранам планавалі адчыніць сёлета. Але выглядае, што нічога не будзе. Драўляныя будынкі не дабудаваныя, праз дахі ліецца дождж. Не працуе і аўтазапраўка «Трайпл».

«У вёсачцы нашай мала людзей, ужо аджывае. Ну, спадзяемся, што як зробяць, то і будзе тут штосьці», – кажа спадарыня Ганна, жыхарка вёскі Сабалі.

А гэта ўжо залежыць ад таго, што будзе з Юрыем Чыжом і каму пяройдзе ягоная маёмасць. Алігарх дзясяткі гадоў супрацоўнічаў з Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі сілавікамі, браў удзел у шэрых схемах, за гэта трапляў пад еўрапейскія санкцыі. А цяпер афіцыйна сам сядзіць у ізалятары КДБ.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў