«Без сцягоў і лозунгаў». Статкевіч збіраецца ўшанаваць памяць расстраляных паэтаў ля будынку КДБ


Апазіцыйны палітык запрашае ў нядзелю 29 кастрычніка ўшанаваць памяць расстраляных паэтаў.

Пра гэта Мікола Статкевіч напісаў у сваім «Фэйсбуку»:

«80 гадоў таму – ноччу 29 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКВД у Менску былі расстраляныя больш за 130 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, публіцыстаў. Тых, хто складае душу нацыі, без каго яна ператвараецца ў біялагічны матэрыял. «Ноч расстраляных паэтаў» стала сімвалам сталінскіх рэпрэсіяў, падчас якіх былі рэпрэсаваныя шмат соцень тысяч беларусаў.

Заклікаю ўсіх, хто памятае і разумее, узяць удзел у традыцыйным «Ланцугу памяці» каля таго месца, дзе адбылося масавае забойства беларускай культурнай эліты.

Калі мы адкрыта і публічна не асуджаем ранейшыя ці сённяшнія злачынствы ўлады, то фактычна прымаем іх.

Пачатак «Ланцуга памяці» – у нядзелю 29 кастрычніка ў 19.00 каля будынку КДБ на праспекце Незалежнасці ў Менску.

Не трэба сцягоў і лозунгаў. Бо забітыя хадзілі пад рознымі сцягамі, натхняліся рознымі лозунгамі. Вазьміце толькі свечкі ці лампады. Мы прыйдзем, каб успомніць пра нашых забітых каля месца іх забойства, каб нашчадкі катаў ведалі, што нічога не будзе забытае. Каб трагедыя 1937-га года больш ніколі не магла паўтарыцца на нашай зямлі.

Жыве Беларусь!»

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў