Без сцягоў, без лозунгаў. У цэнтрах беларускіх гарадоў збіраюцца людзі


26 сакавіка ў беларускіх гарадах меліся прайсці акцыі пратэсту супраць Дэкрэту № 3. Сёння людзі збіраюцца, каб выказаць падтрыманне з затрыманымі падчас жорсткага разгону мірнага шэсця ў Менску.

Бабруйск

12:25 На мітынгу ў Бабруйску міліцыя затрымала журналістаў «Белсату» Віктара Масаловіча і Андрэя Шобіна, а таксама галоўнага рэдактара «Бабруйскага кур’ера» Анатоля Санаценку.

Плошча Перамогі ў Бабруйску была ачэпленая з усіх бакоў АМАПам. 
АМАП затрымаў старшыню Свабоднага прафсаюза беларускага Міхаіла Кавалькова, а таксама актывістаў Максіма Буйніцкага, Эдуарда Грынявецкага і іншых. Усе знаходзяцца ў гарадскім УУС.
Мітынгу як такога не было: людзей было мала, не было ніякіх лозунгаў або плакатаў.Берасце

13:15 Цэнтр гораду перакрыты міліцыяй. Журналіста Алесь Ляўчук падае, што заўважная вялікая колькасць міліцыянтаў і «ціхароў», прыехала кіраўніцтва берасцейскай міліцыі. У цэнтры ў людзей правяраюць дакументы. Без дакументаў немагчыма трапіць у шпіталь і касцёл.

Карэспандэнт перадае, што да сёння ў ізалятары часовага ўтрымання знаходзіцца актыўная жыхарка Берасця Паліна Шарэнда. Учора ў яе сына быў дзень нараджэння, спадарыня Паліна выйшла купіць торт, і яе затрымалі. Міліцыянты ведаюць, што спадарыня Паліна мае груднога дзіця, але трымаюць яе ўжо больш за суткі. На актывістку склалі пратакол паводле артыкулу 17.1 (дробнае хуліганства).

Бяроза

Каля 20 мясцовых жыхароў выйшлі на плошчу Леніна ў Бярозе на Берасцейшчыне. Людзі стаялі і размаўлялі, не трымаючы плакатаў і не выкрыкваючы лозунгаў, аднак міліцыянты затрымалі чатырох чалавек.

Горадня

13:00 У парку Жылібера сабраліся 30 чалавек. Іх здымалі на камеру 10 міліцыянтаў.

 

Акцыя цягнулася 45 хвілінаў. За ёй здалёк назіраў старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой.

Мечыслаў Гой разам з намеснікамі кружыць вакол месца збору людзей. На ўдзельнікаў акцыі ён так і не падышоў.

Магілёў

12:43 У цэнтры Магілёва сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі стаяць моўчкі.

Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на месцы збору папярэдніх акцыяў пратэсту супраць Дэкрэту № 3. 26 сакавіка 2017 г.

Менск

12:30 У Менску на Кастрычніцкай плошчы сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, якіх АМАП імгненна выцесніў. На гэтую хвіліну вядома аб 24 затрыманых.

Стужка навінаў