Ці зразумее грамадства ў новай рэчаіснасці праблемы людзей з інваліднасцю?


У сувязі з каронавірусам медыі размяшчаюць парады псіхолагаў, як не зварʼяцець падчас каранціну. Для многіх ізаляцыя стала выпрабаваннем і новай рэчаіснасцю. Але ёсць катэгорыя людзей, якія ўвесь час застаюцца ў «каранціне». Напрыклад, вазочнікі. Суразмоўцы «Белсату» – людзі з фізічнымі абмежаваннямі. Яны распавялі, якім чынам перажываюць ізаляцыю, і прапаноўваюць, як бавіць час.

Праз каранцін і забарону пакідаць сваё жытло многія людзі ў шматлікіх краінах апынуліся ў новай рэчаіснасці. І гэтая ж новая рэчаіснасць датычыцца ўсіх, без абмежаванняў, лічыць вазочніца з Гарадзеншчыны Даша Ліс.

Даша Ліс.
Фота: Facebook

«Я працую фрылансэрам. І працуючы з дому я не лічу, што знаходжуся ў каранціне. Тым не менш, цяпер зусім іншая сітуацыя. Яна новая і для мяне. Я не запрашаю да сябе гасцей. Паводле свайго асноўнага захворвання, я знаходжуся ў групе рызыкі, безумоўна, не хочацца захварэць, не хочацца, каб бацькі хварэлі. Таму лічу, што не магу дазволіць сабе сёння запрасіць гасцей. У мяне вельмі цёплыя адносіны з пляменніцамі. І цяпер вакацыі ў школе, але паводле некаторых звестак дзеці лёгка пераносяць каронавірус, пры гэтым могуць заразіць дарослых. І гэта дадатковы стрэс, бо думаеш, з кім можаш сустракацца, а з кім не варта. Гэта насамрэч цяжка», – распавяла «Белсату» Дарʼя Ліс.

Паводле словаў Дашы, гэта бадай адзінае, што сёння істотна змянілася ў яе жыцці. Дзяўчыне дапамагаюць бацькі. Разлічваюць на чыюсьці дапамогу, тым больш у рэгіёне, не выпадае.

«Я чытала пра прапановы дапамогі. Быццам валанцёры прывозяць лекі і набываюць прадукты ў краме, але гэта больш датычыцца менчукоў. Справа ў тым, што я жыву ў вёсцы. Тут не так страшна з эпідэміяй і каранцінам. Мы пакуль можам пайсці ў вясковую краму і набыць сабе прадукты. Ніхто тут дапамогу не прапаноўваў, але яна мне і не патрэбная. Іншая справа, што ёсць шмат людзей, якія патрабуюць такую дапамогу», – кажа Даша.

Стаўленне да вазочнікаў у Беларусі змяняецца вельмі павольна

Іншая справа, што ў паўсядзённым жыцці людзі з інваліднасцю сутыкаюцца з перашкодамі, якія не дазваляюць ім весці паўнавартаснае жыццё і паўнавартасна працаваць.

«Я б з вялікім задавальненнем у сваім працоўным графіку рабіла б такія дні, падчас якіх выбіралася б у рэдакцыю. Але я не магу. У мяне аўтобусны прыпынак каля дому, але на сваім электравазку я не магу заехаць у аўтобус, бо ён проста не прыстасаваны для гэтага. Нават калі ён нізкапольны, ён не дастаткова шчыльна падʼязджае да прыпынку. Гэта праблема. Я б хацела працаваць хоць раз на тыдзень, выходзіць у людзі, так скажам, але гэта немагчыма. Я ведаю шмат асобаў, якія ў падобнай сітуацыі. Гэтак, напрыклад, юрысты, бухгалтары, вазочнікі, якія ўвогуле не могуць знайсці працу. Я ведаю жанчыну з Горадні, якая мае праблемы са здароўем. Яна добры юрыст, але не можа знайсці працу. У мяне гэта ў галаве не ўкладваецца, чаму так», – задаецца пытаннем Дарʼя Ліс.

Hавiны
У вакацыі настаўнікі будуць «выседжваць гадзіны» замест таго, каб пайсці на каранцін
2020.03.27 10:33

Агулам стаўленне да праблемаў вазочнікаў у нашай краіне з году ў год змяняецца вельмі павольна, лічыць Віктар Міхальчанкаў з Віцебшчыны.

«Дзе-нідзе зʼяўляцца пачалі пандусы. Але гэта толькі кропля ў моры. Таму самаізаляцыя для вазочнікаў у нас была і застаецца. Той жа транспарт – надалей недасяжны, хаця і звяртаю ўвагу, што пачалі зʼяўляцца адмысловыя аўтобусы. Але гэта характэрна для вялікіх гарадоў. У малых мясцовасцях часам нават для здаровага чалавека шмат праблемаў. Што да ізаляцыі, то я сяджу дома з кастрычніка і да траўня нават. Мне праз захворванне нельга прастуджвацца. І гэта без усялякіх каранцінаў і кожны год такі расклад. Таму для мяне пэўнай стрэсавай сітуацыі няма. Можна сказаць, што прывык да такога каранціну», – распавядае Віктар Міхальчанкаў.

Віктар Міхальчанкаў.
Фота: Facebook

Хто перажыў, той зразумее?

Як гэта – тыднямі не выходзіць з дому, мець невялікае кола знаёмых, думаць пра тое, як зрабіць закупы на тыдзень наперад… Ці адчуўшы на сабе мінусы самаізаляцыі сучаснае грамадства наблізіцца да разумення праблемаў людзей з інваліднасцю?

«Я не думаю, што нешта зменіцца. Не зробіцца лепей, але не будзе і горш. Сёння ў ізаляцыі, але заўтра, як скончыцца гэтая пандэмія, людзі проста забудуць пра часовыя нязручнасці», – лічыць Мікалай Пясецкі, вазочнік з Берасцейшчыны.

Мікалай Пясецкі.
Фота: ok.ru

Падобнага меркавання прытрымліваецца і Віктар Міхальчанкаў. «Нічога не зменіцца. Як толькі адменяць каранцін, людзі забудуцца пра гэта. Цяпер жа грамадства сканцэнтраванае на сваіх нязручнасцях, але ніхто не задумваецца і не прымярае на сябе тое, як жа жывуць людзі з інваліднасцю. Пра вазочнікаў дакладна, што думаюць у апошнюю чаргу. Большасць людзей проста вернецца да свайго звычайнага жыцця, калі памяняецца сітуацыя. Забудуць пра каранцін і абмежаванні», – выказаў сваю думку Віктар Міхальчанкаў.

Віктар Міхальчанкаў.
Фота: Facebook

Парады, чым заняцца падчас каранціну

У сваю чаргу вазочнікі гатовыя дапамагчы натхніць нас, якія аказаліся ў нетыповых варунках, каб мы разнастайвалі свой час.

«Найбольш складана пераносіць зіму. Амаль увесь час знаходжуся ў доме. Але я не лічу, што я ізаляваны. Галоўнае – гэта знайсці занятак, прыдумаць нешта, каб не сядзець без справы. Але тут няма ўніверсальнай парады, як правесці гэты час. Я асабіста лічу, калі ёсць жаданне, то можна і знайсці занятак», – «Белсату» Мікалай Пясецкі.

«Я думаю, што цяпер няма праблемаў з тым, каб нечым сябе заняць падчас самаізаляцыі ці каранціну. Нехта гуляе ў кампутарныя гульні, нехта працуе. Цяпер тэхналогіі дазваляюць працаваць з дому. Дзякуючы інтэрнэту можна камунікаваць з людзьмі, гэта ж не тое, што было гадоў 20 таму, калі чыталі толькі кніжкі. Цяпер нават займацца адукацыяй можна не выходзячы з дому», – кажа Віктар Міхальчанкаў.

Hавiны
«Каранцін – магчымасць разабрацца ў сабе». Парады псіхолагаў на час самаізаляцыі
2020.03.25 12:59

belsat.eu

Стужка навінаў