Без малака, без бульбы, без інтэграцыі


У Дзень яднання беларускага і расейскага народаў – больш сімвалічнай даты абраць было немагчыма – «Рассельгаснагляд» замахнуўся на сімвал беларускай сельскай прадукцыі – бульбу.

Масква мае прэтэнзіі не толькі да беларускай малочнай і мясной прадукцыі, але і да нашай бульбы. Чыноўнікі розных калібраў з абедзвюх краінаў раяць беларускім вытворцам шукаць іншых рынкаў. Казаць пра нейкую супольную дзяржаву ў такіх рэаліях – цяжка, але адкідаць забыты праект ніхто не спяшаецца.

У гадавіну падпісання дамовы аб двухбаковай інтэграцыі «Рассельгаснагляд» злавіў у Пскоўскай вобласці партыю беларускай бульбы, якая аказалася егіпецкай і не адпавядала санітарным нормам. У Маскве сітуацыю і з бульбай і з малаком успрымаюць сур’ёзна.

«У Расеі гэта ўспрымаецца як тое, што Беларусь вядзе ў Расеі біялагічную вайну. Рэальна біялагічную вайну. Яна знішчае нашую эканоміку, бо завозячы такое вось нізкаякаснае малако, яна падрывае нашую малочную вытворчасць, то бок пакідае сабе расейскі рынак і прадстаўляе расейскі рынак вытворцам з Еўразвязу», – кажа расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў .

«Шукайце іншыя рынкі»

Міністр сельскай гаспадаркі Расеі параіў беларускім вытворцам малочнай прадукцыі шукаць іншых рынкаў. Маўляў, праз гадоў пяць-сем Расея сама забяспечыць свае малочныя патрэбы. Сёння дэфіцыт на мясцовым рынку складае каля 25 % – 9 мільёнаў тон, і паводле міністра, ува ўсім вінаваты імпарт малака з Беларусі – трохі менш за 1 мільён тонаў на год, якія штучна заніжаюць экспартныя кошты і парушаюць санітарныя нормы. Са сваёй парадай міністр спазніўся.

«Што да экспарту, шукайце іншых рынкаў. Калі Расея нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж – сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца. Калі яны ні за што ні пра што вырашылі нас нахіляць, ну то што ж – будзем шукаць свайго шчасця ў іншым месцы», – адказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Забараняць трэба кагосьці іншага»

Натуральна, на беларускіх вуліцах шукаць прыхільнікаў расейскіх харчоў – занятак марны. Таму мы далі голас жыхарам Смаленшчыны, якім прасцей за іншых расейцаў пакаштаваць беларускіх прадуктаў. Што яны думаюць пра магчымую малочна-бульбяную блакаду?

– А я буду ў Беларусь ездзіць па іх.

– Часта ездзіце?

– Так

– А што возіце?

– Масла, сыр, тушонку.

– Выдатна, так. Купляем малочнае, масла добрае «Брэст-Літоўскае». Яшчэ нейкія малочныя прадукты.

– У прынцыпе, мне падабаюцца беларускія прадукты, у тым ліку і малочка. Увогуле кажуць, што якасць людзям падабаецца.

– Шчыра кажучы, мяне не цешаць такія забароны. Забараняць трэба кагосьці іншага, асабліва ў нашых умовах. Беларускія прадукты мы ведаем, мы іх купляем, і нічога дрэннага мы ў іх не бачым. Так што я спадзяюся, што забароны будуць знятыя, і інтэграцыя і сяброўства будуць узмацняцца.

Інтэграцыйны праект праваліўся

Масква абураная тым, што нягледзячы на ўсе абяцанні Менск працягвае экспартаваць ім санкцыйную прадукцыю, выдаючы на яе свае дзяржаўныя сертыфікаты. А ў Менску нагадваюць, што ўводзіць санкцыі ўва ўмовах Мытнага саюзу і Еўразійскай эканамічнай прасторы без кансультацыяў з іншымі ўдзельнікамі інтэграцыі – проста несумленна. У Расеі канстатуюць – інтэграцыйны праект праваліўся.

«У нас не зʼявілася ні адзінага сцяга, ні грамадзянства, не зʼявілася адзінага прэзідэнта, няма адзінага парламенту. Цяпер гэта проста перамоўная пляцоўка, дзе Беларусь звычайна ставіць умовы аб далейшым забеспячэнні энерганосьбітамі, крэдытамі і долі на расейскім рынку», – мяркуепалітолаг Андрэй Суздальцаў.

То бок, калі б інтэграцыя ішла паводле першапачатковага плану, адзіным, каму б яна пайшла на карысць, быў бы Аляксандр Лукашэнка, які спадзяваўся на расейскі трон. Самой нашай краіны ўжо проста не існавала б. Калі ж шанцы на крамлёўскае панаванне ў Лукашэнкі зніклі, Менск перадумаў.

«Кіраўніцтва Беларусі згадвае толькі адну тэзу – пра роўныя ўмовы гаспадарання. Калі зноў рубам паўстае пытанне, каб таннейшы газ далі, ці таннейшую нафту, то тады пачынаюць трэсці гэтай саюзнай дамовай», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Як падлічылі расейскія адмыслоўцы, Менск за апошнія 20 гадоў атрымаў у рознай форме дапамогі на 100 мільярдаў долараў. Перадусім гаворка ідзе пра бязмытны экспарт нафты, якую Беларусь пазней перапрадае Еўропе ў выглядзе нафтапрадуктаў, і пра прэферэнцыйныя кошты на газ. Праўда, калі ў 2000-я такое падтрыманне складала каля 1/5 усяго беларускага ВУП, то летась гэта было трохі менш за 4,5 %. У Крамля цяпер іншыя прыярытэты.

«Цяпер Пуцін нават у сваім пасланні Федэральнаму сходу ні словам ні абмовіўся ні пра Саюзную дзяржаву, ні пра Еўразійскі саюз. Ён цяпер апанаваны ідэяй, што вось гэтым «амерыкосам» трэба паказаць вялікі кулак, і рэсурсаў няма на тое, каб падкормліваць партнёраў, а іначай ніякія гэтыя духоўныя скрэпы іх не цікавяць», – лічыць Класкоўскі.

Паказваючы кулак Захаду, Пуцін не менш пужае і сваіх суседзяў. Дый у Менску неаднаразова казалі аб непрыхільнасці да пашырэння гэтак званага «русского міра». Праўда, расейскі адмысловец адмахваецца ад самой магчымасці пагрозы для Беларусі

«Каб Расея кагосьці акупавала, гэта яшчэ трэба заслужыць. Заслужыць гэта трэба. Мы не сталі акупаваць Грузію ў 2008 годзе, праблемы не было – проста давялося б яе карміць і забяспечваць. Вельмі хочацца камусьці быць ахвярай», – лічыць палітолаг Андрэй Суздальцаў.

То бок Паўднёвая Асеція, Абхазія, Крым і частка Данбасу гэта заслужылі? А магчыма, гэта толькі тое, што Расея здатная пракарміць?

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінай Коўшык:

Таксама ў праграме:

Стужка навінаў