Без агратрэшу, але сумна. Рэпартаж з «Галоўнай ялінкі» Беларусі


Без агратрэшу, але сумна. Глядзіце, як прайшла «Галоўная ялінка» Беларусі:https://naviny.belsat.eu/news/bez-agratreshu-ale-sumna-repartazh-z-galounaj-yalinki-belarusi/

Opublikowany przez Белсат TV Sobota, 29 grudnia 2018

Што вы ўяўляеце, калі чуеце слова «агратрэш»? Хіба «жывыя вазы» з людзей, расейскую папсу ў калонках і ўпрыгожаныя гірляндамі або кветкамі трактары? Гэткімі атрыбутамі звычайна суправаджаюцца народныя гулянні ў Беларусі. Дык вось, на навагоднім канцэрце ў Палацы Рэспублікі ўсяго гэтага не было. Карэспандэнт belsat.eu наведала навагоднюю імпрэзу і расказвае, ці варта туды ісці ўсёй сям’ёй.

Ялінка на Кастрычніцкай плошчы Менску выглядае штогод больш густоўна. Сёлета яна ўпрыгожаная светладыёднымі лямпачкамі (як Нацыянальная бібліятэка, але ў 4 разы шчыльней) – дзякуючы ім святочныя карцінкі, якія праектуюцца на ялінку, атрымаліся якаснымі і яскравымі.

Ялінка на Кастрычніцкай плошчы Менску выглядае штогод больш густоўна. Фота belsat.eu

Сем’яў тут вельмі шмат. Прыводзяць дзетак і вялікімі групамі з дзіцячых дамоў – для іх квіткі бясплатныя. У касе квіток каштуе 13 рублёў за асобу. На думку некаторых бацькоў, гэта даволі высокі кошт за шоў, якое паказвае Палац Рэспублікі. Уваход у будынак, натуральна, праз металашукальнік. Ахова даглядае торбу кожнага дарослага наведніка.

Перад канцэртам, у фае, аніматары весяляць маленькіх гледачоў. Фота belsat.eu

Перад канцэртам, у фае, аніматары весяляць маленькіх гледачоў. Прапануецца ўсім разам паўтараць простыя рухі пад даволі дзіўную песню са словамі «тыц-тыц вентылятар, тыц-тыц калькулятар». У гардэробе – цісканіна, на падлозе – канфеці і абгорткі ад цукерак.

«Галоўная ялінка» Беларусі. Фота belsat.eu

Дэкарацыі на сцэне сціплыя: некалькі плоскіх домікаў з падсветкай, лесвіца пасярэдзіне, па якой падчас шоў спускаюцца акторы і тры экраны з анімаванымі застаўкамі. 27 снежня, калі свята адкрываў сваёй прамовай Лукашэнка, тут сабраліся больш за 2 тысячы дзяцей. Сёння іх было трошкі меней, але зала ўсё адно амаль цалкам запоўнілася гледачамі.

Зала цалкам запоўнілася гледачамі. Фота belsat.eu

Канцэрт называецца «Формула дабра», паводле аўтараў – гэта музычная казка. Сюжэт просты: у дзяўчынкі Алены хварэе мама, а пад вакном шпіталю – сухая пустэча. Дзяўчынка марыць, каб мама адужала і на месцы пустэчы зімой заквітнеў сад. Дзеля гэтага гераіня мусіць адгадаць формулу дабра. Ёй на дапамогу прыходзяць музычныя ноты: кожная нота увасабляе нейкую важную рысу характару, з якой і павінна скласціся формула. Станоўчым героям перашкаджаюць монстр Бархан (ён выступае супраць саду) і Хвароба (насылае нямогласць на добрых персанажаў). Нарэшце Алена і яе сябры перамагаюць і адгадваюць формулу з сямі складнікаў: адвага, рашучасць, літасць, фантазія, трываласць, лёгкасць і сіла. Набор для дарослага чалавека неадназначны: рашучасць у пары з фантазіяй часам могуць нарабіць бяды.

Сюжэт казкі банальны і стары. Фота belsat.eu

Дзед Мароз зʼяўляецца на сцэне двойчы: вітае гледачоў на пачатку імпрэзы і агучвае мараль гісторыі напрыканцы. Шчыра кажучы, ягоная функцыя не да канца зразумелая: усё тое ж самае магла сказаць, напрыклад, Алена.

Касцюмы ў артыстаў прыгожыя, без празмернага бляску і пер’я, маляўнічыя, але не аляпістыя. Фігура монстра з папʼе-машэ выкананая якасна – наймалодшыя дзеткі ўражаныя, ажно пішчаць. Праблема ёсць з музыкай: яна робіцца дынамічнай толькі падчас выступу кепскіх персанажаў. Большая частка дзеяння адбываецца або пад павольныя гукі скрыпачкі, або пад зусім ужо папсовы «туц-туц». Ад такога акампанементу дзяцей цягне на сон. Прынамсі, дзяўчо гадоў пяці побач з намі заснула на руках у таты. Песні гучаць, у асноўным, у фанаграмным запісе, затое вершы акторы прагаворваюць ужывую. Раней у каментарах на afisha.tut.by некалькі бацькоў паскардзіліся, што гук у калонках быў занадта моцны – цяпер яго прыцішылі. Агулам жа музычнае аздабленне – самае слабае месца спектаклю.

Перад канцэртам, у фае, аніматары весяляць маленькіх гледачоў. Прапануецца ўсім разам паўтараць простыя рухі пад даволі дзіўную песню са словамі «тыц-тыц вентылятар, тыц-тыц калькулятар». Галоўная ялінка краіны. Фота belsat.eu

Ніякіх «ідэалагічных» момантаў у імпрэзе мы, на шчасце, не заўважылі. Непрыемна ўразіла, што пасля спектаклю, калі ўсе пачалі разыходзіцца, працаўнікі Палацу Рэспублікі не дазвалялі дзецям падняцца на сцэну, каб сфатаграфавацца. На нашых вачах ахоўнік з суворым выглядам твару завярнуў назад хлопчыка, які радасна ўзбіраўся па ступеньках на падмосткі. Незразумела, чаму пад кантролем бацькоў малым не дазволілі зрабіць кадр ля краю сцэны, не кранаючы дэкарацыі. І ўсё-ткі, нягледзячы на гэта, наведнікі канцэрту выглядалі шчаслівымі. Адразу некалькі семʼяў распавялі нам: уражанне станоўчае, спектакль спадабаўся, грошай не шкада.

Пасля спектаклю працаўнікі Палацу Рэспублікі не дазвалялі дзецям падняцца на сцэну. Фота belsat.eu

Мэсідж спектаклю банальны і стары: рабі дабро – будзеш шчаслівы. Для аматараў арыгінальных, нестандартных сюжэтаў – не найлепшы выбар. Як і для гледачоў, якія выраслі з дашкольнага ўзросту – 7-12-гадовым дзеткам будзе проста сумна.

Адразу некалькі сем’яў распавялі нам: уражанне станоўчае, спектакль спадабаўся, грошай не шкада. Фота belsat.eu

Такім чынам, варта схадзіць на «Галоўную ялінку краіны», калі: вы і вашыя дзеці раней не былі на навагоднім спектаклі; у вас не павышаныя патрабаванні да якасці музычнага суправаджэння; вашаму дзіцяці не болей за 4-5 гадоў. Шоў будуць паказваць у Палацы Рэспублікі да 6 студзеня ўключна.

Кацярына Андрэева, фота belsat.eu

Стужка навінаў